навіны гаспадарскія

УДВАЯ ПАДАРАЖЭЎ газ для насельніцтва — да 50,23 руб. за кубамэтар. Праўда, для гаспадароў кватэраў, у якіх няма газавых лічыльнікаў, цана газу ўзрасьце толькі ў 1,3 разу. У такіх кватэрах з кожнага жыхара за газ будуць браць 476 рублёў у месяц.

ГАРЭЛКА ПАДАРАЖЭЛА на 4%. Цяпер пляшка “Крышталю-100” каштуе 2460, “Белай Русі” і “Крышталю-люкс” — 2540, “Белай Русі — люкс” — 2635 рублёў. Агулам з пачатку году гарэлка “падскочыла” на 20,6%.

МІНІМАЛЬНЫЯ ЗАРОБКІ ў камэрцыйных фірмах, згодна з дэкрэтам прэзыдэнта, цяпер будуць разьлічвацца па тарыфнай сетцы для бюджэтнікаў. Дзяржава робіць гэта, каб зьбіраць болей падаткаў. Камэрсанты нярэдка заніжаюць афіцыйныя заробкі, частку грошай выплачваючы праз “чорную бухгальтэрыю”.

ПАЗЫКІ НАЦБАНКУ ПАТАНЬНЕЛІ на 2%. Цяпер тут даюць крэдыты пад 44% гадавых. Стаўку вырашылі зьменшыць у зьвязку зь невялікім зьніжэньнем інфляцыі: за чэрвень цэны ўзьняліся на 1,4%.

КРЭДЫТ НА 95 МЛН. ДАЛЯРАЎ дзеля будаўніцтва новага рудніка каля Чырвонай Слабады дае “Беларуськалію” Міжнародная каліевая кампанія. Руднік, дзе маюць здабываць па 6 млн. тонаў каліевай солі ў год, адчыняць праз 8 гадоў.

ПРАСПЭКТ ДЗЯРЖЫНСКАГА ПАШЫРАЦЬ да 8 палосаў. Пасьля рэканструкцыі ў Малінаўку пусьцяць новы тралейбус — ад цэнтру па Дзяржынскага, Ясеніна да вуліцы Рафіева.

5 МЫТНЯЎ ЗЬЛІКВІДУЮЦЬ да восені — у Браслаўскім, Дрысенскім, Воранаўскім, Пастаўскім і Аршанскім раёнах. Замест мытняў тут будуць звычайныя прапускныя пасты — зь меншым штатам і ніжэйшым статусам. Для людзей, што маюць пераяжджаць мяжу, нічога ня зьменіцца.

НА 17,6% ПАВЯЛІЧЫЎСЯ экспарт паслуг беларускіх арганізацый за студзень-травень у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась. Попыт за мяжой найперш мелі нашы транспартнікі, будаўнікі і сувязісты. Агулам паслугаў прадалі больш чым на 450 млн. даляраў.

3659 замежных прадпрыемстваў працуюць у Беларусі. 13,5% гэтых парадпрыемстваў створаныя з удзелам польскага капіталу, 13,3% — нямецкага, 12,9% — амэрыканскага, 10,8% — расейскага, 7,9% — літоўскага.

ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦІ ЗА ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці могуць сплачваць да 2004 г. Адтэрміноўку далі прадпрыемствам “Дываны Берасьця”, віцебскаму КІМу, віцебскаму футраваму камбінату, баранавіцкай абутковай фабрыцы і аршанскаму льнозаводу.

МЫТ НА ІМПАРТ ЛЕСУ мае падвысіць Польшча. Урад гэтай краіны цьвердзіць, што сёлета ўраганы павалілі столькі лесу, што яго няма як перапрацаваць.

СЬПЁКА І ЎРАГАНЫ ЧАСТКОВА ЗЬНІШЧЫЛІ 144 тыс. гектараў збожжа (гэта, калі лічыць адным вялікім полем, выйдзе загон 100 на 14,4 км). Найбольш ад стыхіі пацярпелі Гомельшчына і Берасьцейшчына.

90 МЛН. ДАЛЯРАЎ завінаваціліся калгасы і саўгасы за бэнзын і дызпаліва. Сёлета ўрад задарма дасьць на пасяўную толькі 6 тыс. тон дызпаліва, або 2% ад патрэбнага аб’ёму. Астатняе гаспадаркі мусяць купляць.

С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0