05.07.2002 / 13:00

Клюб аналітыкаў “Сонейка”

№ 25 (287), 5 ліпеня 2002 г.


Клюб аналітыкаў “Сонейка”

Нашыя незалежныя адзін ад аднаго аналітыкі вярнуліся з адпачынку, каб абмеркаваць пахаладаньне ў беларуска-расейскіх адносінах, візыты Ельцына і Прымакова й падрыхтоўку амэрыканскім кангрэсам Акту пра дэмакратыю ў Беларусі.

Фядупа: Прымірэньне Гаранта Канстытуцыі, які кінуў расейскіх алігархаў, з гаспадаром Крамля пакуль не пайшло далей абмену віншаваньнямі сярэдняй і малой дальнасьці. З нагоды 10-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў Пуцін (ах, які душка!) пажадаў беларускаму народу здароўя і працьвітаньня, падкрэсьліўшы тым самым, што Лукашэнку ён нам на шыю не саджаў, дык і здымаць ня будзе. Хоць у Расеі хапае ўплыву на тэрыторыю Беларусі.

Касьцям: Пуцін ваш, калі яму рукі чэшуцца аддзяляць катлеты ад мух пад амэрыканскую дудку, няхай у Канадзе гэта робіць, а да нас са сваёй жуйкай ня сунецца. Бо калі што якое — мы можам сабе славянскіх братоў і ў Страсбурзе знайсьці. Там якраз месца паміж Азэрбайджанам і Бэльгіяй пустое.

Змагар: Правільна! У Страсбург! А там і да Гаагі недалёка!

Касьцям: Да люмбагі табе недалёка! Ты, апазыцыя, ужо даўно на ладан дыхаеш, не жывеш, а мучышся. І палітычная эўтаназія — найлепшае для цябе выйсьце, пакуль нас з Эўразьвязам не пасварыла. Як заўсёды…

Калядоп: Дарэчы, калегі, паводле праверанай інфармацыі кампэтэнтных органаў, рыхтуецца кардынальнае абнаўленьне беларускай апазыцыі: на яе абрынуцца папросту вадаспады сьвежай крыві, у сувязі з выкладзеным у праекце амэрыканскага Акту пра дэмакратыю ў Беларусі пунктам пра 40 млн. даляраў, выдаткаваных на змаганьне з рэжымам. Нездарма ж наведаў Менск расейскі палітык супэрцяжкой вагавай катэгорыі Яўген Прымакоў. У часе перамоваў з Гарантам Канстытуцыі яны разглядалі магчымасьць пераходу Прымакова ў апазыцыю. Магчыма, ён нават узначаліць яе.

Лабэцька: Э, стоп! А як жа…

Калядоп: …Дый зь візытам Барыса Ельцына ягоны прыезд супадае ня проста так. Самыя кампэтэнтныя крыніцы сьведчаць, што экс-прэзыдэнт Расеі таксама моцна хоча назад ва ўладу.

Фядупа: Зьесьць то ён зьесьць, як кажуць… У Расеі разумныя людзі жывуць — ня тое, што ў нас. Яны разумеюць, што вяртаньне Ельцына можа мець для краіны фатальныя наступствы. Таму расейскае лобі ў Эўрапарлямэнце скіруе ўвесь уплыў ельцынскага клану на міжнародныя структуры з тым, каб экс-прэзыдэнт Расеі зьмяніў Кофі Анана на пасадзе генсэка ААН. Тады Ельцын зможа бесьперашкодна выконваць ролю пасярэдніка між Масквой і Менскам без апасеньня быць пасечаным на палітычны фарш.

Касьцям: Ды ваш Ельцын даўно ўжо толькі на тое годны, каб вянкі ў мэмарыяльным комплексе “Віскулі” ўскладаць. А ваш Прымакоў прадаў Радзіму — саюз Беларусі і Расеі! Бо пайшоў служыць юдзе славянскіх народаў Пуціну. А ваш аўтар Акту пра дэмакратыю Гелмз, як паведаміў часопіс “Нёман”, пакутуе на нэўралягічныя расстройствы і мазаічную псыхапатыю — ён выступаў супраць саюзу Беларусі й Расеі, удзелу расейскай зборнай у матчы Бразылія—Нямеччына, адмаўляў існаваньне бога Джа і адзінай мытнай прасторы!

Змагар: А ты сам і твой патрон Ганс Вік?

Лабэцька: А што Вік?! А што Вік?!

Тут мы мусілі згасіць сьвятло і ўключыць пажарную сыгналізацыю, бо спрэчка пагражала выйсьці за межы аналітычнага рынгу.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру