З прафсаюзамі разабраліся

Заадно і Пуціну зарэзалі ахвярнага козьліка

Больш за 200 дэлегатаў пленуму Фэдэрацыі прафсаюзаў прагаласавалі за кандыдатуру Леаніда Козіка. Cупраць — усяго дзесяць, васьмёра ўстрымаліся. Лідэр прафсаюзу мэталістаў Бухвостаў абяцае, што на зьезьдзе прафсаюзаў Козіку будзе выстаўленая альтэрнатыва. А Лукашэнка “на разьвітаньне” ўзнагародзіў Козіка ордэнам Пашаны “за плённую працу і грамадзкую дзейнасьць”.

Кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай (ФПБ) Франц Вітко падаў у адстаўку пасьля таго, як яму ў адзін голас пачалі выказваць недавер абласныя і галіновыя прафструктуры. Усё адбылося настолькі зладжана, што проста ня верыцца, каб за гэтым не стаялі добры плян і каманда з цэнтру.

Захаваўшы ўладу, лукашысты нэўтралізавалі прафсаюзы. Спачатку пасаду старшыні ФПБ добраахвотна пакінуў У.Ганчарык, а намесьніцаю старшыні перастала быць Валянціна Палевікова. Цяпер гэтак жа добраахвотна адышоў ціхмяны Ф.Вітко. Добраахвотнасьць робіцца добрай традыцыяй ФПБ.

Чуткі пра тое, што Вітка зьменіць намесьнік старшыні адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Козік, зьявіліся напярэдадні адстаўкі кіраўніка ФПБ. Нібыта гэта было вырашана 2 ліпеня, падчас нарады ў адміністрацыі Лукашэнкі. Прафсаюзы чакалі новага гаспадара.

Прызначэньнем мяккага Ф.Вітка прафсаюзы пайшлі да ўладаў “з павіннай”, просячы захаваць за імі самастойнасьць. Вітко быў чалавекам пад уладу. Але ўлада не паважае слабых. Таму наступнікам Вітка стаў чалавек улады. Ф.Вітко камэнтаваць сваю паразу адмаўляецца. А што камэнтаваць, калі, фактычна, і барацьбы не было?

Пленум Фэдэрацыі прафсаюзаў 16 ліпеня падвёў рысу пад кароткім пэрыядам яе “апазыцыйнасьці”. Прафсаюзы не папулярныя ў народзе. З савецкіх часоў людзі звыкліся, што прафсаюзы не займаліся рэальнай абаронай правоў працоўных, а зьяўляліся прыдаткам адміністрацыі. Нечаканая палітызацыя ФПБ летась была грамадзтву ў навіну. Цяпер незалежнаму грамадзтву нічога не застаецца, як разьвіваць незалежныя прафсаюзы: хай яны слабыя, затое не бесхрыбетныя.

Чаму менавіта Козік? Козік адказваў за падрыхтоўку праекту саюзнага пагадненьня Беларусі й Расеі і сваёй дзейнасьцю выклікаў шэраг вострых заяваў расейскіх палітыкаў. Сваёй новай пасадай Козік расчараваны ня будзе. Уласнасьць Ганчарыку ўдалося захаваць немалую. Для працы і адпачынку. Дый вагу прафсаюзаў Ганчарык узьняў. А па старой намэнклятуры пасада на чале прафсаюзаў дае месца ў “Бюро ЦК”.

Месца Л.Козіка ў прэзыдэнтуры заняў Мікола Іванчанка, кіраўнік канцэрну “Белрэсурсы”. Цікава, што дастанецца за здачу ФПБ Ф.Вітку. Няміласьць як заплямленаму ў кантактах з апазыцыяй або прызначэньне, напрыклад, паслом?

Алег Тачоны

 

камэнтары

Ці магло прычынай “адпраўкі” Л.Козіка ў ФПБ стаць незадавальненьне ягонай дзейнасьцю з боку расейцаў?

Палітоляг Андрэй Ляховіч: Наўрад ці. Папросту адбываецца “кругазварот асобаў” у межах прэзыдэнтуры. Людзей тасуюць увесь час з пасады на пасаду. Асабіста Козік можа расцэньваць прызначэньне як павышэньне. ФПБ была арганізацыяй, якая патэнцыйна магла вывесьці людзей на вуліцу. Таму Козік атрымаў адказную працу.

Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопісу “Arche”: Козік фармальна мае досьвед працы з прафсаюзамі. Гэтым і абумоўлены цынічны выбар яго кандыдатуры. А расейскага фактару тут няма. Проста перакінулі Козіка на іншы ўчастак ударнай працы. Козік – чалавек, ляяльны да рэжыму і асабіста адданы Лукашэнку. З прыходам Козіка ў ФПБ яшчэ адзін “бастыён” апазыцыйнасьці зьнікне.

цытата тыдня

А чаго лез?

Франц Вітко: “Адна справа — калі ты старшыня і адказваеш за арганізацыю, а іншая справа — калі зь цябе гэтыя путы зьнятыя”.


 

Рэжым бярэцца за камуністаў

17 ліпеня Лукашэнка заявіў, што палітычныя сілы ў краіне павінны кансалідавацца, а сытуацыя з існаваньнем у краіне дзьвюх кампартыяў “нездаровая”. Як вядома, цяпер дзейнічаюць праўрадавая КПБ і апазыцыйная ПКБ. Лукашэнка мяркуе, што партыя мусіць быць адна — і кансалідавацца, вядома, трэба вакол КПБ. Увечары таго ж дня калякінцы сабралося на нараду дзеля абмеркаваньня заявы. Вынікі на момант здачы нумару не былі вядомыя.

Б.Т.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0