Праект захопу неабмежаванай улады

Працяг. Пачатак у № 22, 24-27.

 

Расейска-беларускі саюз: выгоды і пасткі

Эканамічная інтэграцыя з Расеяй спрыяла ажыўленьню беларускай эканомікі й кампэнсавала страты, нанесеныя міжнароднай ізаляцыяй, у якой краіна апынулася пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 г.

Атрыманьне гандлёва-эканамічных ільготаў ад Масквы за кошт саступак у ваеннай і палітычнай сфэрах зрабілася часткай стратэгіі беларускага прэзыдэнта, накіраванай на ўмацаваньне асабістай улады. Так, у сакавіку 1996 г. ён дамогся сьпісаньня запазычанасьці на мільярд даляраў у абмен на дазвол пакінуць на сваёй тэрыторыі расейскія вайсковыя базы. Праз год, падпісаўшы дамову аб стварэньні саюзу (аморфнага аб’яднаньня дзьвюх асобна кіраваных краінаў) з Расеяй, Беларусь атрымала неабмежаваны доступ на расейскі рынак і магчымасьць набываць энэрганосьбіты амаль па тых жа цэнах, што і расейскія спажыўцы (так, нафту па 50 даляраў за тону, што ўдвая ніжэй за сусьветную цану). Мытны саюз дазволіў Беларусі кантраляваць амаль 70% расейскага экспарту і імпарту на Захад і з Захаду. Мыты на расейскі імпарт зьбіраліся беларускімі ўладамі, і фармальна частка іх пераводзілася ў Расею. Аднак беларускі бок таксама меў неблагі навар. Толькі ў 1998 г. сума ўтоенага Беларусяй мыта, спагнанага з імпартных аўтамабіляў, што пераганяліся ў Расею, склала, паводле некаторых ацэнак, каля 600 млн. даляраў.

Надзвычай выгаднымі для Беларусі былі й умовы гандлю з Расеяй. Толькі частка яго грунтавалася на грашовым разьліку, рэшту займалі бартэрныя ўгоды. Прыкладам, Расея дамаўлялася зь Беларусяй аб пастаўцы з аднаго боку нафты, а з другога — абсталяваньня на мільярд даляраў. Аб’ём паставак з кожнага боку залежаў ад таго, як гэты бок ацэніць сваю прадукцыю ў даляравым эквіваленце. Паколькі беларусы вызначалі кошт сваіх трактароў ці грузавікоў у адпаведнасьці з афіцыйным курсам, які, скажам, на 30% перавышаў рынкавы, расейскія пакупнікі пераплачвалі 30% ад кошту тавару. Некаторыя тавары — хімічнае валакно, цукар — Расея купляла ў Беларусі па цэнах, на 60% вышэйшых за сусьветныя. А існаваньне клірынгавых мэханізмаў і бартэрных схемаў дазволіла Беларусі аплаціць значную частку сваіх пазык за энэрганосьбіты хутчэй, чым калі б гэта адбывалася наўпрост. Прыкладам, беларускі ўрад быў вінен грошы “Газпраму”, а канцэрн у сваю чаргу меў перад расейскім бюджэтам запазычанасьці, за кошт якіх расейскі ўрад зьбіраўся пакрыць свае выдаткі на Міністэрства абароны. Уключаўся клірынгавы мэханізм: беларускія ўлады дамаўляліся з вайскоўцамі пра пастаўкі прадуктаў харчаваньня ці тэхнікі, тым самым пакрываючы запазычанасьць перад імі з боку расейскага ўраду. Той дараваў “Газпраму”, а апошні залічваў беларускія неплацяжы.

Утварэньне саюзу спрыяла росту расейска-беларускага гандлю — пераважна дзякуючы пашырэньню бартэрных схемаў, якія Лукашэнка актыўна лабіраваў падчас сваіх візытаў у расейскія рэгіёны.

Амаль палова беларускага экспарту накіроўвалася ў Маскву, гадавы бюджэт якой можна было супаставіць зь беларускім ВУП. Адной з асноўных прычынаў была ўзаемная сымпатыя Лукашэнкі й мэра Масквы Юр’я Лужкова, які тады лічыўся галоўным спаборнікам у выбарчай гонцы 2000 г. Лужкоў здабываў выгаду зь ненатуральна высокай канцэнтрацыі капіталу і матэрыяльных каштоўнасьцяў у сваім месьце, якая давала яму кантроль над велізарнымі паводле расейскіх мерак грашовымі рэсурсамі, што паступалі ў выглядзе мясцовых падаткаў і збораў. Ён актыўна шукаў падтрымкі ў нацыяналістычных груповак і ўжываў антызаходнюю і ксэнафобскую рыторыку, імкнучыся заваяваць сымпатыі электарату ў правінцыі. Ягоная падтрымка Лукашэнкі выглядала часткай кампаніі па мадэрнізацыі колішняга іміджу дэмакрата. Гэтая дружба аплачвалася зь бюджэту Масквы, якая радыкальна мяняла сваю закупачную палітыку, аддаючы перавагу беларускім прадуктам харчаваньня, транспартным сродкам, будматэрыялам і г.д. перад заходнім імпартам, які быў запаланіў расейскую сталіцу на пачатку 90-х.

Спагаднае стаўленьне Расеі да беларускай запазычанасьці за энэрганосьбіты было яшчэ адной з крыніцаў фінансаваньня “беларускага эканамічнага цуду”. Яно давала Беларусі штогод эканомію памерам 2,7% ВУП краіны. А Беларусь жа, у дадатак, перапрадавала расейскі газ і нафту, атрымліваючы іх па зьніжаных цэнах... Агулам суму штогадовых расейскіх датацыяў беларускай эканоміцы ў 1997—98 г. можна ацаніць у 1,5—2 млрд. даляраў.

Аналіз расейскіх эканамічных саступак Лукашэнку вядзе да высновы, што беларускі прэзыдэнт з посьпехам аднавіў у эканамічнай сфэры такі тып адносінаў між Беларусяй і Расеяй, які меў месца ў савецкі час і зрабіў магчымай імклівую мадэрнізацыю беларускай эканомікі пасьля другой сусьветнай вайны. Як і тады, Беларусь абменьвала свае пераацэненыя прамысловыя вырабы на недаацэненыя расейскія энэргарэсурсы, дзякуючы таму што грошы адыгрывалі малую ролю ва ўзаемным гандлі. Таму стабільнасьць беларускага эканамічнага росту вызначалася перш-наперш згодай Расеі на гэта і ейнай гатовасьцю падтрымліваць яго. Але нейкіх падставаў меркаваць, што Расея хутка зьменіць сваю палітыку, не назіралася. Яе прэстыж на міжнароднай арэне падаў, уплыў у межах СНД зьмяншаўся — і грамадзкая думка схілялася на карысьць захаваньня адзінага вернага саюзьніка любой цаной.

Беларусь займала ці ня першае месца ў расейскай вайсковай дактрыне; яна ахвотна ўдзельнічала ў нагнятаньні гістэрыі вакол пашырэньня NАТО і ўсё часьцей успрымалася як апора Расеі на захадзе. Нарэшце, беларускі “цуд” быў для расейскіх левых і ВПК важкім доказам таго, што камандную эканоміку рана сьпісваць з рахункаў.

Пагадненьне аб мытным саюзе Беларусі й Расеі было з помпай падпісана 6 студзеня 1995 г. Дакумэнт мусіў рэалізавацца ў дзьве стадыі. На першай скасоўвалася ўнутраная беларуска-расейская мяжа ды ўніфікавалася гандлёвая палітыка дзьвюх краінаў. На другой меліся паўстаць супольныя памежныя войскі й супольнае мытнае заканадаўства. Лукашэнка і Чарнамырдзін у траўні 1995-га выкапалі памежны слуп, але далей справа не пайшла. Дагэтуль у Беларусі й Расеі існуюць розныя тарыфы на тавары й паслугі.

Вось няпоўны сьпіс парушэньняў дамоўленасьцяў.

У 1994 г. Лукашэнка надаў кампаніі “Торгэкспа” права льготнага імпарту алькаголю, цыгарэтаў, аўтамабіляў замежнай вытворчасьці і г.д. Дзякуючы “дзірцы” на мяжы, зь Беларусі ў Расею было ўвезена тавараў на сотні мільёнаў даляраў, якія не абкладаліся расейскімі мытамі ды акцызамі. Лукашэнка сам прызнаўся, што гэткія льготы мелі дзясяткі беларускіх кампаніяў. Было такое і ў Расеі. Бакі пачалі канкураваць — хто надасьць больш ільготаў суб’ектам гаспадараньня (асаблівых посьпехаў тут дасягнулі бізнэс-структуры Расейскай праваслаўнай царквы).

У студзені 1996 г. беларускі ўрад зьменшыў мыта на імпартныя аўтамабілі, павялічыўшы тым самым імпарт “беларускіх” іншамарак у Расею. Тады сама Беларусь пачала актыўна рээкспартаваць расейскую нафту, не абкладзеную экспартнымі падаткамі. У выніку Наваполацкі ды Мазырскі нафтаперапрацоўчыя камбінаты былі загружаныя замовамі. Калі ў кастрычніку 1996 г. гуманітарная дапамога ў Беларусі была пазбаўленая мытных збораў, у Расеі “чамусьці” павялічыўся імпарт харчаваньня і лекаў.

У адказ на злоўжываньні беларускага боку Расея пастанавіла, што розьніца між беларускімі й расейскімі мытнымі зборамі мусіць кампэнсавацца. У 1996 г. расейцы ўсталявалі на мяжы перасоўныя мытныя пункты, якія з 1997 г. набылі статус рэгулярнай мытні. Адмовілася Расея і ад свайго ранейшага абяцаньня прафінансаваць 50% кошту добраўпарадкаваньня “супольнай” мытнай мяжы на поўначы ды захадзе Беларусі. Замест гэтага яна выдзеліла 20% сродкаў, і тое ў выглядзе абсталяваньня.

У лістападзе 1998 г. А.Лукашэнка ўказам забараніў “неарганізаваны экспарт” харчаваньня ў Расею пад пагрозай штрафу й канфіскацыі тавараў ды транспартных сродкаў. У сакавіку 2000 г. расейскі ўрад пазбавіў Беларусь статусу “краіны прызначэньня” пры спагнаньні падатку на даданую вартасьць з тавараў, якія накіроўваюцца ў Беларусь транзытам праз Расею. У верасьні 2000 г. у Беларусі зноў быў уведзены мытны кантроль экспарту ў Расею.

Палітычная “надбудова” мытнага саюзу ўвайшла ў супярэчнасьць з “базысам” супольных эканамічных інтарэсаў. Болей за тое, мытная інтэграцыя выклікала адзін з найбуйнейшых канфліктаў паміж “славянскімі братамі”. Пасьля размоваў аб узаемнай карысьці бакі пачалі падлічваць свае выдаткі ды суседзкія прыбыткі. Расейскія афіцыйныя асобы налічылі аж 4 млрд. даляраў сваіх стратаў. Адзіная мытная прастора далася ў знакі й Беларусі. Значная частка расейскага экспарту ў Беларусь была насамрэч рээкспартам тавараў з “далёкага замежжа”, якія ўвозіліся праз Расею (кампутары, побытавая тэхніка, побытавая хімія, адзеньне і г.д.) і за якія Беларусь не атрымлівала мытных паступленьняў. Цяжка падлічыць страты й прыбыткі бакоў з-за недастатковай празрыстасьці мытнай палітыкі абедзьвюх краінаў. З-за значна большага памеру расейскага рынку беларускі бок меў большыя магчымасьці ў “мытных гульнях”. Але спалучэньне адчыненай унутранай мяжы і розных гандлёвых рэжымаў звонку стварала неабмежаваныя магчымасьці для здабываньня рэнтаў на розьніцы ва ўзроўнях тарыфаў. Пераможцамі былі тыя, хто здолеў выбіць мытныя льготы ў адной краіне ды напоўніць рынак другой таннымі таварамі. Аднак дзяржаўныя бюджэты абедзьвюх краінаў толькі прайгравалі.

Калі ня браць пад увагу карупцыю, дык стварэньне беларуска-расейскага мытнага саюзу дыктавалася тымі ж памкненьнямі, якія ўвогуле рухалі беларуска-расейскія адносіны ў той час. Беларускія эліты спадзяваліся атрымаць доступ да расейскага рынку, дзе яшчэ можна было збыць неканкурэнтаздольныя беларускія тавары. Аналягічную мэту ставілі і расейцы.

Яшчэ ў 1995 г. у аналітычнай запісцы беларускага дыпляматычнага прадстаўнцтва ў Маскве гаварылася, што Расея стварае мытны саюз з мэтай “пастаўкі нам электронікі жоўтай зборкі, сыравінных ды будаўнічых матэрыялаў, якія не адпавядаюць сусьветным стандартам якасьці, абсталяваньня, самалётаў ды аўтамашынаў, якія цяжка прадаць на сусьветным рынку”. Нейкi час такiя ўзаемаадносiны спрыялi выжываньню неканкурэнтаздольных вытворчасьцяў у абедзьвюх краiнах; аднак, калi пэрыяд спаду скончыўся ды пачаўся хуткi эканамiчны рост, высьветлiлася, што ягоныя тэмпы ў беларускай эканомiцы запаволіліся акурат у тых сэктарах, якія хутка разьвіваліся ў Расеi.

Віталь Сіліцкі

Працяг будзе.

Гэты артыкул — урывак з дасьледаваньня “Палітычная эканомія беларуска-расійскай інтэграцыі”, цалкам надрукаванага ў кнізе “Беларуска-расійская інтэграцыя”, што выйшла з друку ў выдавецтве часопісу “Arche”. Друкуецца ў газэтным варыянце.