Тадэвуш Гавін

Пісьменьнік і памежнік

14 ліпеня — 10 гадоў з дня сьмерці пісьменьніка і дысыдэнта Аляксея Карпюка

Гэты чалавек мне асабліва блізкі, бо ў свой час ён пэўным чынам паўплываў на мой лёс.

Упершыню я сутыкнуўся з Аляксеем Карпюком, калі служыў ва Ўладзівастоку ў 1987 г. Ён напісаў мне ліст. Гэта была рэакцыя на мой артыкул, дасланы ў газэту “Гродненская правда”. Я распавядаў пра сытуацыю з польскай нацыянальнай меншасьцю на Гарадзеншчыне, пра вывучэньне польскай мовы і навучаньне на ёй. Артыкула не надрукавалі, але яго далі пачытаць Карпюку. У сваім пісьме сп.Карпюк прасіў даслаць адрасы палякаў, якія таксама змагаюцца за навучаньне на роднай мове. На жаль, тады я такіх людзей у Горадні ня ведаў.

Гэта быў пачатак нашага з Карпюком знаёмства, якое пазьней перарасло ў сяброўства. Увосень таго ж году я перавёўся на службу ў Горадню. Памятаючы пра Карпюкова запрашэньне, прыйшоў да яго на працу, у дом-музэй Элізы Ажэшкі. Нягледзячы на актыўныя пошукі, Карпюк так і не знайшоў людзей, якіх можна было б уцягнуць у польскую адраджэнскую дзейнасьць. Таму ён вельмі ўзрушыўся, калі я прыйшоў. Карпюк адразу пранікся да мяне даверам, нягледзячы на маю форму афіцэра памежных войскаў, якія падначальваліся КГБ. Напэўна, ён вырашыў, што разам з аднадумцам у асобе маладога падпалкоўніка яму будзе прасьцей працаваць над вырашэньнем польскага пытаньня.

Карпюк, беларус, не хацеў мірыцца з тым, што палякі пазбаўленыя права вучыцца на роднай мове, ня маюць сваёй газэты і грамадзкай арганізацыі, якая бараніла б іх нацыянальныя інтарэсы. Карпюк паказваў мне ліст па польскім пытаньні, які ў красавіку 1987 г. ён даслаў М.Гарбачову. Ня ведаю, ці бачыў генсэк той ліст, але з ЦК КПСС яго пераадрасавалі ў Горадню — для высьвятленьня акалічнасьцяў. Адказ Карпюк атрымаў па тэлефоне ад намесьніка загадчыка ідэалягічнага аддзелу абкаму партыі Дзьмітрыя Аляшкевіча. Ён паведаміў, што праблемы, аб якой Карпюк напісаў генэральнаму сакратару, не існуе, бо палякі ніколі не зьвярталіся да ўладаў з просьбай адкрыць нацыянальную школу.

У сьнежні 1987 г. абураны Карпюк піша наступны ліст Гарбачову, у якім польскае пытаньне ў СССР параўноўвае з параходам “Адмірал Нахімаў”, які “затануў ня толькі з-за недагляду капітанаў, а перадусім з-за таго, што быў састарэлым. Няма нічога дзіўнага ў тым, што палякі не зьвяртаюцца да ўладаў па дапамогу. Пытаньне ў тым, што самі ўлады ніколі не цікавіліся праблемамі нацменшасьцяў. На жаль, сёньняшняе грамадзтва пакуль ня здолела пазбавіцца страху перасьледаў за іншадумства”.

На пачатку 1988 г. Аляксей Нічыпаравіч скардзіўся на адсутнасьць падтрымкі па польскім пытаньні з боку асобных сяброў Саюзу пісьменьнікаў БССР. Ён параіў мне напісаць лісты да яго і да Быкава з просьбай дапамагчы ў змаганьні за правы палякаў.

Летам 1988 г. мы з аднадумцамі стваралі польскае таварыства. Аляксей Карпюк прапанаваў назваць яго імем Яна Каханоўскага. Калі я сказаў, што мы аддаём перавагу Адаму Міцкевічу, ён пагадзіўся і павіншаваў з добрым выбарам.

10 жніўня 1988 г. у канфэрэнц-залі Гарадзенскага ўнівэрсытэту адбыўся ўстаноўчы сход Польскага культурна-асьветніцкага таварыства. Людзей сабралася многа, але адчувалася нейкая скаванасьць. Толькі пасьля бліскучага выступу А.Карпюка палякі пачалі адкрыта гаварыць пра набалелае, патрабаваць ад уладаў трымацца правоў, дэкляраваных савецкім заканадаўствам.

Пры канцы жніўня, на запрашэньне аддзелу культуры аблвыканкаму, у Горадню прыехала польская пісьменьніца Барбара Ваховіч. У праграму яе візыту адмыслова не ўключылі спатканьня зь мясцовымі палякамі. Абураны Карпюк парушыў плян, і сустрэча адбылася.

Мы зазвычай бачыліся з Аляксеем Карпюком у ягоным кабінэце. Калі трэ было пагаварыць пра штось надзвычай важнае, ён здымаў слухаўку, клаў яе на стол і прапаноўваў выйсьці на ганак. Размаўляючы, мы безьліч разоў абыходзілі вакол будынку, за намі са зьдзіўленьнем назіралі супрацоўніцы. Напэўна, яны не маглі зразумець, што супольнага можа быць паміж афіцэрам пагранвойскаў і паважаным у краіне пісьменьнікам.

Дзеля легалізацыі таварыства ў вачах польскіх уладаў Карпюк сустрэўся з генэралам Абядзінскім, польскім консулам у Менску, сябрам Ярузэльскага. На пачатку верасьня ў хаце маіх бацькоў у вёсцы Ласосьне зазваніў тэлефон. Я адказаў як звычайна: “Падпалкоўнік Гавін слухае”. У трубцы адказалі: “Czołem towarzyszu półkowniku z tej strony generał broni Obiĺdziński”... З гэтага моманту распачаліся мае афіцыйныя кантакты з прадстаўнікамі польскіх уладаў, бліскуча арганізаваныя А.Карпюком.

Праўда, пасьля сустрэчы з генэральным консулам вайсковае кіраўніцтва абвесьціла мне строгую вымову за “несанкцыянаваны кантакт з замежнікам”. Праз паўгоду мне забаранілі працаваць з важнымі і сакрэтнымі дакумэнтамі, пазбавіўшы права выконваць мой прафэсійны абавязак. І гэта нягледзячы на тое, што мы з генэрал-палкоўнікам Абядзінскім былі вайскоўцамі краін-сяброў Варшаўскай дамовы. На паперы — саюзьнікі, а на самай справе...

У 1989—90 г. я мала кантактаваў зь пісьменьнікам. Ён думаў, што зрабіў усё магчымае для легалізацыі нашай дзейнасьці, і назіраў, ці даюць палякі рады ў змаганьні за свае правы. Аднак, дазнаўшыся, што я буду вылучацца ў Вярхоўны Савет БССР ад мястэчка Сапоцкіна, прыехаў і выступіў там з прамовай. Ён разумеў, што, падтрымліваючы мяне, выступае супраць улады. Прамова Карпюка мела сапраўды вялікае значэньне. Многія ведалі яго як чалавека, які пасьля вайны працаваў простым настаўнікам у мясцовай школе, і паважалі яго. У выніку за мяне прагаласаваў 651 чалавек, а за майго канкурэнта — старшыню мясцовага калгасу — 240. Але пасьля выбары былі сфабрыкаваныя. Мне не хапіла ўсяго 122 галасоў, каб трапіць у Вярхоўны Савет. Празь некаторы час тэлефануе мне Карпюк і кажа: “Ну што, атрымаў урок? Памятай, што такіх людзей, як ты, яны да ўлады не дапусьцяць”.

Перад устаноўчым зьездам Саюзу палякаў у 1990 г., на якім павінны былі абраць новае кіраўніцтва, я ня раз раіўся з Карпюком, як дзейнічаць. Ён заўсёды адказваў аднолькава: “Кіраваць саюзам”. Якраз тады камандаваньне Заходняй памежнай акругі паставіла мне ўмову: калі я кіну грамадзкую дзейнасьць, дык атрымаю магчымасьць працягваць вайсковую кар’еру. Мне падавалася, што я магу адысьці ад польскіх спраў: працэс пайшоў і ня так важна, хто будзе ім кіраваць. Ведаючы пазыцыю Карпюка і адчуваючы вялікую адказнасьць за польскую справу, я зрабіў выбар на карысьць апошняй. Заставаўся польскім грамадзкім дзеячам і адначасова начальнікам сувязі гарадзенскага памежнага атраду.

Гэты выбар паставіў кропку ў маёй вайсковай кар’еры. Праз год мяне звольнілі са службы ў прымусовым парадку. Мне было 40 гадоў. Савецкая дзяржава ня толькі зьнішчыла маю вайсковую кар’еру, але й пазбавіла мяне поўнай пэнсіі па выслузе гадоў. Празь некалькі дзён пасьля звальненьня я спаткаўся з Карпюком, які заўсёды раіў мне спалучаць службу ў арміі і грамадзкую дзейнасьць. Першы раз ён маўчаў...

У 1991—92 г. Карпюк шмат хварэў, аднак мы пэрыядычна сустракаліся. На пачатку ліпеня 1992 г. ён пачуўся вельмі кепска, і я наведаў яго дома. Гэты цяжка хворы чалавек паводзіў сябе настолькі нязмушана, быццам нічога ня здарылася. Празь некалькі дзён пасьля нашай сустрэчы патэлефанавала яго жонка. Я адразу зразумеў, што здарылася самае страшнае. Беларусь згубіла аднаго з найлепшых сыноў, а тутэйшыя палякі — свайго лепшага сябра. Усё жыцьцё Карпюк змагаўся за Бацькаўшчыну, каб зрабіць яе незалежнай, сувэрэннай, эўрапейскай. За Беларусь, у якой усім нам, людзям розных нацыянальнасьцяў, жылося б аднолькава ўтульна. Калісьці я запытаў Карпюка, чаму ён дапамагае менавіта палякам. Ён адказаў: “Можа, калі вы пачняце вывучаць сваю родную мову, будзеце мець польскія школы, тады і беларусы, нарэшце, пачнуць змагацца за свае правы”.

Падчас пахаваньня Аляксея Карпюка ў Алеі Заслужаных на гарадзенскіх могілках я вельмі перажываў. Увесь гэты час я думаў, чым магу аддзячыць за ўсё, што ён зрабіў для нас. Урэшце стаў на калені і на сваёй роднай польскай мове памаліўся за супакой ягонай душы.

Ён памёр, так і не дачакаўшыся зьдзяйсьненьня таго, аб чым прасіў у сваім лісьце М.Гарбачова. Пройдзе чатыры гады пасьля ягонай сьмерці, і для польскіх дзетак адчыніць свае дзьверы польская школа ў Горадні. Яшчэ праз тры гады пачне працаваць польская школа ў Ваўкавыску. Ня ведаю, якімі былі б нашы посьпехі на ніве польскага адраджэньня, калі б не было Карпюка. Безь яго дапамогі і высокага маральнага аўтарытэту вырашыць усе тыя пытаньні, якія нам удалося вырашыць, было б куды больш складана.

Тадэвуш Гавін — ганаровы старшыня Саюзу палякаў Беларусі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0