пацярпелыя за Беларусь

3 ліпеня ў Менску былі затрыманыя актывісты “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, Руслан Харкевіч і Алесь Васкалей, якія раздавалі менчукам улёткі з інфармацыяй пра Зьмітра Завадзкага і прэсу, у тым ліку і старыя нумары “НН”. 3 ліпеня быў зьбіты падчас пэрформансу і арыштаваны мастак Алесь Пушкін. 8 ліпеня суд Маскоўскага раёну Менску даў Пушкіну 6 базавых адзінак (60 тыс. рублёў) штрафу. У Барысаве 3 ліпеня былі затрыманыя “зуброўцы” Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін, якія падчас Дня Рэспублікі хадзілі з плякатамі “Дзень Незалежнасьці – 27 ліпеня!” і “Незалежнасьць – свабода слова і правы чалавека!” 4 ліпеня ў Менску за распаўсюд улётак былі затрыманыя сябры АГП Леанід Малахаў і Аляксандар Зёлка. Намесьніка старшыні БНФ Юр’я Хадыку схапілі 5 ліпеня ва ўласным двары й пасадзілі на 10 ночаў у спэцпрыёмнік – за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці ў Горадні на Дзень Волі. 6 ліпеня ў Вязынцы на афіцыйным сьвяткаваньні 120-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы міліцыя паспрабавала забраць актывістаў БНФ Аляксея Кавальца, Уладзімера Кішкурну й Зьмітра Касьпяровіча, якія ўзьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі. Але людзі адбаранілі. 8 ліпеня ў Горадні былі затрыманыя Ірына Данілоўская, Сьвятлана Нех, Зьміцер Іваноўскі, Мікола Воран, Юры Істомін, Віктар Бабкін, Алег Салонікаў, Ігар Корыкаў, Уладзімер Чырвоненка й Віктар Какарэка – удзельнікі “Ланцугу неабыякавых людзей”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0