05.07.2002 / 13:00

Сутыкненьне самалётаў: сярод ахвяраў – берасьцейцы

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


Сутыкненьне самалётаў: сярод ахвяраў – берасьцейцы

У ноч з панядзелка на аўторак над швайцарска-нямецкай мяжой на вышыні 11 тысяч мэтраў сутыкнуліся два самалёты. Адзін зь іх, Ту-154, які належаў “Башкірскім авіялініям”, вёз дзяцей на адпачынак у Гішпанію. Другі самалёт, “Боінг-757”, належаў кур’ерскай фірме “DHL” і ляцеў з Бахрэйну ў Брусэль. У выніку выбуху абломкі самалётаў разьляцеліся на 40 км. З-за сутыкненьня загінуў 71 чалавек. Паводле папярэдніх зьвестак, сярод іх — сям’я берасьцейскага бізнэсоўца Алега Шыслоўскага.

Акалічнасьці здарэньня дагэтуль цьмяныя. Як кажуць прадстаўнікі фірмы “Skyguide”, якая кіруе паветраным рухам над Швайцарыяй, прыблізна ў 23.30, калі абодва ляйнэры ўвайшлі ў швайцарскую паветраную прастору, дыспэтчары заўважылі, што яны ляцяць на аднолькавай вышыні і іх курсы перасякаюцца. Пілётам расейскага самалёту неадкладна было загадана зьнізіцца на 213 мэтраў. Але тыя паслухаліся толькі на трэці раз. У гэты момант ідэнтычны манэўр выканаў і другі самалёт: на ім была ўсталяваная аўтаматычная сыстэма прадухіленьня сутыкненьняў, якая папярэдзіла пілётаў пра небясьпеку. У 23.36 паветраныя машыны сутыкнуліся. Абедзьве мелі амаль поўны запас паліва (Ту-154 запраўляўся ў Мюнхене, а “Боінг” — у італьянскім Бэргама), таму выбух быў настолькі моцны, што ў ваколіцах зрабілася сьветла, як днём, а кавалкі самалётаў, ахопленыя полымем, разьляцеліся на дзясяткі кілямэтраў. Ад іх загарэлася пара нежылых будынкаў

Бацькі дзяцей — а гэта самыя багатыя людзі Ўфы — у шоку. У аўторак яны сабраліся ў аэрапорце Ўфы, спрабуючы трапіць у Нямеччыну. Паводле іхных словаў, нічога ня здарылася б, каб дзеці вылецелі з Масквы своечасова. Група мусіла выправіцца ў Барсэлёну яшчэ ў суботу, але прапусьціла свой рэйс, бо затрымалася па дарозе ў аэрапорт.

Паводле папярэдніх зьвестак, чацьвёра пасажыраў Ту-154 былі грамадзянамі Беларусі. Напярэдадні берасьцейскі бізнэсовец Алег Шыслоўскі, адзін з заснавальнікаў швейнага прадпрыемства “Дыёма”, з жонкай і дзьвюма дочкамі зьехаў у Маскву, каб адтуль выправіцца адпачываць у Гішпанію. На Ту-154 у Маскве было прададзена восем білетаў. Ня выключана, што чатыры зь іх купілі берасьцейцы. Ці сапраўды Шыслоўскія загінулі, можна будзе сказаць толькі пасьля апазнаньня целаў. Адзін з кампаньёнаў бізнэсоўца паехаў у Маскву, каб з сваякамі ахвяраў катастрофы выправіцца ў Нямеччыну, паведамляе БелаПАН.

Катастрофа выклікала канфлікт паміж расейскімі авіятарамі і швайцарскімі дыспэтчарамі. Расейцы катэгарычна адмаўляюць віну пілётаў Ту-154. На іх думку, прычына ў тым, што аўтаматычная сыстэма папярэджаньня пра магчымасьць сутыкненьня самалётаў у паветры не працавала. Швайцарцы ж даводзяць, што сыстэма ніколі не працуе ўначы, бо ў гэты час у паветры мала самалётаў.

“Гэтае здарэньне яшчэ раз пацьвярджае неабходнасьць упарадкаваньня кантролю за паветраным рухам над Эўропай. Цяпер гэтым займаюцца дзясяткі нацыянальных кампаніяў з дапамогай сотняў станцый. Тым часам у ЗША, дзе паветраны рух удвая шчыльнейшы, за ім сочаць усяго чатыры станцыі”, — мяркуе П’ер Кандон, рэдактар прафэсійнага часопісу авіятараў “Interavia”.

Жудасная катастрофа падкрэсьлівае і актуальнасьць праблемы далейшага выкарыстаньня старых савецкіх самалётаў, у прыватнасьці Ту-154, якія пачалі вырабляць у 1972 г. За апошнія дзесяць гадоў зь ляйнэрамі гэтай мадэлі, што належалі авіякампаніям розных краінаў, здарылася шэсьць катастрофаў, у кожнай зь якіх загінулі дзясяткі людзей.

Даўно не бывала выпадкаў, каб у авіякатастрофе гінулі беларусы. Катастрофа адбылася ў ноч перад Будслаўскім фэстам, на які, як сьцьвярджае беларускае павер’е, “абраз мусіць крывёй абмыцца”.

П.Б.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру