Аб усім патроху

Кітай—Каменны Лог—Масква

На пераезьдзе “Каменны Лог” Ашмянскай мытні затрымалі 5-тонную партыю самаклейнай плёнкі. Дакумэнты на яе былі падробленыя. Паводле папярэдніх падлікаў, груз каштуе 20 млн. рублёў. Везьлі яго літоўскія перавозчыкі ў Маскву… з Кітаю.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

ІРА прабачаецца

Ірляндзкая рэспубліканская армія (ІРА) папрасіла прабачэньня ў ахвяраў свайго тэрору. “Хоць забойства ці раненьне невінаватых людзей падчас барацьбы не было нашай мэтай, на самай справе шмат калі вынік нашай дзейнасьці быў такі”, — напісана ў заяве арганізацыі. ІРА распаўсюдзіла свой зварот з нагоды трыццатай гадавіны крывавага тэракту ў Бэлфасьце, у часе якога загінула шмат выпадковых людзей. ІРА прынесла сваякам забітых “шчырыя прабачэньні і спачуваньні”. Агулам у грамадзянскай вайне загінулі 3,6 тыс. асобаў. Зь іх 640 — цывільныя ахвяры ІРА.

Адзін корань

Прэзыдэнта Славеніі Мілана Кучана ў Румыніі сустрэлі гімнам Славакіі. Памылкі такога кшталту дастаткова частыя. Так, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, яшчэ калі быў губэрнатарам Тэхасу, павітаў прэм’ер-міністра Славеніі Янэза Дрноўшака, назваўшы яго “высокім прадстаўніком Славаччыны”.

СНІДаноснае войска

Міністар абароны Паўднёвай Афрыкі Масыўоа Леката назваў “сьмешным і адначасова небясьпечным” сьцьверджаньне, нібы 60% жаўнераў ПАР хворыя на СНІД. Насамрэч носьбітамі вірусу зьяўляюцца ня больш як 23% вайскоўцаў. А такая колькасьць, як кажа міністар, абароназдольнасьці ПАР абсалютна не пагражае.

С.П.

Індуістаў прынялі за “юдаістаў”

14 індуістаў у суботу вырашылі сабрацца ў парку 50-годзьдзя БССР для мэдытацыі й абмеркаваньня становішча, у якое яны трапілі пасьля прыняцьця закону “Аб свабодзе веравызнаньня” (на ўвесь Менск іх не набіраецца 20 чалавек, неабходных для рэгістрацыі грамады). Адпаведна апранутыя і з музычнымі інструмэнтамі, яны рушылі па вуліцы Матусевіча ў бок парку, калі дарогу ім перагарадзіў міліцэйскі “варанок”. Зь яго і яшчэ зь некалькіх машынаў выбеглі міліцыянты. Індуістаў акружылі, і пачаўся хапун. Індуістам заявілі, што яны парушалі закон. “Тут вам не Пецярбург, тут біць у бубны без дазволу нельга”, — заявілі яны лідэру суполкі, пецярбуржцу. Міліцыянты паводзілі сябе груба, нецэнзурна лаяліся і дрэнна абыходзіліся з рытуальнымі прыстасаваньнямі індуістаў. Затрымалі 19 чалавек. Адну цяжарную жанчыну і яшчэ трох, якія мелі малых дзяцей, адпусьцілі. З мужчын адпусьцілі толькі аднаго — Аляксея Вяткіна, бо выявілася, што ён сьляпы. Астатніх павезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна.

Фрунзэнскі суд караў індуістаў штрафамі на 200 тысяч рублёў. У пратаколы міліцыянты пісалі не “індуісцкая рэлігія”, а “юдаісцкая”. Калі ахоўнікаў закону папраўлялі, яны вельмі дзівіліся.

Павал Бурдыка

Патрыярх раскопак

Штыхаву — 75

14 ліпеня споўнілася 75 гадоў Георгію Штыхаву — доктару гістарычных навук, прафэсару-археолягу. Амаль 20 гадоў ён узначальваў аддзел археалёгіі й гісторыі Полацкай зямлі Інстытуту гісторыі, вывучаў старажытныя крывіцкія паселішчы Полаччыны, Віцебшчыны, гарадзішчы на Менцы, у Заслаўі, Лукамлі, Лагойску… Г.Штыхаў — аўтар энцыкляпэдычных выданьняў, школьных падручнікаў. Беларускія археолягі віншуюць юбіляра, зычаць яму моцнага здароўя і далейшае плённае працы на археалягічнай ніве Бацькаўшчыны.

Лявон Калядзінскі

Рэдакцыя далучаецца да віншаваньняў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0