Ён паставіў помнік сам

Дзед Станіслава Лісоўскага Ясь Крэпскі жыў у Чарнагубаве на Капыльшчыне. Адсюль яго і яшчэ 66 аднавяскоўцаў у 1937-м забралі энкавэдысты. У памяць рэпрэсаваных землякоў Лісоўскі сам на свае грошы паставіў у вёсцы помнік. Сярод тых, хто дапамагаў яму ў гэтым, — сакратарка Партыі камуністаў Алена Скрыган.

“Маці раней маўчала пра дзеда і ягоных братоў, — распавядае Станіслаў Лісоўскі, — а як пачалася гарбачоўская адліга, яна і распавяла. Я даваў пісьмовыя запыты ў КГБ, каб даведацца пра іхны лёс. Маці баялася: “Цябе пасадзяць”. Я кажу: “Цяпер ня той час — не пасадзяць, прынамсі пакуль што”.

Ішоў 1990 год. Лісоўскі абіваў парогі КГБ з запытамі. Быў нават моцна пасварыўся зь нейкім супрацоўнікам, што сьмяяўся зь яго. Адказаў гэбісту рэзка: “У мяне дзеда забілі, а вам тут сьмешачкі...” Урэшце да дзедавай справы яго дапусьцілі — пасадзілі ў асобны пакой, далі час на азнаямленьне, папярэдзілі, каб нічога не выпісваў.

У справе было пазначана, што дзядоў ягоных расстралялі, і напісана калі. Аднак пра месца пахаваньня дакумэнты маўчалі. Адзін кагэбіст сказаў Станіславу: “Вашых сваякоў расстралялі ў Курапатах. Гэтага Вам тут аніхто ня скажа і ні ў якіх дакумэнтах вы ня знойдзеце, але гэта так”.

Станіслаў Лісоўскі цікавіўся лёсам ня толькі свайго дзеда, але і ягоных суседзяў. І высьветліў імёны ажно 67 рэпрэсаваных у вёсцы, дзе было з сотню хатаў. Зь іх трыццаць два чалавекі былі расстраляныя, трыццаць — вывезеныя на Поўнач і ў Сібір, пяцёра адседзелі ў турмах свае тэрміны й вярнуліся дахаты. Спадар Станіслаў вырашыў увекавечыць памяць сваіх землякоў: “Помнікаў жа рэпрэсаваным няма. Крыжы стаяць у Курапатах, у Лошыцы стаіць крыж. І ўсё! Дзе-нідзе хіба дошкі вісяць”.

Сьпярша Лісоўскі хацеў паставіць проста крыж. Потым падумаў, што аднаго крыжа мала. Мая Кляшторная пазнаёміла яго з архітэктарам Станіславам Бандалевічам, які прапанаваў свой праект помніка. Скульптар Мікалай Шатэрнік намаляваў свой эскіз — але дзе ўзяць на такі помнік сродкі? Паспрабаваў быў прасіць дапамогі ў вядомых беларускіх прадпрымальнікаў, але марна. Спадар Станіслаў дагэтуль прыгадвае, як стараўся ашчадзіць хоць якую капейчыну зь сямейнага бюджэту. Карыстаючыся тым, што на пачатку 90-х была вялікая інфляцыя ды затрымкі з выплатай заробкаў, Лісоўскі часам усе грошы за месяц выдаткоўваў на помнік: “Жонцы казаў, што затрымліваюць, а на наступны месяц аддаваў заробак — нібыта за два месяцы. Інфляцыя, маўляў, зьела затрыманыя грошы”.

Праект помніка рабіла архітэктарка Тацяна Пешкава — задарма. Ішоў 1995 год.

Рыхтаваць месца і ставіць сам помнік Лісоўскаму дапамагалі розныя людзі: брыгада Міхаіла Кожуха з заводу ацяпляльнага абсталяваньня, добраахвотнікі з Чарнагубава Франц Радкевіч і Аляксандар Сапежка, брыгадзір калгасу “Цімкавіцкі” Віктар Татур (ягоны дзед таксама быў расстраляны). Леанід Акаловіч, тагачасны сакратар Згуртаваньня беларускай шляхты, дапамагаў у архіўных росшуках і перамовах зь мясцовай уладай. Зямлячка Алена Скрыган, што колісь была першай сакратаркай Капыльскага райкаму КПБ, а цяпер — сакратарка ЦК Партыі камуністаў беларускай, дапамагла “выбіць” месца пад помнік. Адно толькі спыняла яе: ці не было сярод рэпрэсаваных якіх кантрабандыстаў? “Ну, раз праходзіла тут недалёка мяжа, дык напэўна ж былі, — адказваў Лісоўскі. — Але якая цяпер розьніца? Усе яны несправядліва рэпрэсаваныя па палітычных артыкулах і цяпер апраўданыя. Палацаў на той кантрабандзе не збудавалі, а калі пранесьлі які мех збожжа празь мяжу — дык гэта ж ад нястачы…”

Тры дубы з крыжамі падпіраюць неба. 67 імёнаў на дзевяці мэталёвых плітах. Надпісы — “1929—1938”, “Сялянам і былой шляхце вёскі Чарнагубава — ахвярам палітычных рэпрэсій”, “На гэтым месцы раней стаяла хата “кулака” Сьвінкоўскага”. І верш Сяргея Грахоўскага:

Мы тут жылі, касілі і аралі,

А нас, невінаватых, пакаралі

За тое, што зямлю і вас любілі.

Больш за паўсотні сейбітаў забілі

У страшны трыццаць сёмы год.

Жыві і сьцеражыся, наш народ!

З надпісамі гэтымі была ці не найбольшая праблема. Не даваліся яны чалавеку з інжынэрным мысьленьнем. Чытаньне вершаў таксама ня дужа дапамагло. І тады Лісоўскі вырашыў зьвярнуцца наўпрост да пісьменьнікаў.

Дапамагчы пагадзіўся Сяргей Грахоўскі — спэцыяльна напісаў верш. Лісоўскі раздрукаваў яго, прывёз землякам. Занёс і ў школу — думаў, настаўнікі дзецям раздадуць, бацькам пакажуць, патлумачаць. Але праз колькі дзён, сустрэўшы сябрука з тае вёскі, Лісоўскі дазнаўся, што ім цікавіліся “органы”. “Але й тым разам здолеў неяк ад іх адхрысьціцца”, — сьмяецца Лісоўскі.

Лісоўскі ня хоча, каб ягоны помнік застаўся адзіным напамінам пра рэпрэсіі на Капыльшчыне. Ён хоча, каб людзі паўсюль хоць запісвалі ўспаміны пра рэпрэсаваных ды іхныя імёны. “У Чарнагубаве жылі матчыны сваякі, — кажа спадар Станіслаў. — А яшчэ ж былі бацькавы ў суседняй вёсцы Выня… Бацька неяк на ўскідку назваў мне 54 прозьвішчы сваіх рэпрэсаваных землякоў. Хто ўшануе іх памяць?”

Адам Воршыч