з усёй краіны

 

Чыгіру далі тры гады

У аўторак, 23 ліпеня, экс-прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір быў асуджаны Фрунзэнскім раённым судом Менску на 3 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Выкананьне прысуду адтэрмінаванае на два гады. Але Чыгіра могуць пасадзіць і адразу, калі ня сплаціць падатковай інспэкцыі 8 млн. рублёў, якія ён “вінаваты” ёй. Акрамя таго, былы прэм’ер ня мае права зьмяняць месца жыхарства.

Судзьдзя Натальля Варэнік больш за тры гадзіны чытала прысуд у перапоўненай залі. Сярод прысутных былі журналісты, палітыкі Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Васіль Шлындзікаў, Аляксандар Дабравольскі, Сяргей Калякін, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя, пасол ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Слухаць сухі тэкст, у якім увесь час паўтараліся адны і тыя ж дэталі, было цяжка, тым больш слухаць стоячы. Ня проста было яго і чытаць: судзьдзя іншы раз запіналася, шукала патрэбную старонку, а, абвясьціўшы прысуд, адразу ж пакінула залю пад воклічы “Ганьба!”

Чыгіра ня проста асудзілі, зьвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, яго на 5 гадоў пазбавілі права займаць адказныя і кіроўныя пасады. Цікава, што пракурор патрабаваў толькі 3 гады!

Выступаючы перад журналістамі, М.Чыгір сказаў, што абскардзіць прысуд у Менскім гарадзкім судзе, хоць спадзяваньняў на станоўчы вынік няма. Але ёсьць і іншыя інстанцыі, у тым ліку міжнародныя.

Алег Тачоны

 

Маленькая ахвяра самагонкі

Жыхарка Івацэвіч гнала самагонку. Каля яе круцілася сямігадовая ўнучка. Здарылася непрадбачанае: выбухнуў чан, у якім булькала сівуха, і гарачае варыва трапіла на цела дзяўчынкі. Мэдыкі ня здолелі выратаваць ёй жыцьцё — маленькая пакутніца ад моцных апёкаў памерла ў больніцы.

Сякерай па галаве

Рабочага Косаўскага мэблевага вытворчага аб’яданьня К. арыштавалі проста на працы. Ён адразу прызнаўся міліцыянтам, што забіў свайго 57-гадовага аднавяскоўца, інваліда зь дзяцінства. Бядак не пазычыў К. тысячы рублёў, за што атрымаў сякерай па галаве. Схаваўшы труп за печкай, К. выправіўся на працу.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Напад на таксіста

Позна ўвечары да салігорскага таксіста падышлі двое — мужчына і жанчына. Папрасілі адвезьці ў вёску Балотчыцы Слуцкага раёну. На шашы Мікашэвічы—Менск, паблізу вёскі Млынка, пасажыр нечакана ўдарыў таксіста нажом у шыю, але той здолеў неяк спыніць машыну, выскачыць і пабегчы. Злачынца дагнаў яго і ўдарыў нажом у сьпіну. Усчалася бойка. Параненаму таксісту ўдалося выбіць зброю з рук злачынцы, і той зь месца здарэньня зьбег. Таксіста і жанчыну спадарожная машына завезла ў Салігорск. Міліцыя наладзіла пошукі злачынцы. Неўзабаве ў вёсцы Лучнікі паблізу Слуцку быў затрыманы грамадзянін М., раней асуджаны за хуліганства, які адбываў пакараньне на вольным пасяленьні. Вядзецца сьледзтва.

За апошнія два месяцы гэта другі начны напад на таксістаў у Слуцкім раёне. Першы адбыўся ў канцы траўня: ноччу ля вёскі Кляпчаны кіроўца быў забіты ў машыне. Злачынцы дагэтуль ня знойдзеныя.

Фэрмэры ім як ня людзі

Слуцкі райвыканкам нядаўна вырашыў занесьці на Дошку гонару 32 мясцовых перадавікоў вытворчасьці. Дзіўна, што ня быў ушанаваны ніводзін з 14 фэрмэраў раёну. Хоць бы Ліна Шуба зь вёскі Сорагі, якая ўзяла ў арэнду 250 гектараў зямлі, трымае малочную фэрму на 40 кароў, трох коней, сьвіней, мае неабходную для апрацоўкі зямлі тэхніку. Летась кабета атрымала з гектара па 27 цэнтнераў збожжа, ад кожнай каровы надаіла па 3600 кг малака — паказьнікі ўдвая большыя за дасягненьні мясцовага калгасу “ІІІ Інтэрнацыянал”.

Міхась Кутнявецкі, Слуцак

“Аднарукія бандыты”
замест студыі

У Берасьці зачынілася дзіцячая мастацкая студыя пры заводзе “Колератрон”. Адміністрацыі прадпрыемства зрабілася эканамічна нявыгадна здаваць ёй у арэнду памяшканьне. Цяпер яно пераабасталяванае пад залю гульнёвых аўтаматаў.

І.Хведаровіч, Берасьце

Закансэрваваны завод

Загадам генэральнага дырэктара Бабруйскага шыннага камбінату часова ліквідаваны завод звышбуйнагабарытных шынаў. Звольнена 49 працаўнікоў кіраваньня, плянуецца скарачэньне дапаможных рабочых мэханічнай і энэргаслужбаў. Астатніх перавялі на іншае прадпрыемства. Завод звышбуйнагабарытных шынаў закансэрваваны, але па меры паступленьня заказаў пачне працаваць зноў. Калектыў прадпрыемства спрабаваў быў зладзіць канфэрэнцыю, аднак не ўдалося сабраць кворум: папрацавала адміністрацыя шыннага камбінату.

Алесь Асіпцоў, Магілёў

Адужалі тысячу кілямэтраў

Сябры турыстычнага гуртка Глускага дзіцяча-юнацкага клюбу фізпадрыхтоўкі пад кіраўніцтвам Уладзімера Тупіцы зьдзейсьнілі сёлета паход па Беларусі. Выйшлі з Глуску 23 чэрвеня. Да 29-га, празь Любань, Салігорск, Слуцак, Капыль, Нясьвіж і Мір, дабраліся да Наваградку, каб два дні пабыць на рыцарскім фэсьце. 3 ліпеня яны былі ўжо ў Менску, 5-га — у Барысаве, дзе праходзіла рэспубліканскае вэляралі “Белая Русь”. Марына Тупіца з глускай каманды сталася пераможцай у сваёй групе. У апошні дзень ёй давялося ўдзельнічаць у двух этапах: зранку на 37 кілямэтраў і ўвечары на 32 км. У якасьці ўзнагароды Марына атрымала крышталёвую вазу і ровар. Самы малодшы ўдзельнік, пяціклясьнік Юрась Тупіца, пераадолеў усе этапы ралі на звычайным “Арляняці”, тады як багата хто меў супэрсучасныя ровары. Натхнёныя посьпехам на спаборнітцвах, турысты рушылі далей. Яны пабачылі Бярэзіна, Клічаў, Усакін, Кіраўск, Бабруйск, пазнаёміліся з тамтэйшымі скаўтамі. І нарэшце, адужаўшы за дзевятнаццаць дзён тысячу кілямэтраў, 12 ліпеня вярнуліся дадому.

Ігар Кірын, Глуск

Чарніцы й лісічкі

Многія людзі на Астравеччыне зарабляюць на жыцьцё зборам ягад — у асноўным чарніцаў. Іх прымаюць па 700 рублёў за кілё. Можна абменьваць ягады на цукар — кіляграм за кіляграм. А за лісічкі камэрсанты, езьдзячы па вёсках, плацяць 4000 рублёў за кіляграм. Грыбоў без дажджу ў лесе няшмат, вось яны і падаражэлі.

Блага схавалі

Два жыхары Расеі, што ехалі цягніком “Масква—Каралявец”, схавалі ў сваім купэ 20 тыс. даляраў, каб не пазначаць гэтых грошай у дэклярацыях. Але мытнікі ў Гудагаі ўмэнт знайшлі даляры. Лёс грошай і іх уладальнікаў вырашыць суд. Расейцам, відаць, дадуць штрафу, а грошы пойдуць у бюджэт нашай краіны.

Малы ды ўдалы

Ня проста так хадзіў на сяло да сябрука першаклясьнік адной з астравецкіх школаў. Ідучы дамоў, ён прыхапіў з сабою дыплямат з грашыма й залатымі вырабамі. “Разбагацець” вучню не дазволілі міліцыянты.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Платная мэдыцына

Цікавым спосабам зарабляюць у Пінскай гарадзкой больніцы. Цяпер тыя, хто прыяжджае машынай наведаць хворага, мусяць плаціць 250 рублёў за праезд на тэрыторыю больніцы. Але ж людзі ня вельмі ахвотна даюць грошы, і цяпер на іх цісьне сваім аўтарытэтам намесьнік галоўнага лекара, які асабіста зьбірае мыта.

Васіль Мацкевіч, Пінск

пацярпелыя за Беларусь

“Зуброўцаў” Зьмітра Кобрусева, Юр’я Вайцяховіча й Вольгу Ланчакову затрымалі ў Менску 17 ліпеня за расклейваньне ўлётак. На ўсіх “зуброўцаў” былі складзеныя пратаколы за вывешваньне ўлётак у непрадугледжаных для гэтага месцах. Зьмітра Кобрусева і Вольгу Ланчакову адпусьцілі праз гадзіну. Да 17-гадовага Юр’я Вайцяховіча выклікалі бацькоў, зь якімі правялі гутарку. 19 ліпеня, у дзень адкрыцьця “Славянскага базару”, у Віцебску, “за несанкцыянаванае пікетаваньне” затрымалі Ўладзімера Плешчанку і Барыса Хамайду. Апошні быў затрыманы з плякатам, на якім быў надпіс “Бяседа падчас чумы” і выява карыкатурнага пэрсанажу, у якім міліцыянты пазналі Аляксандра Лукашэнку. Сп.Плешчанка быў затрыманы падчас распаўсюду партыйнай літаратуры КХП-БНФ.

Больш няўчасны

Прэзыдыюм рады Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай разглядае пытаньне пра звальненьне галоўнага рэдактара свайго друкаванага органу — газэты “Беларускі час” — Аляксандра Старыкевіча. Яго зьбіраюцца адставіць “згодна з рашэньнем наймальніка”. Прычына — разыходжаньні ў палітычных поглядах з новым кіраўніцтвам ФПБ. На першай старонцы “Беларускага часу” за 19 ліпеня — адзінага, падпісанага А.Старыкевічам пасьля зьмены кіраўніцтва ФПБ, — вялікі фатаздымак А.Лукашэнкі на ровары з надпісам: “Дзякуй шчасьліваму Аляксандру Рыгоравічу за наша дарагое жыцьцё!”

Дзень Незалежнасьці — 2002

Сёлета 27 ліпеня пройдзе без палітычных акцыяў. У парку Чалюскінцаў адбудзецца футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі, які ладзіць Аб’яднаная грамадзянская партыя. У ім возьмуць удзел каманды розных апазыцыйных партый і арганізацый. А “Малады фронт” сумесна зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў зладзіць 27 ліпеня ў Менску несанкцыянаваную акцыю “Дзень незалежнай прэсы”. Пачнецца яна а 12-й на Кастрычніцкай плошчы. Актывісты моладзевых арганізацыяў будуць трымаць замест партрэтаў зьніклых палітыкаў асобнікі незалежных выданьняў. Паводле словаў Паўла Севярынца, мэта мерапрыемства — прыцягнуць увагу да стану незалежных СМІ ў Беларусі. Прэзыдэнт БАЖу Жанна Літвіна адзначае, што такой складанай сытуацыі з свабодай прэсы, як цяпер, не было за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі.

Алег Тачоны

Рэдакцыя віншуе чытачоў з Днём Незалежнасьці і зычыць вясёлых пікнікоў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0