Сэвэрын і Ута перакінуліся да лукашыстаў

Ад 6 да 10 ліпеня ў Бэрліне праходзіла чарговая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Дэлегацыя палаты прадстаўнікоў спадзявалася заняць на ёй пустое цяпер месца Беларусі ў зале пасяджэньняў. І хоць посьпеху чарговы раз дасягнуць не ўдалося, жаданая мэта была блізкай.

Знамянальна тое, што на бок палаты прадстаўнікоў сталі былы прэзыдэнт ПА АБСЭ Адрыян Сэвэрын, а таксама кіраўніца рабочай групы па Беларусі Ута Цапф. Сэвэрын спрабаваў пазьбегнуць дыскусіі па беларускім пытаньні і “прапіхнуць” яго цішком. Але гэтаму запярэчылі дэлегаты ад ЗША, Латвіі, Швэцыі і нават Ганс-Георг Вік. У выніку практычна дзьве трэці пасяджэньня былі прысьвечаны абмеркаваньню беларускай сытуацыі.

“Белорусская газета” прычынай гэтых кульбітаў бачыць асабісты інтэрас Адрыяна Сэвэрына. Гэтае пасяджэньне ПА АБСЭ было апошнім для яго як прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі. Наперадзе — паварот у кар’еры, магчыма, высокая пасада ў ААН. Але, каб заняць яе, спатрэбіцца падтрымка Расеі. А дзеля гэтага трэба зрабіць ёй што-небудзь прыемнае. Відаць, дзядзьку, зусім як нашаму гора-сьпікеру Шарэцкаму ў Беларусь, ня хочацца вяртацца ў Румынію.

Многіх назіральнікаў зьдзівіла нязьменнасьць пазыцыі расейскай дэлегацыі ў пляне падтрымкі беларускіх дэпутатаў. Хоць цяпер, пасьля заяваў Пуціна, многія чакалі зьмен і тут. Ані!

На адной з бэрлінскіх сустрэч кіраўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі Ўладзімер Канаплёў заявіў, што да яго зьвярталася група “былых сяброў БНФ” з прапановай стварыць новую палітычную партыю. І Канаплёў “уважліва ставіцца” да такой пэрспэктывы. Цяперашняя апазыцыя бачыць у гэтай заяве імкненьне ўладаў узмацніць “кішэнную апазыцыю”.

Нарэшце, яшчэ адзін штрых да нядаўняга пасяджэньня ПА АБСЭ — чарговы скандал з ЛДПБ. С.Гайдукевіч прыехаў на пасяджэньне па асабістым запрашэньні, прысланым яму Сэвэрынам. З чаго такі гонар Гайдукевічу? — абураюцца апазыцыянэры.

Выніковая ж рэзалюцыя Генэральнай асамблеі АБСЭ па Беларусі выявілася жорсткай. І месца Беларусі працягвае пуставаць.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0