Мы прыбіраем кропкі над “і”!

Крытэр — інтэлект

Сёньня ў паседжаньні аналітычнага клюбу “Сонейка” бяруць удзел аналітык у цывільным Калядоп, урач-футуроляг Фядупа, літаратар Касьцям, самая сэксуальная журналістка сьвету Таліб і Змагар нябачнага фронту. Яны разважаюць на гарачыя тэмы тыдня — пра новыя прызначэньні ва ўрадзе, уступныя іспыты і гендэрныя праблемы.

Калядоп: Напярэдадні Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Гарант Канстытуцыі зрабіў шэраг кадравых перастановак, зазначыўшы, што ў часе адбору прэтэндэнтаў на высокія пасады міністраў і прэм’ераў карыстаўся адзіным крытэрам — “інтэлектам чалавека”, а з астатнімі змагаўся апэратыўнымі мэтадамі.

Фядупа: Ну, ведаеце, міністраў ставіць — гэта вам не італійскіх шпіёнаў вызваляць. Ёсьць абсалютна пэўная інфармацыя, што ўсе новыя прызначэньні Лукашэнка ўзгадніў з Гаспадаром Крамля. І Ўладзімер Пуцін, з уласьцівай яму пранікнёнасьцю самбіста, даў АРЛ шэраг карысных парадаў. Менавіта зь ягонае падачы Лукашэнка, які спачатку хацеў паставіць Анатоля Цюцюнова першым намесьнікам прэм’ер-міністра, а Сяргея Сідорскага — новым намесьнікам прэм’ер-міністра, зрабіў наадварот, чым вызнаў сваю абсалютную падпарадкаванасьць Крамлю і згоду ўвайсьці 90-й вотчынай у дэмакратычную Расею.

Калядоп: Не, калега, тут Вы ня маеце рацыі. Згодна з плянам, выпрацаваным шэрагам кампэтэнтных органаў пры кіраўніку дзяржавы, Гарант Канстытуцыі пакінуў маленечкую надзею і беларускім нацыянал-радыкалам зь іх даведзенай да абсурду ідэяй “самасьційнасьці”, прызначыўшы выпускніка Магаданскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэя Кабякова міністрам эканомікі. А мог бы і культурай кіраваць паставіць… А так — няхай за Гулякам яшчэ пагуляюць.

Фядупа: Толькі вельмі недалёкі чалавек ня зьвязваў бы гэтых падзеяў з мэтадычнай і фінансавай падтрымкай Цэнтрабанку Расеі. Мы ж ня можам быць замужам за іншай цывілізацыяй…

Таліб: Дарэчы! Пра замуж! Мяне вось якая праблема турбуе: чаму сярод новапрызначаных уладцаў вось ужо колькі гадоў няма ніводнае жанчыны? Я хачу спытацца ў старшыні Камітэту дзяржкантролю спадара Тозіка, у міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна — хто нарадзіў вам абітурыентаў?! І як могуць тыя 560 кантралёраў казаць пра маральную чысьціню, калі яны — мужыкі?

Касьцям: А мне тэлефанавалі з многіх славянскіх дзяржаў і падтрымлівалі нашага прэзыдэнта! Бо яшчэ ў дзявятым стагодзьдзі патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі вызначыў ролю жанчыны ў грамадзтве: kirche, kinder, küchen! Навошта нам жанчыны ва ўладзе, калі там ёсьць іх Гарант?

Змагар: А як па мне, дык усе вы, што мужыкі, што бабы, — здраднікі, рэнэгаты і агенты Масквы!

Таліб: Аге-енты?! А чаму не агенткі?!

Тут мы мусілі згасіць сьвятло і ўключыць пажарную сыгналізацыю, бо спрэчка пагражала выйсьці за межы аналітычнага рынгу.

Аддзел аналітыкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0