Памылка на мільярд даляраў

Адной з найвялікшых амэрыканскіх кампаніяў пагражае банкруцтва. У мінулым месяцы стала вядома, што канцэрн “WorldCom”, другі па велічыні апэратар тэлефоннай сувязі ў ЗША, з пачатку 2001 г. улічваў як інвэстыцыі сумы, што выдзяляліся на аплату за карыстаньне сеткамі іншых фірмаў. У выніку сёньня на паперы ён мае 1,5 млрд. прыбытку, а насамрэч — 1,2 млрд. даляраў стратаў.

Кампанію вінавацяць у фінансавым махлярстве. Справа трапіла ў суд. Гэтае банкруцтва можа стаць найбуйнейшым у гісторыі ЗША. У канцы сакавіка актывы “WorldCom” ацэньваліся ў 100 млрд. даляраў. Энэргетычны канцэрн “Enron”, які збанкрутаваў летась, меў у два разы меней.

“WorldCom” можа хаваць яшчэ каля мільярда даляраў расходаў, ня ўнесеных у бухгальтарскія справаздачы”, — мяркуе кангрэсмэн Майкл Оксьлі, старшыня Камісіі фінансавых паслугаў. Ён падазрае, што былы прэзыдэнт канцэрну Бэрнард Эбэрз ведаў пра гэткія “памылкі” ў справаводзтве. Оксьлі мяркуе, што памылка была зробленая спэцыяльна, каб утаіць слабыя посьпехі фірмы ад патэнцыйных інвэстараў з Уол-стрыт.

Генэральны дырэктар кампаніі Джон Сыджмар на тым тыдні афіцыйна выбачыўся за скандал і цяпер клапоціцца аб новых пазыках для канцэрну, каб не дапусьціць банкруцтва і прымусовага продажу асноўных актываў фірмы, у тым ліку найбуйнейшай у сьвеце інтэрнэт-сеткі перасылкі зьвестак.

Рэспубліканцы пабойваюцца, каб цесныя сувязі зь вялікім бізнэсам не перашкодзілі ім на лістападаўскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў і ў Сэнат. Дэмакраты крытыкуюць Буша і ягоную партыю за палітыку, якая, паводле іхнага меркаваньня, штурхае канцэрны да пагоні за прыбыткамі, у тым ліку за кошт працаўнікоў і біржавых інвэстараў.

Апошнім часам пад пытаньнем апынулася й бізнэс-рэпутацыя самога Буша: Камісія па каштоўных і біржавых паперах (СЭК) зафіксавала ў сваім унутраным мэмарандуме, апублікаваным, аднак, у СМІ, што 12 год таму Буш, тады дырэктар “Harken Energy Corp.” у Тэхасе, паведаміў аб продажы акцый сваёй фірмы на суму звыш мільёна даляраў з 34-дзённым спазьненьнем.

Неўзабаве выявілася, што тая кампанія страціла ў бягучым квартале 23 млн. даляраў і акцыі фірмы ўпалі на 20%. Таму СЭК пачала сьледзтва, каб высьветліць, ці не прадаў Буш сваёй долі, грунтуючыся на ўнутранай інфармацыі і прадбачачы страты карпарацыі. Такія дзеяньні (так званыя інсайдэрныя гандлёвыя апэрацыі) караюцца законам.

Белы дом хвалюе і тое, якія палітычныя вынікі пацягне за сабой расьсьледаваньне бухгальтарскіх махінацыяў у энэргетычнай фірме “Halliburton Co.”, якой у 1995—2000 г. кіраваў цяперашні віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні.

Джордж Буш у аўторак выступіў на Ўол-стрыт і абвясьціў там пра новыя, стражэйшыя пакараньні для мэнэджэраў, якія ўводзяць інвэстараў у зман. Буш мяркуе, што кіраўнікоў фірмаў, якія сьвядома абвяшчаюць ілжывыя фінансавыя вынікі, трэба караць пазбаўленьнем волі, а ня штрафамі, як цяпер. “Амэрыцы трэба вярнуць давер да яе бізнэсмэнаў, — сказаў Буш. — Эканамічныя старонкі газэт ня павінны быць запоўнены аднымі апісаньнямі скандалаў. Пара вярнуцца да асноватворных прынцыпаў, дзякуючы якім капіталізм адбыўся, — маральнасьці і строгага выкананьня законаў. Капіталізм немагчымы без сумленьня. Сёньня эканоміка ЗША патрабуе захаваньня самых высокіх этычных стандартаў, прадугледжаных законам і дэманстраваных лідэрамі бізнэсу. Высокія амбіцыі зразумелыя, але хцівасьці месца быць не павінна”.

