Навука

Жыцьця на Марсе не пазьбегнуць

Ужо не далёкі той час, калі калянізацыя космасу зробіцца для зямлянаў непазьбежнасьцю. Найбуйнейшы фізык і касмоляг сучаснасьці Стывэн Гоўкінг заявіў, што трэцяе тысячагодзьдзе, хутчэй за ўсё, станецца апошнім для зямнога чалавецтва. Тэндэнцыя да глябальнага пацяпленьня й біятэрарызм пагражаюць зрабіць плянэту такой жа безжыцьцёвай, як і Вэнэра.

Але з навукова-тэхнічным прагрэсам вучоны зьвязаў і шанцы на выжываньне. На яго думку, выжыве “незямное” чалавецтва, якое шматлікія чыньнікі прымусяць пакінуць сваю “калыску”. Ужо ў гэтым стагодзьдзі будзе калянізаваны Марс, хоць вялікіх здабыткаў гэта ня дасьць, бо плянэта маленькая, халодная, бедная на атмасфэру і не прыстасаваная для жыцьця чалавека.

Гоўкінг лічыць, што ратунак у міжзоркавых вандроўках, стварэньне тэхнічных умоваў для якіх — справа не такой далёкай будучыні. Такія падарожжы расьцягнуцца на сотні тысячаў гадоў, за якія чалавецтва зьменіцца карэнным чынам. Найперш зьменяцца нашыя целы: у трэцім тысячагодзьдзі ДНК чалавека цалкам пераплянуецца, павялічыцца мозг. Прадухіліць гэта немагчыма. Гоўкінг кажа, што “чалавечая раса мае патрэбу ў паляпшэньні сваіх мэнтальных і фізычных якасьцяў, бо яна мае справу з усё больш складаным навакольным сьветам і сутыкаецца з такімі новымі задачамі, як касьмічныя падарожжы”.

Рабіць такія далёкасяжныя прагнозы — справа рызыкоўная, нават для карыфэя матэматычнай фізыкі. Аднак такія сцэнары ўжо абмяркоўваюцца на поўным сур’ёзе, і тычацца яны не такой аддаленай будучыні. Нядаўна Сусьветны фонд дзікай прыроды апублікаваў прагноз, згодна зь якім да 2050 г. чалавецтву проста давядзецца калянізаваць дзьве новыя плянэты, калі тэмпы спажываньня рэсурсаў Зямлі застануцца на сёньняшнім узроўні. Бо ад 1970 да 1995 г. была вычарпаная прыкладна траціна зямных прыродных рэсурсаў, і, калі нічога ня зьменіцца, празь 50 гадоў іх не застанецца зусім. Так, плошча лясоў скарацілася на 12%, запасы траскі ў Паўночнай Атлянтыцы зьменшыліся з 264 тыс. тонаў да 60 тыс. тонаў, папуляцыя птушак у Вялікай Брытаніі скарацілася на 92% і г.д. Хоць гэтыя ацэнкі СФДП завышаныя, яны добра адлюстроўваюць агульную тэндэнцыю.

Адсюль дылема: або скараціць спажываньне (асабліва гэта тычыцца разьвітых краінаў), або калянізаваць космас. Аднак у найбліжэйшым касьмічным навакольлі нічога падобнага да нашай плянэты не назіраецца. А ў глыбокі космас чалавецтва пакуль не адважваецца сунуцца.

Застаецца безжыцьцёвы Марс, першую міжнародную экспэдыцыю на які расейскія касьмічныя чыноўнікі нядаўна прапанавалі выправіць у 2015 г. Палёт павінен заняць 440 дзён і абысьціся ў 20 млрд. даляраў, зь якіх Расея гатовая ўнесьці 30%. Аднак меркаваныя партнэры з NАSА і Эўрапейскага касьмічнага агенцтва пакуль паставіліся да гэтай прапановы вельмі стрымана.

Так што ў касьмічнай калянізацыі хапае і спакусаў, і неабходнасьці, але пакуль яўна не стае магчымасьцяў.

Сяргей Санько

санітарыя

Абразаньне ад СНІДу

Такая простая працэдура, як мужчынскае абразаньне, можа даволі эфэктыўна засьцерагчы ад заражэньня ВІЧ, паведаміла падчас XIV Міжнароднага кангрэсу па праблемах СНІДу доктар Гелен Гейлі з Фонду Біла і Мэлінды Гейтсаў.

Пра тое, што абрэзаныя мужчыны радзей заражаюцца пранцамі й ганарэяй, было вядома даўно. Цяпер выявілася, што гэтаксама можа быць і зь ВІЧ. Дэталёвы аналіз 21 выпадку засьведчыў, што абрэзаныя мужчыны заражаюцца вірусам удвая радзей за неабрэзаных.

Чаму так адбываецца, навукоўцы не да канца разумеюць. “Магчыма, мужчыны, якія жывуць там, дзе пастаянна практыкуецца абразаньне, менш схільныя да рызыкоўных палавых паводзінаў”, — сказала Гейлі. А магчыма, і скура грубее пасьля абразаньня, што ўскладняе пранікненьне інфэкцый.

Справа настолькі сур’ёзная, што вучоныя ўжо распачалі ў Кеніі і Ўгандзе спэцыяльныя дасьледаваньні гэтай праблемы. Спэцыялісты сярод іншага хочуць высьветліць, наколькі вялікую ролю адыгрывае ўзрост, у якім робіцца абразаньне, а таксама ці зьмяншае яно рызыку заражэньня для полавых партнэраў абрэзаных мужчынаў.

гармоны

Больш шкоды, чым карысьці

Толькі ў Злучаных Штатах 6 млн. жанчынаў пасьля клімаксу п’юць гарманальныя таблеткі. Лічыцца, што такім чынам жанчыны нібыта працягваюць маладосьць — захоўваюць сьвежасьць скуры, пазьбягаюць праблемаў з абменам рэчываў. Пасьляклімаксная гарманальная тэрапія становіцца папулярнай у Беларусі. Яе рэклямуюць глянцавыя часопісы, раяць у многіх цэнтрах прыгажосьці.

Тым часам амэрыканскія лекары, дасьледаваўшы звыш 16 тыс. жынчынаў, высьветлілі, што прыём аналягаў эстрагену і прагестэрону (жаночых полавых гармонаў) павялічвае рызыку разьвіцьця раку грудзей, інфаркту міякарда, а таксама інсульту.

Каб не зрабіць паддосьледным шкоды, амэрыканскія Нацыянальныя інстытуты здароўя (НІЗ) загадалі спыніць вывучэньне эфэктаў гармоназамяняльнай тэрапіі. “Карысьць ад яе ў выглядзе меншай колькасьці розных расстройстваў ці меншае рызыкі захварэць на рак тоўстай кішкі не зьяўляецца падставай для пастаяннага прыёму камбінацый гармонаў пасьля мэнапаўзы”, — сьцьвярджае дырэктар аднаго зь НІЗ доктар Клод Лэнфант.

Што цікава, у паралельным абсьледаваньні 10 тыс. жанчынаў, якія прымянялі адзін эстраген (у іх з розных прычынаў была выдаленая матка), ня выяўлена ніякіх пабочных вынікаў. Таму гэтае дасьледаваньне будзе працягвацца згодна з плянам да 2005 г.

фізыка

Скасавалі элемэнт

Найцяжэйшы зь вядомых у прыродзе хімічны элемэнт №118 будзе выкрасьлены з табліцы Мендзялеева. Фізыкі з Бэрклі, якія тры гады таму абвясьцілі пра яго адкрыцьцё, цяпер абверглі сваё паведамленьне. “Мы памыліліся”, — прызнаюцца яны ў лісьце ў “Physical Review Letters”.

Яны бамбардавалі волава цяжкімі ядрамі крыптону, карыстаючыся наватарскай мэтодыкай польскага фізыка Робэрта Смаленчука з варшаўскага Інстытуту ядзерных праблемаў. Каманда Кена Грэгарыча зь фізычнай лябараторыі ў Бэрклі (ЗША) была перакананая, што зафіксавала ўзьнікненьне ў часе гэтых рэакцыяў хімічнага элемэнту з 118 пратонамі і 175 нэйтронамі, які распадаўся праз 120 мікрасэкундаў. На жаль, досьледы ў іншых лябараторыях, напрыклад у Дармштаце (Нямеччына), не пацьвердзілі гэтага.

Электрыфікацыя галаўнога мозгу

Раскрыты мэханізм узьнікненьня хваробы Гантынгтана

У фільме “Матрыца” чалавецтва робіцца ахвярай бяздушных кампутараў, якія выйшлі з-пад кантролю. Людзі для іх — крыніца энэргіі. Дзясяткі тысячаў людзей, што нерухома ляжаць у ваннах з пажыўным растворам, выконваюць ролю элемэнтаў сілкаваньня. Тоўсты кабэль, уторкнуты ў патыліцу, забясьпечвае кожнага сыгнальнымі імпульсамі, дзякуючы якім імітуецца жыцьцё, і адводзіць выпрацаваную мозгам энэргію.

Усё гэта фантастыка, за выключэньнем таго, што думка — электрычны сыгнал: усё, што мы адчуваем, — гэта электрычныя імпульсы, якія распаўсюджваюцца па нэйроннай сетцы нашага мозгу.

Магутнасьць — 40 Вт

Электрычнасьцю, якую выпрацоўваюць нашыя шэрыя клеткі, можна запаліць 40-ватную лямпачку. Мозг, які складае 2% ад масы цела, спажывае 20% энэргіі арганізму. Кожная нэрвовая клетка мае “радыёперадатчык”, “кабэльную сетку” (заканчэньні нэрвовых валокнаў — аксоны і дэндрыты, даўжыня якіх часам сягае кілямэтру) і шматлікія “электрастанцыі” — мітахондрыі. У сярэдзіне кожнае зь іх — таксычныя свабодныя радыкалы, процьма атрутнага ў вялікіх канцэнтрацыях кальцыю. Таму кожная мітахондрыя адасоблена ад рэшты клеткі падвойнай сьценкай. Вынікі разбурэньня гэтае перашкоды бываюць забойчымі для арганізму: пачынаецца хвароба Гантынгтана, што выяўляецца ў дрыжаньні канечнасьцяў, разумовай адсталасьці і страце каардынацыі рухаў.

Атака на электрастанцыі

Прычынай хваробы Гантынгатана зьяўляецца мутацыя гену, які кадуе бялок пад назвай “гантынгтын”. У здаровых людзей гэты ген уключае ад 10 да 25 паўтораў камбінацыі нуклеатыдаў ЦАГ. У хворых — ад 36 да 60 і болей. Чым іх болей, тым раней праяўляецца хвароба Гантынгтана. Людзі, у якіх ланцужок паўтараецца 60 разоў, пачынаюць хварэць пасьля дваццаці.

Раней ніхто дакладна ня ведаў, ад чаго хвароба бывае. Адны навукоўцы настойвалі, што дэфэктны гантынгтын спрыяе гібелі клетак. Іншыя вінавацілі ў гэтым бялок CREB, які разам з гантынгтынам выклікае памылкі ў рэплікацыі генаў. Ніводзін з бакоў ня меў пераканаўчых доказаў. Падобна, што памыляліся і адны, і другія.

Так пішуць у апошнім нумары часопісу “Nature Neuroscience”. Каманда прафэсара Тыма Грынміра з Мэдычнага ўнівэрсытэту Эмэры ў Атланце даводзіць, што дэфэктны гантынгтын атакуе непасрэдна “клетачныя электрастанцыі”. У ходзе назіраньняў было выяўлена, што работа “клетачных электрастанцый” пачынае парушацца яшчэ перад узьнікненьнем якіх-небудзь сымптомаў хваробы — яны выпрацоўваюць значна менш энэргіі, чым здаровыя мітахондрыі, і прапускаюць у клетачнае асяродзьдзе зашмат шкоднага кальцыю. Чаму? Каманда Грынміра сьцьвярджае, што дэфэктны гантынгтын проста сьвідруе сьценкі мітахондрый, а гэта парушае хімічную раўнавагу, неабходную для вытворчасьці энэргіі, і адначасова выклікае шкодныя ўцечкі. У складаных досьледах на выдзеленых з клетак мітахондрыях навукоўцы паказалі, як пасьля зьмяшчэньня ў раствор дэфэктнага гантынгтыну здаровая мітахондрыя раптам перастае спраўляцца з утрыманьнем кальцыю ў сваіх межах і пачынае паводзіць сябе як мітахондрыя хворых людзей.

Ад адкрыцьця да лекаў

Адкрыцьцё вучоных з Атланты можна разглядаць як адсутны раней элемэнт мазаікі, што зьвязвае мутацыю клетак з сымптомамі хваробы. Але ці азначае гэта, што цяпер мы ведаем, як яе лячыць? Наўрад ці. Розьніца паміж тым, што мы ведаем, і тым, чаму можам даць рады, усё яшчэ вялікая. Аднак адкрыцьцё мэханізму ўзьнікненьня хваробы дае надзею і на адшуканьне лекаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0