12.07.2002 / 13:00

Спорт

№ 26 (288), 12 ліпеня 2002 г.


спорт

Грунвальдзкая перамога БАТЭ

Футбольны клюб БАТЭ (Барысаў) у Мюнхене перамог клюб бундэсьлігі “Мюнхен-1860” зь лікам 1:0 у першым матчы другога раўнду Кубку Інтэртота. Матч-рэванш адбудзецца 14 ліпеня на гарадзкім стадыёне Барысава (пачатак а 18-й).

Вырашальны гол забіў на 76-й хвіліне форвард Арцём Канцавы. Гэта ўжо трэцяя запар перамога БАТЭ на эўракубку, прычым у трэці ж раз — “усухую”. БАТЭ — першая беларуская каманда, якая перамагла немцаў на іхным полі (менскае “Дынама” на Кубку ЎЭФА ў 1995 г. перамагло нямецкі “Вэрдэр”, але на сваім полі).

“Грунвальдэрштадыён” сабраў 25 тыс. гледачоў: немцы прыйшлі падтрымаць “сваіх”, і тыя ад пачатку матчу пачалі наступ па ўсім фронце. Форварды “Мюнхену-1860” Агастына і Макс (найлепшы бамбардзір бундэсьлігі летась) папсавалі нашым футбалістам шмат крыві. Першыя паўгадзіны гульні барысаўскі брамнік Жаўноў ня меў спакою. Але вароты ўдалося адстаяць “сухімі”.

А потым памыліўся мюнхенскі капітан Курц, і немцам прызначылі пэнальты. Аднак Арцёму Канцавому (“штатнаму пэнальтысту” каманды) не пашчасьціла: нямецкі галкіпэр злавіў мяч. Але з гэтага моманту мюнхенцы сталі гуляць больш абачліва. Ранейшага задзёру ў іх хапіла яшчэ хвілінаў на дзесяць, калі Жаўноў ледзьве “дастаў” мяч, што ляцеў роўненька ў вароты.

У другой палове гульні барысаўчане перахапілі ініцыятыву і пачалі ўсё часьцей атакаваць. Спробы трэнэраў “Мюнхену-1860” пераламаць сытуацыю заменамі гульцоў выявіліся няўдалымі. На 76-й хвіліне футбалісты БАТЭ правялі контратаку, якая й завяршылася ўдарам Арцёма Канцавога з пасу Скрыпчанкі.

Гэты гол маральна зламаў немцаў, і ў БАТЭ нават быў шанец павялічыць разрыў. На жаль, барысаўчанін Шмігера магчымасьці ня выкарыстаў.

Ці здолеюць барысаўчане замацаваць сваю перамогу ў матчы-рэваншы? Нечаканасьці ня выключаныя. Баварская каманда аб’ектыўна не слабейшая за беларускую. Да таго ж, барысаўчанам будзе даваць пра сябе знаць стома пасьля адыгранага ў сераду матчу на першынство Беларусі з камандай “Дняпро-Трансмаш”. Але ж у сваёй хаце і дзіркі грэюць.

Адам Воршыч


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру