Мы прыбіраем кропкі над “і”!

Сёньня ў нашым аналітычным клюбе разважаюць пра зьмену кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў. У дыскусіі бяруць удзел вядомы журналіст Тыкубовіч, Змагар нябачнага фронту, журналіст у цывільным Калядоп і літаратар-славянін Касьцям.

Змагар: Антыбеларуская ўлада рукамі сваіх жа грамадзянаў ізноў перашкаджае нам вярнуцца ў Эўропу ня толькi цывiлiзацыйна (мы ў ёй i так знаходзiмся), але i арганiзацыйна. У Фэдэрацыю прафсаюзаў з Адміністрацыі прэзыдэнта падкінулі шпаргалкі з дадзенымі Козіка і будучымі прамовамі. І Франц Вітко зазнаў перасьлед рэжыму! Усё гэта нагадвае Нямеччыну 1933 году, калі Гітлер пачаў барацьбу з партыямі й іншадумствам!

Калядоп: Які Гітлер! Вітко ж не вінаваты, што нарадзіўся бяз змычкі з уладай… Вось Козік — іншая справа. Лукашэнка ненавідзіць яго за правал саюзнае дамовы, таму й абраў такую жахлівую кару. Не паслаў аташом ў Паўднёвалюдаедзкую рэспубліку, ня скінуў з гелікоптэра ў палескія балоты, а паставіў кіраваць прафсаюзамі — каб быў пад рукой на час выхаду са ступару, выкліканага аддзяленьнем катлет ад мух. Вось тады Козіку мала ня будзе!

Касьцям: Козік рыхтуе дзяржаўны пераварот! І на тым тыдні над Менскам лётала верная яму авіяцыя! Думаеце, ірацкая дэлегацыя выпадкова да нас прыяжджала? Гэта Козік іх пазваў — хоча стварыць з Садамам Хусэйнам жыдамасонскую змову супраць нашага славянскага віцязя!

Тыкубовіч: Калегі, ну што гэта за палітычныя галюцынацыі? Вітко ж увосень абяцаў: калі за два месяцы не аднаўлю сацыяльнага партнэрства з уладай — сыду сам. Так што цяпер маем поўнае права абіраць новага кіраўніка ФПБ шляхам галасаваньня Гаранта Канстытуцыі…

Калядоп: Паводле інфармацыі, атрыманай шляхам радыёперахопу, сёньняшняя сытуацыя ў ФПБ выкліканая хутчэй не жаданьнем улады ўзяць пад кантроль прафсаюзы праз прызначэньне Козіка, але памкненьнем разьвязаць рукі Вітку. Ёсьць зьвесткі, што ён ужо выбірае сабе пасаду з прапанаванага Гарантам сьпісу.

Касьцям: І я чытаў у “Полымі”, што ў хуткім часе яго прызначаць кіраваць Акадэміяй навук. Сёньняшні ж яе прэзыдэнт Міхаіл Мясьніковіч, моцны гаспадарнік савецкае загартоўкі, зробіцца дырэктарам Купалаўскага тэатру. Там сытуацыя патрабуе неадкладнага ўмяшаньня ўмелага кіраўніка. Вы толькі падумайце: дэкарацыі цэлай не засталося! А прафсаюзы я б увогуле зьнішчыў, далучыўшы да нашага выдавецкага холдынгу. Навошта яны ў грамадзтве, дзе кожнага працоўнага абараняе асабіста Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка? Мы ж не ў Нямеччыне жывём, дзе працоўных бязьлітасна эксплюатуюць.

Калядоп: Каб ня Козік — мы б ужо былі суб’ектам фэдэрацыі!

Таліб (уваходзячы): Якая фэдэрацыя! Які саюз? Вы што тут — папераграваліся ўсе? Паехалі лепей на Пціч! Я новы купальнік набыла.

Рэдакцыя ўсьцешаная, што гэтым разам уключаць пажарную сыгналізацыю і выклікаць псыхіятрычную брыгаду не спатрэбілася.

Аддзел аналітыкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0