Мільёны дробных інвэстараў чакалі гэтага выступу, верачы, што толькі ўмяшаньне дзяржавы спыніць лавіну фінансавых скандалаў, якія скаланаюць біржы. Леташні скандал вакол банкруцтва “Enron” выявіўся пачаткам чорнай паласы, а Міністэрства юстыцыі расьсьледуе некалькі дзясяткаў злоўжываньняў ці проста фінансавых махлярстваў. Многія мяркуюць, што гэта толькі вяршок айсбэргу: і ў 90-я многія фірмы ўтойвалі страты і завышалі прыбыткі.

Прэзыдэнт прызнаў, што недастаткова адных заклікаў паводзіцца маральна. Шмат год Буш супраціўляўся дзяржаўнаму ўмяшаньню на фінансавых рынках. Цяпер ён кажа: “Урад мусіць стварыць сыстэму пакараньня тых, хто злоўжывае даверам інвэстараў”.

Што ж прапануецца? Перш за ўсё, істотна павялічыць паўнамоцтвы Камісіі па каштоўных паперах. У Міністэрстве юстыцыі будзе створаны спэцыяльны аддзел, задачай якога стане барацьба зь фінансавымі злоўжываньнямі. “Фінансавы спэцназ”, як назваў яго Буш.

Пракуроры, супольна з Камісіяй па каштоўных паперах, змогуць патрабаваць для мэнэджэраў-махляроў да дзесяці год зьняволеньня. Камісія атрымала магчымасьць замарожваць разнастайныя прэміі ды ўзнагароды прэзыдэнтам фірмаў, што падазраюцца ў ашуканстве. Яна зможа таксама забараняць асуджаным за фінансавыя злачынствы ўваходзіць у склад наглядальных рад біржавых фірмаў.

Усё гэта мусіць суцішыць гнеў амэрыканцаў, разьюшаных памерамі ўзнагародаў і прэміяў, якія атрымлівалі кіраўнікі “Enron” ды “WorldCom”. Так, галоўны бухгальтар апошняй перад звальненьнем атрымаў 10 млн. даляраў прэміі, а ўсе газэты апублікавалі здымкі гіганцкага маёнтку, які ён будуе ў Фларыдзе.

У панядзелак той былы галоўны бухгальтар разам з былым прэзыдэнтам “WorldCom” бралі ўдзел ў слуханьнях у Кангрэсе толькі для таго, каб, спаслаўшыся на Канстытуцыю, адмовіцца даваць тлумачэньні. Раззлаваныя кангрэсмэны загадалі юрыстам высьветліць, ці можна абвінаваціць былога прэзыдэнта канцэрну ў непавазе да Кангрэсу. Адмовіўшыся ад паказаньняў, ён не забыўся паўтарыць, што абсалютна невінаваты і нічога ня ўтойвае…

Сярод законапраектаў, якія Белы дом перадаў у Кангрэс, прысутнічае праект рэформы бухгальтарскай сыстэмы і аналізу фінансавых рынкаў. Ужо з 8 ліпеня пачало дзейнічаць распараджэньне Камісіі па каштоўных паперах, якое забараняе адной і той самай фірме адначасова праводзіць аналіз фінансавых рынкаў і распрацоўваць рэкамэндацыі для інвэстараў.

Гэтак дзейнічала, сярод іншага, дарадчая фірма Артура Андэрсэна — давала рэкамэндацыі і фірмам, што шукалі інвэстыцый, і інвэстарам. “WorldCom” запрашаў на пасяджэньне наглядальнай рады вядомага аналітыка тэлекамунікацыйнага рынку. Той кансультаваў фірму, а таксама меўся даводзіць інвэстарам выгаднасьць пакупкі акцый “WorldCom”.

З наступнага кварталу прэзыдэнты біржавых фірмаў будуць падпісваць фінансавыя справаздачы не ад імя праўленьня, а ад свайго ўласнага. Тады інвэстарам будзе прасьцей выбіваць з прэзыдэнтаў ашуканскіх фірмаў кампэнсацыю ў судзе.

Большасьць назіральнікаў лічаць, што заклікі Буша аб маральнасьці дапамогуць яму мінімізаваць непрыемныя палітычныя вынікі апошніх скандалаў. Але шмат хто падкрэсьлівае, што Бушаў кансэрватызм і ягоная цесная сувязь зь бізнэсам не дазволяць яму зрабіць усё тое, што неабходна для дасягненьня поўнага посьпеху ў гэтай справе.

Так, “Буш не наважыўся закрануць адну з найважнейшых праблем — гіганцкіх прэмій, якія выплачваюцца мэнэджэрам не наяўнымі, а акцыямі”, — сказаў Лу Добз, вядомы эканамічны камэнтатар кампаніі CNN.

Павал Бурдыка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0