з усёй краіны

Ворша застался бяз гімну

Падведзеныя вынікі конкурсу на найлепшую песьню аб Воршы. Пераможцу пакуль ня вызначылі. Цяжка сказаць, чаму ня стаў афіцыйным гімнам места твор Паўла Саковіча і Эдуарда Зарыцкага. Мо таму, што ў ім ёсьць словазлучэньні, нязвыклыя для вуха вэртыкальшчыкаў: “крывавыя бітвы”, у якіх “вораг ня здолеў скарыць жыхароў”, “міласьць Боская”, “вольная, свабодная дзяржава”?

Кароль Стах на замчышчы

Аршанскае замчышча ўпрыгожылі скульптуры, створаныя ўдзельнікамі плэнэру, прысьвечанага 935-годзьдзю гораду. Разьбяры ўвасобілі ў камені герояў Уладзімера Караткевіча.

Зьнікла вуліца

Падрабязны плян Воршы выдала РУП “Белкартаграфія”. Там пазначана амаль усё: ад гарвыканкаму да могілак. Не хапае хіба турмаў, якімі здаўна “слаўная” Ворша. Сёлетні плян адлюстроўвае значныя зьмены, якія адбыліся апошнім часам. Вернуты зь небыцьця назвы вуліц Дамініканская, Уваскрасенская, зьявілася шмат новых: С.Собаля, І.Труцэвіча, М.Багдановіча, Я.Драздовіча… На жаль, не абышлося без памылак і недарэчнасьцяў. Вуліца У.Караткевіча чамусьці засталася вуліцай Касманаўтаў. Яна — рэкардсмэн па перайменаваньнях: за сто гадоў была й Вайнбэргавым завулкам, і вуліцай Ігнатоўскага, і Варашылава, і Броварнай, і Касманаўтаў. З 1987 г. носіць імя Караткевіча (у доме №10 пасьля вайны жыла ягоная сям’я).

Віктар Лютынскі, Ворша

Спачатку — войска,
дыплём — потым

У Берасьцейскім ПТВ-65 шмат якім хлопцам-выпускнікам не далі дыплёмаў, паабяцаўшы зрабіць гэта толькі пасьля таго, як тыя ўладкуюцца на працу ці атрымаюць позву ў войска.

І.Хведаровіч, Берасьце

Novyja padatki

Deputaty Baranavickaha harsavietu zaćvierdzili śpis miascovych padatkaū. Z 1 lipienia dyskateki pavinny pieraličvać u haradzki biudžet 5% ad koštu kvitka, biljardnyja kluby — 10%, salaryji — 8%, salony pryhažości — 5%. Uładalniki aūtazapravak buduć pieraličać 1% ad prybytku. 10% ad abanenckaj płaty daviadziecca addavać uładalnikam kabelnaha telebačańnia. Z novych padatkaū baranavicki biudžet musić papoūnicca na 30 młn. rubloū. A adzin dobry śmiećciavoz kaštuje 40 młn.

Raźbilisia milicyjanty

la vioski Dubrava pad Baranavičami 3 lipienia ūjechała ū dreva mašyna z tryma maładymi milicyjantami j kursantam Baranavickaj škoły milicyji. Dvoje zahinuli na miescy, astatnija znachodziacca ū špitałi. Pavodle niepaćvierdžanych źviestak, kampanija viartałasia z “Karčmy”, što la šašy Bieraście—Maskva.

Uźniaū na rohi

U vioscy Padhornaja, što la Baranavič, byk zabiū 35-hadovaha mužčynu. Čałaviek pryjšoū na kałhasnuju fermu dapamahčy svajaku, dzie na jaho j nakinułasia ašalełaja žyviolina. Pakul byka adahnali, niebaraka byū užo miortvy.

Chavali złacynnaść

Ministerskaja pravierka baranavickaj milicyji vyjavila 223 prychavanyja złačynstvy. Na adnaho supracoūnika Baranavickaha HUUS zaviedzienaja kryminalnaja sprava, siamiora atrymali dyscyplinarnaje pakarańnie.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

Ульляна замест Вольгі

Віцебскі краязнаўчы клюб “Спадкаемцы” прапануе не ўшаноўваць у якасьці сымбалічнай заснавальніцы гораду жонку кіеўскага князя Ігара Вольгу. “Вольга з дружынай” была абавязковым элемэнтам усіх гарадзкіх сьвятаў, у яе гонар названыя шматлікія фірмы, цырульні і крамы. “Спадкаемцы” ж лічаць, што больш вартай павагі зьяўляецца Ўльляна — жонка вялікага князя Альгерда і маці Ягайлы, якая пражыла ў Віцебску 31 год, пабудавала тры царквы, жаночы манастыр і Ніжні замак.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Білеты са штрафам

Віцебскія чыгуначнікі прадаюць у дызэлях білеты з “камісійным зборам” у 160 рублёў. Тэарэтычна гэтая паслуга — для тых, хто не пасьпеў узяць білет у касе, але практычна ёй вымушаная карыстацца палова пасажыраў. 3—4 цягнікі адыходзяць амаль адначасова, а білеты на іх прадаюць усяго 3 касы. І штораз, калі там утвараюцца соценныя чэргі, па вакзальным радыё гучыць аб’ява: “У цягніку можна набыць білет са штрафам…”

А.Т., Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0