Навіны
АБСЭ рэзка крытыкуе стан дэмакратыі ў Беларусі
На паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ бальшынёй галасоў была прынятая рэзалюцыя пра Беларусь, падрыхтаваная прадстаўніком ЗША Стэні Гоерам. Супраць рэзалюцыі прагаласавалі 11 дэлегатаў (з Расеі, Арменіі, Малдовы, Югаславіі), устрымаліся 44. У дакумэнце згадваюцца парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, продаж зброі ды зьнікненьні людзей. Апроч усяго іншага, рэзалюцыя патрабуе ад беларускіх уладаў выдаць візы супрацоўнікам Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ.
Cтвораныя камітэты грамадзянскага дзеяньня
У Полацку і Наваполацку створаныя нефармальныя камітэты грамадзянскага дзеяньня, куды ўвайшлі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і прафсаюзаў. Камітэты будуць каардынаваць дзейнасьць арганізацыяў перад выбарамі ў мясцовыя Саветы.
Падручнікі падаражэлі
Урад пастанавіў, што ў новым навучальным годзе плата за карыстаньне школьнымі падручнікамі ўзрасьце ўдвая: дагэтуль бацькі аплачвалі 25% кошту кнігі, а цяпер будуць — 50%. Ня будуць плаціць за падручнікі дзеці-сіроты, дзеці бацькоў-інвалідаў, а таксама дзеці з малазабясьпечаных сем’яў. Дзеці з шматдзетных сем’яў будуць плаціць 25%. Найдаражэйшы камплект — для 9-е клясы беларускамоўных школаў. Каштуе ён 9 тысяч 876 рублей. Усе беларускамоўныя камплекты даражэйшыя за расейскамоўныя. Быццам бы таму, што расейскія часткова закупляюць у Расеі, дзе падручнікі танныя.
На “Сюрпрызе” забіла чалавека
У менскім парку Горкага на атракцыёне “Сюрпрыз” загінуў работнік парку. Вэрсія кіраўніцтва парку такая: пасьля закрыцьця атракцыёнаў ён вырашыў пакатацца зь дзьвюма дзяўчатамі. Але не пільнаваўся правілаў карыстаньня: хацеў памяняць кабінкі ў часе руху. Выпаў і забіўся. Цікава, што ягоныя сяброўкі зь месца ўцяклі. Міліцыя разьбіраецца.
Паводле БелаПАН