Ураджай зла

Злачыннасьць за паўгоду вырасла на 13%

 

У краіне разьвіваецца капіталізм, а разам зь ім расьце злачыннасьць.

За першую палову 2002 г. у Беларусі зарэгістравана 64,6 тыс. злачынстваў — гэта амаль на 13% болей, чым за адпаведны пэрыяд летась. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў — начальнік крымінальнай міліцыі Барыс Тарлецкі. Такім чынам, за год толькі зарэгістраваныя злачынствы будуць зьдзейсьненыя супраць кожнай дваццаць пятай сям’і. Адсюль — пачуцьцё небясьпекі, зь якім жыве большасьць беларускіх сем’яў.

Эканамічных злачынстваў было амаль 11 тысяч, зь іх 791 выпадак хабарніцтва. Рэзка вырасла лічба злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, — 2,7 тыс. фактаў, на 61% больш, чым летась. Сканфіскавана 600 кг наркатычных сродкаў, сыравіны і псыхатропных рэчываў. Зь незаконным абарачэньнем зброі былі зьвязаныя 275 злачынстваў.

Зьменшылася толькі колькасьць кватэрных крадзяжоў і ўгонаў аўтамашын. Паболела забойстваў і рабункаў. Рэкордна вырасла колькасьць злачынстваў, зьвязаных з сэксуальнай эксплюатацыяй жанчынаў — на 231%.

Сярод прычынаў росту злачыннасьці Б.Тарлецкі назваў п’янства, беспрацоўе (55% прыцягненых да крымінальнай адказнасьці людзей нідзе не працуюць), а таксама нізкую законапаслухмянасьць грамадзянаў. Усе гэтыя фактары залежаць перадусім ад агульнае сытуацыі ў краіне, палітычнага курсу, а не ад працы міліцыі.

Паводле інфармацыі Б. Тарлецкага, за першае паўгодзьдзе злачынствы ўчынялі 29,5 тыс. чалавек. 10% зь іх — няпоўнагадовыя, 13% — жанчыны, 32% — раней судзімыя. 28% злачынцаў у час зьдзяйсьньня ліхіх справаў былі нападпітку.

Істотна вырасла рэцыдыўная злачыннасьць. Верагодная прычына гэтага — вялікая колькасьць амністыяў у апошнія гады, патрэбу якіх дыктавала перагружанасьць турмаў. Злачыннасьць ва ўсходніх абласьцях Беларусі амаль у два разы вышэйшая, чым у заходніх. Раскрывальнасьць злачынстваў складае ўсяго каля 60%.

Ва ўсіх краінах Усходняй Эўропы найбольшы рост злачыннасьці прыпадаў на гады бурнага разьвіцьця новых вытворчых адносінаў у гаспадарцы. Па меры стабілізацыі рынкавай эканомікі меншала і злачынстваў. Беларусь таксама губляе сацыяльную стабільнасьць. Але замест рэформаў мы маем дзікі капіталізм, права моцнага і адсутнасьць пэрспэктываў для моладзі. У такіх усходнебеларускіх гарадах, як Барысаў ці Ворша, ужо жывецца, нібы на Сыцыліі. Калі так будзе працягвацца, хутка стане, як у Сібіры, дзе на лецішчы немагчыма пакінуць нават рыдлёўку: крадуць усё, а не шукае ніхто.

Рост злачыннасьці на 13% у год — зьява выключная. Яна лепш за што іншае сьведчыць: у краіне няма дабра. Можна абвясьціць дэкаду па барацьбе са злачыннасьцю, абавязаўшы міліцыянтаў і сьледчых спаць па чатыры гадзіны, як цяпер камбайнёраў. Можна “падкруціць” статыстыку. Ды толькі такімі мерамі злачыннасьці ня вынішчыш, як і ўраджаю не зьбярэш бяз стратаў.

Мікола Бугай;
інф. БелаПАН