СНІД наступае

Камісія ААН па справах СНІДу апублікавала днямі сэнсацыйнае паведамленьне пра эпідэмію гэтай хваробы.

Вірус усё хутчэй распаўсюджваецца ў краінах Афрыкі, Азіі, Карыбскага басэйну і Ўсходняй Эўропы, тым самым абвяргаючы папулярныя раней тэорыі, паводле якіх колькасьць хворых мусіла “стабілізавацца” з прычыны недахопу патэнцыйных “ахвяраў” у групах найбольшай рызыкі. У краінах жа, якія і раней былі лідэрамі па распаўсюджанасьці СНІДу, рост колькасьці носьбітаў ВІЧ проста ўражвае.

Так, у Батсване два гады таму вірус у сваёй крыві мелі 36% дарослых жыхароў. Сёньня іх ужо 39%. У Зымбабвэ ў 1997 г. носьбітамі вірусу былі 25% жыхароў, сёньня — ужо траціна. У ААН лічаць: калі не прыняць тэрміновых мераў, дык у 45 найбольш “інфікаваных” краінах за 2000—2020 г. ад СНІДу памруць 68 млн. чалавек. Для параўнаньня: за апошнія 20 гадоў ён зьнішчыў там 13 мільёнаў.

Падлічана, што ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы празь некалькі гадоў СНІД зробіць сьмяротнасьць сярод жыхароў 15—34 гадоў у 17 разоў большай за натуральную.

Вельмі хутка пашыраецца ВІЧ ва Ўсходняй Эўропе і Расеі. Праблема, якая яшчэ нядаўна тычылася пераважна наркаманаў, сёньня хвалюе “шырокую грамадзкасьць”. Ва Ўкраіне аж 25% новых заражэньняў — вынік гетэрасэксуальных полавых зносінаў.

Эпідэмія перш за ўсё закранае моладзь. Палова новазаражаных мае ад 15 да 24 гадоў. Такіх у сьвеце цяпер больш за 12 млн., і іх колькасьць штодня павялічваецца на 6 тысячаў чалавек. 14 мільёнаў дзяцей страцілі з-за СНІДу прынамсі аднаго з бацькоў.

Экспэрты ААН сьцьвярджаюць, што з пашырэньнем вірусу можна змагацца. Так, ва Ўгандзе й Замбіі, дзякуючы масавым папераджальным акцыям, рост захворваньня пачаў прыкметна меншаць. Ва Ўгандзе за апошнія два гады колькасьць хворых зьнізілася з 8,3% да 5% ад насельніцтва краіны.

Для Беларусі гэтае пытаньне таксама актуальнае. Як паведаміла 2 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі галоўны доктар Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІДу Лідзія Мялешка, на сёньня ў Беларусі зарэгістраваныя 4344 ВІЧ-інфікаваныя. На першым месцы Гомельская вобласьць (2833 выпадкі), далей —Менск (581 выпадак). 83,41% інфікаваных складае моладзь 15—29 гадоў. Пашырэньне інфэкцыі сярод жанчын выклікае рост колькасьці дзяцей, народжаных зь вірусам у крыві. Усяго ад ВІЧ-інфікаваных маці нарадзілася 229 дзяцей, і 23 зь іх ужо пастаўлены адпаведны дыягназ.

Галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Анатоль Кажамякін кажа, што пашырэньне вірусу пакуль зьвязанае перш за ўсё з наркаманіяй (76,7% выпадкаў). У рэгіёнах адчыненыя ўжо 34 пункты ананімнага кансультаваньня наркаманаў. Там яны могуць атрымаць шпрыцы й прэзэрватывы, інфармацыйную, мэдычную, кансультацыйную і псыхалягічную дапамогу. Такія пункты наведваюць усяго 3—10% беларускіх наркаманаў, а для дасягненьня хоць нейкага эфэкту трэба ахапіць 60—70%. Рэальная колькасьць наркаманаў у краіне дасягнула 40 тысячаў, тады як на ўліку ў наркадыспансэрах стаіць усяго 7706 чалавек, паведамляе БелаПАН.

Паводле словаў Л.Мялешкі, прафіляктыка аднаго выпадку ВІЧ-інфэкцыі каштуе 68 даляраў, а лячэньне хворага на СНІД — 10 тыс. даляраў.

Паводле Reuters, БелаПАН


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0