“Славянскі базар”

Рэжа вока

Вiцебск жыве для вока. Не для вуха. Тым больш – Вiцебск фэстывальны. На яго варта паглядзець, папiльнаваць за iм. Аднак не старайцеся ўслухацца: ягоная мова й музыка – суцэльная какафонiя. Віцебск больш памятае пра Малевiча i Шагала, чымся пра Бахцiна. Пра Караткевiча ж увогуле не ўспамiнае. Бахцiнская палiфонiя тутака – базарная абракадабра. А мова Караткевiча адно на сьценах (“Жыве Беларусь!”), на каталiцкай iмшы ды дзе-нiдзе на шыльдачках танных бiстро (“На хвiлiнку”). Падчас “базару” хутчэй пачуеш ангельскую цi турэцкую, чым матчыну. Дый самое слова гэтае – “базар” – аддае татаршчынай.

Мая жонка заўважыла: калi ўваходзiш у праваслаўны храм, нібы трапляеш са сьвятла (белы фасад) у змрок, прыцiшаны й залаты. Наадварот, каталiцкi касьцёл сустракае цябе ўнутры ўрачыстым рэчывам сьвятла, беласьцю, у якую трапляеш праз па-мужчынску скупыя й панурыя формы гатычнага сабору (кажу пра касьцёл Сьв.Барбары ў Вiцебску).

Слых у каталiцкай iмшы важнейшы за зрок. Слова, супольная малiтва, арганная музыка. А бель сьценаў, што атачае цябе, не адцягвае ўвагi. Вочы можна прыплюшчыць. У царкве ж праваслаўнай хочацца разглядацца. Бачыць. Вiцебск – горад праваслаўны.

Віцебск – горад акварэльны. Выставы, квадраты (ня толькi чорныя), рэклямныя шчыты, рознакаляровыя трамваi i зноў выставы. У той самы час будынак фiлярмонii, да якога адным месцам павярнуўся таварышч, чыё iмя нас аб’ядняла, даўно не працуе. Музыкi няма. Паспалiты люд дачакаў фэсту, каб пабачыць сваiх папсавiтых кумiраў. За адным заходам i паслухаць. Толькi цi на карысьць пойдзе гэта нашаму вуху?

Вiцебск фэстывальны напружвае вочы. Вiцебск фэстывальны – гэта ня што iншае, як базар, ад якога патыхае алькаголем i грашыма. Тлум i мiтусьня. Цi можа базар быць вiдовiшчам? I цi можа базар быць фэстывалем? Ты задаешся гэтымi пытаньнямi, гледзячы з моста на адзiную супрацьвагу вакольнаму хаосу – раку. У цябе дрэнны зрок, ты носiш акуляры, але добра чуеш, як рака табе падказвае папросту зьехаць адсюль. Дый жонка ўжо даўно хоча адвезьцi ў вёску, каб у “славянскiм” натоўпе зноў выпадкова не сустрэў сваiх сябрукоў, якiх ня бачыў ужо бадай гадоў сто. Але ж дзе яшчэ пабачыцца? Бо гэты горад – для вока.

Зьмiцер Казакевіч, Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0