Наталка Бабіна

Пастка для крата

…Студэнтка менскае Палітэхнікі Яніна знаходзіць на сваім лецішчы труп невядомага чалавека, а назаўтра ледзьве ня робіцца ахвяраю невядомага забойцы. Каб даць адпачыць затлумленай галаве, яна заходзіць у студэнцкую піцэрыю й сустракае аднакурсьніка Кастуся, у якога таксама сур’ёзныя праблемы…

Відаць было, што ён не жартуе.

— Ты сур’ёзна? Што здарылася?

— Мяне выключаюць з акадэміі. Звольнілі з катэдры за спазьненьне, выгналі з інтэрнату: не прайшоў у час флюраграфію. Кароста асабіста прыходзіў выносіць мае рэчы.

— Кастусь, ты што кажаш такое? Цябе выключаюць?! І Фрэбэрг дазволіў? Ды ён жа рэктарат разьнясе ў шчэпы!

Косьця зьняў акуляры, нізкавока прыжмурыўся і ціха сказаў:

— Аляксандра Ісакавіча тут больш няма.

Калі б ён выкаціў з-за сьпіны гармату ды пальнуў у куток, то не выклікаў бы большага зьдзіўленьня. Я зьнямела.

— Як гэта няма? Ён… памёр?

— Не, не памёр, Бог з табой! Зьехаў у Нью-Ёрк.

— У Нью-Ёрк! Во як!.. Але чаму… (“…ён мне нічога не сказаў” — ледзь не зьляцела зь языка.) Але чаму?

Канстанта паціснуў плячыма.

— Чаму даўно ўжо ня зьехаў, лепш спытала б. А апошнім часам яму далі зразумець… У тым самым рэктараце… Дый ня толькі там. Фрэбэргу падпалілі дзьверы і пабілі вокны ў кватэры. Чаго было чакаць? У яго ж сям’я, дачка…

Бармэн сам прынёс замоўленую піцу.

— Пабачыў, што вы занятыя, вырашыў прынесьці.

Я паглядзела на яго, не адразу зразумеўшы, што да чаго.

— Дзякуй, Пятро. Зрабі ласку, Канстанты, ня дай прапасьці дабру. Я замовіла, але нешта мне ніякавата — зьеж ты, калі ласка.

Канстанта каўтнуў сьліну.

— Ты сапраўды ня хочаш?

— Не, не хачу. Прабач, я ненадоўга адыдуся.

Пахістваючыся, дабрыла да прыбіральні. Музыка сюды не даносілася, і я адчула, як тахкае ў скронях кроў.

Ну вось, абышліся з табой, як з курвай. Абапіраючыся на ракавіну, я халодна і павольна разглядала сябе ў люстры. Белыя валасы над ілбом, карыя вочы, поўныя вусны — мне захацелася самой сабе ўчапіцца кіпцюрамі ў твар, раздрапаць сьветлую скуру, біцца галавой аб сьцяну… Спакайней, Яніна. Няма ніякай бяды. Спакайней.

…Гісторыя з Фрэбэргам пачалася таму, што мая маці памерла ад раку — хутка і страшна. Я не магла жыць. Не магла быць дома, між сьценаў, што бачылі яе агонію. На занятках я сядзела як за шчыльнай заслонай, празь якую не праходзіла нічога — ні гукаў, ні сьвятла. Не рэагавала на словы. І сябры, і выкладчыкі ведалі пра гэта — мяне ніхто не чапаў. Ніхто, акрамя Фрэбэрга.

Я цяпер разумею, што ён назіраў за мной, і вось на адным з заняткаў выклікаў да дошкі. Ясная рэч, я нават ня ведала, зь якога боку падступіцца да практыкаваньня з матаналізу. І не хацела ведаць: мне было ўсё адно. Я нават не зусім усьведамляла, што са мной і дзе я, — перад маімі вачыма стаяў мамін твар, з голым з-за хіміятэрапіі чэрапам, з адвіслай сківіцай. Апошнія пяць дзён яна была непрытомнай і ўвесь час стагнала… Стоячы ля дошкі з крэйдай у сьціснутых пальцах, я чула толькі гэтыя стогны… І раптам пачуўся кплівы голас Фрэбэрга — поўныя жоўці, рэзкія словы:

— …поўнай дурніцай. Так, так, поўнай дурніцай. Што вы гледзіцё на мяне, як на выкапня? Гэта я павінен на вас так глядзець — стаіцё, як слуп, і ня можаце рашыць просьценькую задачу. Вы што, ідыётка? А мо ў вас крытычныя дні? Ці гэта ваш звычайны фізіялягічны ўзровень разьвіцьця? Але ў такім разе даводжу да ведама: ёлупням месца не ў інстытуце, а ў Навінках.

— У яе маці памерла, — ня вытрымаў нехта з нашых.

— Вельмі шкада. Але такой дурніцы, як вы, бяз маці толькі лепш. Вяселей.

Гэтыя абразы даходзілі да мяне з пэўнай затрымкай — як у фільме, калі гук не супадае з выявай. Калі дайшлі апошнія словы, са мною нешта стала. Мяне ўдарыла дрыготка. Я пачырванела. Фрэбэрг стаяў ля акна і пільна назіраў за мной. Я закрычала “Быдла, быдла!” і шпурнула ў яго крэйду, шматку, яго паперы, якія ляжалі на стале, партфэль і, нарэшце, крэсла, на якім ён сядзеў. Дзе-чым пацэліла. Сьлёзы паліліся зь мяне ўпершыню пасьля пахаваньня, і, захлынаючыся імі, я кінулася з аўдыторыі. Зарэмбачка паляцела за мной, і ў туалеце, дзе я асела на падлогу, доўга моўчкі гладзіла мяне па валасах.

З таго дня я стала выходзіць на сваё. Жыцьцё паціху вярталася. Бацька ўздыхнуў з палёгкай.

Я многа думала, чаму Фрэбэрг так жорстка мяне зьняважыў. Вядома, ён заўсёды гаварыў з студэнтамі іранічна, мог насьмяяцца зь няздары, але кпіны яго былі вясёлыя — у яго на занятках іншы раз аж стагналі ад рогату… За што ж ён так зь мяне?

На “вышку” я не хадзіла, старанна ўхілялася ад магчымых сустрэчаў з Фрэбэргам у нашых гулкіх доўгіх калідорах. Аднойчы Зарэмба данесла:

— Фрэбэрг пытаўся, чаму ты ня ходзіш на заняткі. Сказаў, што падасьць зьвесткі па пропусках у дэканат.

— Няхай.

— Ну і чым гэта скончыцца? Цябе пазбавяць стыпухі. А як ты здасі экзамен?

Раззлаваная, я павярнулася, каб сказаць, што ніколі ня выбачу яму, што не магу яго бачыць, што лепш вылечу, чымся гэтаму скаціняку… Фрэбэрг ішоў па калідоры, ішоў да нас — гэта было несумненна. Ён адмыслова спусьціўся ў цагляныя кратаваныя казэматы, дзе ў нас меліся быць лябараторныя па квантавай мэханіцы.

Алена павіталася.

— Калі можна, я прасіў бы вас на два словы, — зьвярнуўся ён да мяне.

Я адмоўна пахістала галавой.

— Магчыма, я вінаваты перад вамі, і ў вас ёсьць прычыны крыўдаваць на мяне. Магчыма, і ў мяне былі прычыны паводзіць сябе так, як я сябе паводзіў, але я ня буду на іх спасылацца. Скажу з усёй шчырасьцю, што шкадую, калі пакрыўдзіў вас, і прашу за гэта прабачэньня, — сур’ёзна сказаў Аляксандар Ісакавіч.

Я пачырванела. Алена, на маё зьдзіўленьне, таксама.

Фрэбэрг прывёў мяне ў пустую аўдыторыю і тут, сярод крэслаў, перакінутых на сталы, падышоў і пагладзіў па валасах. У шоку, я ўзьняла вочы. Гэтага яшчэ… Але ён не зьбіраўся мяне шкадаваць, выказваць спачуваньне, чаго я баялася. Вочы яго глядзелі так… Так… У мяне нэрвова трымкнула павека — раптам я зразумела мужыкоў, зь якіх сьмяялася раней, і замерла. Я баялася варухнуцца: не хацела парушаць таго, што адбывалася, і ня ведала, што адбываецца, і старалася не дрыжаць…

Ён вельмі прыгожы — пароднай прыгажосьцю моцнага разумнага мужчыны. Ці заўважала я гэта раней? Пэўна, так, але толькі цяпер яго прыхаваная моц раптам абрынулася на мяне. Ён палка пацалаваў мяне ў вусны — і забі мяне Бог, калі я думала ў гэты момант пра што-небудзь… Шарахнуў званок. Адарваўшыся, але моцна трымаючы мяне за рукі, ён назваў адрас.

— Заўтра, а пятай. Я буду цябе чакаць.

Нічога больш ня кажучы, пайшоў. Я глядзела на свае рукі, барвова паплямаваныя ягонымі пальцамі, і шэптам паўтарала адрас…

…Па якім назаўтра, стоячы ля дзьвярэй, ужо мо трэці раз узьнімала руку і зновачку апускала, ня ў змозе націснуць званок. Раптам дзьверы самі рэзка расчыніліся, і той, хто стаяў за імі, нецярпліва рвануў мяне праз парог усярэдзіну…

Так пачаўся наш раман — калі гэта можна назваць раманам. Мы бачыліся даволі часта, кожны раз у яго, і кожны раз гэта было нейкае шаленства. Мы мала гаварылі, зрэдку разам вячэралі. Я ніколі не гатавала яму ежу. Ён ніколі не праводзіў мяне дадому, ніколі не загаворваў ні пра будучыню, ні пра інстытуцкія справы. Мы толькі зрэдчас разам елі вячэру, якую нехта гатаваў раней. Ня вельмі мне гэта падабалася. Дайшло да таго, што я вырашыла паставіць на сваім, прымусіць паважаць сябе — і ў далёкіх закутках падсьвядомасьці ўжо вымалёўвалася салодкая карціна: незалежная і гордая я — на пастамэнце самапавагі, і Фрэбэрг А.І. — на каленях просіць прабачэньня, рукі, сэрца і дазволу пазнаёміцца з бацькам. І нашае сумеснае жыцьцё зіхаціць і зьзяе пад гукі шлюбнага маршу… Нічым мары ня скончыліся, вядома. Я прыходзіла да яго шторазу, калі ён клікаў. Хацела не ісьці, але не магла. Кожны раз змагалася з сабою да апошняй хвіліны, а потым ліхаманкава зьбіралася і хапала таксоўку… Ня трэба мяне бэсьціць. Вы п’яце гарэлку, я прагну каханьня. Хай яно гарыць! Дужэйшы ён за мяне. Прагнуў мяне — і атрымаў. А я прагну яго — і… У Нью-Ёрку!..

…Дуб з Канстантам, як кавалеры, правялі мяне дадому, і Дуб на разьвітаньне, цалуючы ручку, зазначыў:

— Я не прашу мадмуазэль выйсьці за мяне замуж, але, о сьвенты Божа, якую я гэтым раблю памылку!

Ён зрабіў жэст, які меўся паказаць глыбіню ягонага гора, і зьехаў па парэнчыне.

Бацька ня спаў, чакаў мяне, каб распавесьці пра сёньняшні выклік да сьледчага.

— Пазванілі мне на працу, прапанавалі зайсьці,— бацька хадзіў туды-сюды па кухні, і я вадзіла за ім галавой. — Мог бы й не вярнуцца!

— Як так?

— А так! Сьледчы гэты — забыў прозьвішча — млявы такі, як цела без душы, паказаў мне фота забітага і пытае — ці ведаеце гэтага чалавека? Прыгледзеўся я — а гэта Мянцей! Так, кажу, ведаю, працавалі раней разам. А калі, пытаецца, вы яго бачылі апошні раз? Ды, кажу, з паўгоду таму, тады ён якраз звольніўся. А сьледзтва, кажа той, мае зьвесткі, што вы бачыліся з пацярпелым непасрэдна перад яго сьмерцю. Якія такія, кажу, зьвесткі? Не сказаў якія, выклаў на стол наш нож, і пытаецца: пазнаяце гэтую рэч? Як, кажу, не пазнаць, калі гэтым нажом ужо мо дзесяць гадоў карыстаюся. Гэтым нажом, кажа, забілі грамадзяніна Мянцея, і на дзяржаньні былі знойдзеныя толькі вашыя адбіткі пальцаў. Чым вы гэта патлумачыце? Тым, кажу, і патлумачу: дзесяць гадоў ім карыстаюся, як ня быць? І няўжо ж вы думаеце, кажу, што калі б я забіў Мянцея, то не паклапаціўся б дзяржаньне працерці?

Ці прызнаяце, кажа, што шэсьць месяцаў таму пагражалі Мянцею сьмерцю?.. Гэты Мянцей, бачыш, быў такой свалатою, што пашукаць, — нэрвуючыся, працягваў бацька. — І якраз перад яго звальненьнем, сапраўды, быў выпадак — з-за таго ён і звольніўся. Прыйшла да нас у кансультацыю, разумееш, старая — пад хвартухом увесь век сядзела, нейкай машыністкай жыцьцё прапрацавала, ні чорта ні ў чым не разьбіраецца, і — дапамажыце ёй аформіць дамову зь нейкай цётухнай. Тая будзе старасьць старэчую даглядаць, а пасьля сьмерці — успадкуе кватэру. Я сам быў вельмі заняты, а тут Мянцей падвярнуўся — давайце, кажа, бабульцы дапамагу. Ну, дапамагай! І дапамог! Тая шлёндра, якая хацела прыбраць да рук яе кватэру, Мянцею адваліла добры куш, і ён такую дамову накатаў, што трымайся! Бабулька верыла яму сьлепа — а як жа ж, юрыст зь дзяржаўнай установы, рассыпаўся перад ёй дробным макам… Падпісала ўсё. І адразу за парогам апынулася! Згодна з падпісанай дамовай! Старая, енчачы, зноў да нас. Я гляджу — а яна ж, паводле дакумэнтаў, кватэру прадала, прэтэнзіяў ня мае, і расьпіска ёсьць, і ўсё ў натарыюса засьведчана! Сядзіць тая старая перад мной ды плача — начавала яна на прыступках ля кансультацыі, бо там яе ўжо і на парог не пусьцілі. І тут зьяўляецца Мянцей на працу — сыты, пад гальштукам, дэзадараваны. Ну, я і не стрымаўся. Гальштук зь яго садраў і ў каўнер наклаў. Пры Галіне Казіміраўне ды Маргарыце Яўсееўне… Пасьля таго Мянцей і звольніўся, — бацька ўскудлаціў валасы. — І вось цяперака выходзіць, што я яго забіў! Бо паўгоду таму пагражаў! Пагражаць я пагражаў, дык што ж? Ці ў яго і яйцы былі адарваныя?

А дзе вы былі тады і тады, пытаецца ў мяне сьледчы?

Працяг будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0