водгук

Слова ў абарону чытача

Ужо доўгі час назіраю‚ як людзі‚ што маюць літаратурныя здольнасьці і доступ да нашых газэтаў ці вэб-бачынак, ганьбяць беларускіх чытачоў. Што толькі ні ўводзіцца нам у віну: ад нацыянальнай несьвядомасьці да здрады нашай культуры. Я б і далей трымаў рот пад замком‚ калі б не маленькая заўвага аднаго вельмі паважанага Адраджэнца‚ які напісаў‚ што ў нас “няма каму чытаць”‚ ды не артыкул Лявона Юрэвіча ў “НН”‚ дзе ён пагаджаецца з высновамі шаноўнага Адраджэнца.

Ня буду пераказваць усяго Лявонавага артыкулу. Спынюся толькі на моманце‚ дзе ён дзеліцца ўражаньнямі кніганош: “...на Соймах БНФ любога крыла-фракцыі да сьвежанькіх‚ толькі з друкарні кнігаў падышоў толькі дзясятак-другі зь некалькіх соцень дэпутатаў. А набылі штось яшчэ меней”. Прачытаўшы гэткую фразу‚ адразу ўспомніў сябе‚ бо на кожнай беларускай імпрэзе ногі самі сабой нясуць да сталоў, дзе кнігі раскладзеныя на продаж. А потым нясуць ад сталоў. Бо не знайшоў я там таго, што мяне цікавіць‚ таго, што хацеў прачытаць.

Чаму чытаць нецікавыя яму кнігі зьяўляецца абавязкам нацыянальна-сьведамага беларуса? Пытаньне гэтае й дасюль застаецца без адказу. Ды ці хтосьці можа сумленна адказаць на яго?

Дык мо давайце пашукаем адказу разам. Ці зьяўляецца чытаньне на роднай‚ беларускай нашай мове нацыянальным абавязкам сьведамага беларуса? Так. Бо калі ты не жывеш у беларускай культурнай прасторы‚ значыць, жывеш у іншай.

Я не заклікаю зашыцца ў “культурныя рэзэрвацыі”‚ засунуць галаву ў пясок і не зьвяртаць увагі на навакольны сьвет‚ грамадзтва‚ краіну. Трэба мець ня толькі трывалы беларускі культурны падмурак‚ але й цікавіцца навінкамі сваёй культуры. А як для нас‚ эмігрантаў‚ – набываць навінкі літаратуры‚ музыкі‚ мастацтва. Мы павінны ня толькі знаёміцца з культурай той краіны, дзе жывём‚ але ў першую чаргу намагацца азнаёміць з нашай беларускай літаратурай тых жа амэрыканцаў‚ брытанцаў‚ французаў... А то ж да сьмешнага даходзіць. Размаўляючы з амэрыканцамі, даводзіцца тлумачыць, дзе тая Беларусь знаходзіцца. А тыя, што чулі пра Беларусь, успрымаюць яе ў зьвязку з Лукашэнкам. Так і кажуць: “А-а-а‚ гэта тая краіна, дзе прэзыдэнтам Лукашэнка?” А літаратура – адзін з сродкаў культурнага ўплыву. Дарэчы, мае сябры-амэрыканцы ўжо чытаюць Караткевіча па-ангельску. І ім падабаецца.

Пра абавязкі мы пагаварылі. А як наконт правоў? Адно з асноўных правоў беларусаў-чытачоў – не чытаць нецікавага. Дый ці наша‚ чытачоў‚ віна‚ што беларускія літаратары ня пішуць таго‚ што нам хацелася б чытаць?

Вось, прыкладам, навуковых гістарычных кніжак у нас пішацца й друкуецца шмат. Іх ствараюць у тым ліку таленавітыя пісьменьнікі. Здаецца, сьвятая ідэя. Але ж мы, не раўнуючы, – як на фронце. Калі ваяр пакінуў сваё месца‚ утварылася дзірка ў шэрагах. І гістарычнай прозы апошнія гады моцна бракуе. Кастусь Тарасаў‚ нават разам з Дайнекам‚ самі справы ня вырашаць.

А што казаць пра іншыя жанры, якія ва ўсім сьвеце найболей чытаюць, – фантастыку‚ дэтэктывы‚ баевікі‚ фэнтэзі?.. Мне здаецца‚ што тыя сотні дэлегатаў Соймаў, атрымліваючы “Нашую Ніву”, ведаюць становішча з новымі выданьнямі‚ бальшыня зь якіх не выклікае гарачага жаданьня іх набываць. І ці варта вінаваціць люстэрка ў асымэтрычнасьці ўласнага твару?

Вядома, я падтрымліваў і далей буду падтрымліваць сваім цяжка заробленым далярам новыя выданьні. Але і як старшыня аддзелу Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня ў Новай Англіі‚ і як аматар літаратуры, які ўжо неаднаразова зьбіраў грошы на кнігі‚ я бачу‚ што людзі ўсё больш і больш неахвотна даюць грошы на новыя выданьні. Бо сярод усіх кнігаў‚ якія нам прапаноўвалі падтрымаць‚ не было ніводнай мастацкай. А пра тое‚ каб гэта была фантастыка ці баявік нейкі, нам нават марыць не даводзіцца.

Раман Кардонскі, Вінчэстэр (ЗША)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0