Рамонту не падлягае

7—8 ліпеня ў Купалаўскім тэатры трыюмфальна прайшлі легендарныя “Тутэйшыя”.

Спэктакль, які заўжды зьбіраў аншлягі, рэклямы не патрабаваў, асабліва пасьля зьняцьця з рэпэртуару на падставе “састарэласьці дэкарацыяў”. У першыя ж хвіліны гледачы змаглі пераканацца (а мо акторы сьвядома паказалі ім гэта), што дэкарацый тых ніхто не рамантаваў: дзьверы цэнтральнага іх элемэнту — гіганцкай батлейкі — ўпарта не хацелі адчыняцца, стылізаваная праваслаўная царква ў патрэбны момант не ад’ехала на месца — давялося акторам штурхаць яе саматугам, калыска лётала між небам і зямлёй туды-сюды — з такой хуткасьцю яе падымалі ды апускалі. Мо гэта дратавала актораў, мо пагроза спыніць спэктакль пасьля першага ж выкрыку “Жыве Беларусь!”, а мо проста рэпэтыцыяў не хапіла, але ў першы дзень ігралі яны крыху напружана, нэрвова, нібы сьпяшаючыся. Хіба што малайчына Манаеў (Мікіта Зносак) ратаваў сытуацыю, выкладаючыся напоўніцу.

Гледачы займаліся кампаратывістыкай — шукалі ў пастаноўцы штосьці новае. Розьніца амаль неадчувальная. Спэктакль крыху амэрыканізаваўся. Паболела фарсу, большы акцэнт рабіўся на акторскія грымасы, імправізаваныя моўныя памылкі. У “саўндтрэк” дадалася стылізаваная “Купалінка”. Вось, бадай, і ўсё.

Глядзельная заля за час адсутнасьці “Тутэйшых” на сцэне зьмянілася болей. Людзі аплядуюць ужо ня ў тых эпізодах, што раней. Прыкладам, развагі пра бальшавіка — ці ён “таксама чалавек”, ці не — раней зрывалі авацыю, а цяпер сустракаюцца поўным маўчаньнем. Дэактуалізаваліся. Паменела імпэту й на незалежніцкіх лёзунгах, якіх безьліч сказана было за апошнія гады. А вось словы Зноска пра тое, што й па-беларуску можна праводзіць вялікадзяржаўную палітыку, заля сустрэла жывей.

І ў нядзелю, і ў панядзелак у фінале гледачы наладжвалі супэравацыю з тысячагалосым “Жыве Беларусь!” — акторам, нябачна прысутнаму аўтару, бел-чырвона-беламу сьцягу над сцэнай, самім сабе. Цешыліся, што могуць вось так сабрацца ў цэнтры Менску, ля самае прэзыдэнцыі, і ўзьняць гіганцкі нацыянальны штандар.

Сяргей Мікулевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0