Хоць у тры ўнівэрсытэты

паступленьне ў ВНУ

Уступныя іспыты распачалі з 8 ліпеня шэсьць вышэйшых навучальных установаў Беларусі: Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнту, Акадэмія мастацтваў, Акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Вайсковая акадэмія і Вышэйшая пажарна-тэхнічная вучэльня Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

Іспыты ва ўсе астатнія ВНУ пройдуць пазьней і ў два этапы: ад 16 да 23 ліпеня і ад 24 да 31 жніўня. Шэсьць менскіх ВНУ атрымалі прывілеі ў параўнаньні зь іншымі, бо цягам апошніх гадоў карыстаюцца найбольшым попытам у абітурыентаў — заяваў туды падаюць найбольш. Гэта зьвязана як з сталічным статусам ВНУ, так і зь іхнай унікальнасьцю: ніводная ня мае аналягаў і ўсе важныя для краіны. Раней падобныя прывілеі былі толькі ў БДУ.

Гэткія зьмены дазволяць абітурыентам паспрабаваць свае сілы ў большай колькасьці ВНУ. Калі ня ўдасца прайсьці адбор у адной, дык яшчэ можна пасьпець падаць дакумэнты ў іншую — праўда, менш прэстыжную. А калі ўлічыць, што дакумэнты можна падаваць адразу ў тры ВНУ (у адну — арыгінал, у другія — натарыяльна завераныя копіі), дык шанцы на паступленьне павялічваюцца ўтрая. Пры гэтым адміністрацыя ВНУ ня мае права патрабаваць “толькі арыгінал”.

Магчымасьць паспрабаваць сябе ў некалькіх навучальных установах, на думку міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна, дапаможа ўзьняць конкурс у вышэйшую школу. Летась конкурс складаў 3,4 чалавекі на адно студэнцкае месца (агулам 128 тысячаў абітурыентаў), а сёлета Міністэрства адукацыі спадзяецца на конкурс у 4 чалавекі на месца (130 тысячаў абітурыентаў).

Новаўвядзеньні сёлетняй прыёмнай кампаніі выкліканыя ня толькі памкненьнем Міністэрства ўзьняць прэстыж вышэйшай школы. Згодна з новай рэдакцыяй “Закону аб адукацыі” (ад 19 красавіка 2002 г.) упершыню ў краіне створаныя адзіныя правілы прыёму ў дзяржаўныя і прыватныя навучальныя ўстановы. У новым законе няма ніякага адрозьненьня між навучальнымі ўстановамі рознай формы ўласнасьці ні ў прыёме, ні ў функцыянаваньні.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0