працяг тэмы

Як перанесьці “Маскву” ў Менск

Перавезьці ў Менск фрагмэнты гатэлю “Масква”, дзе загінуў Янка Купала, нескладана. Патрэбныя просьба ды грузавік.

У расейскай сталіцы неўзабаве зруйнуюць-зрэканструююць гатэль “Масква”. На месцы старога будынку паўстане пяцізоркавая гасьцініца. Сяргей Навумчык, намесьнік старшыні Рады БНР, прапанаваў перавезьці ў Беларусь мармуровыя пліты, на якія пралілася кроў песьняра.

Ня ўсе з ідэяй згодныя. Адам Мальдзіс, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру, да ідэі пераносу плітаў, на якіх трагічна абарвалася жыцьцё нашага клясыка, паставіўся з доляю скепсысу: “Гэтыя пліты важныя ў тым аўтэнтычным месцы, разам з асяродзьдзем. Важнае самое захаваньне гасьцініцы як помніка. Я ня бачу сэнсу ў тым, каб тыя пліты кудысь перавозіць… Але ж, калі іх будуць выкідаць — можна й забраць іх у Беларусь”.

А вось старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава прапанавала перавезьці 3—4 пліты з канструкцыі гатэлю ды ўсталяваць разам з мэмарыяльнаю шыльдаю пры Доме літаратара. Кіраўніца паўтысячнае грамады творцаў пяра ўважае, што справа зрушыцца, калі “кінуць кліч”: нехта мае “загарэцца”, нават калі на першы погляд гэтая прапанова й выглядае вар’яцкаю.

А як жа ставяцца да гэтае ідэі людзі, што могуць паспрыяць яе ажыцьцяўленьню? На афіцыйным узроўні пакуль ціша. Намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц ня даў ніякіх камэнтароў, патлумачыўшы, што не валодае інфармацыяй. Больш абазнаны ў гэтым пытаньні начальнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Іван Карэнда. Але ён лічыць, што дамаўляцца з маскоўскімі ўладамі мусіць не Адміністрацыя прэзыдэнта, а музэй: “Ёсьць музэй — дзяржаўная ўстанова. Ён павінен спадзявацца на дапамогу Міністэрства культуры. Іншых установаў шукаць ня трэба”.

У аддзеле Міністэрства культуры, які курыруе музэі, Галіна Ладзісава абяцае неадкладна заняцца гэтым пытаньнем. Але яна зазначыла: “Міністэрства можа адрэагаваць, толькі калі нам дашлюць афіцыйны запыт з просьбаю дапамагчы. Прыкладам, з таго ж купалаўскага музэю або зь нейкае грамадзкае арганізацыі”.

Дырэктарка купалаўскага літаратурнага музэю Жанна Дапкюнас выглядае стомленай ад клопатаў юбілейнага году: “І сьвята ў Вязынцы музэй рабіў, і іншае. Усё скідаюць на музэй!” Яна ўскладае надзею на пасольства Беларусі ў расейскай сталіцы.

І пасольства зробіць усё магчымае, каб перавезьці ў Беларусь фрагмэнты інтэр’еру “Масквы”, зьвязаныя з Купалам, запэўніла аташэ ў пытаньнях культуры Тамара Гуцава. Балазе, з аднае сталіцы ў другую пэрыядычна ходзіць дыпляматычны транспарт. Аднак сьпярша з купалаўскага музэю паслу павінны даслаць адпаведную просьбу пра спрыяньне. А пасьля пасольства зьвяжацца з усімі зацікаўленымі маскоўскімі ўстановамі.

Дапамагчы паабяцалі й прадстаўнікі беларускае дыяспары ў Маскве. Кіраўнік камітэту па рэфармаваньні абарончых прадпрыемстваў ураду Масквы й сябар кіраўніцтва Фэдэральнае нацыянальна-культурнае аўтаноміі беларусаў у Расеі Юры Ваўчкоў сказаў, што калі ў “Маскве” папраўдзе захаваліся фрагмэнты інтэр’еру купалаўскіх часоў, дык ягоная арганізацыя дамовіцца з адміністрацыяй расейскае сталіцы, каб перавезьці іх у Менск. Патрэбны толькі пісьмовы запыт з музэю песьняра.

Таіса Мішчанка, намесьніца кіраўніка маскоўскага Таварыства беларускае культуры імя Францішка Скарыны, кажа, што маскоўскія беларусы, якія маюць машыны, маглі б нават самі прывезьці патрэбныя фрагмэнты інтэр’еру: “Але дамовіцца мусяць афіцыйныя асобы. Інакш гэта будуць нейкія партызанскія дзеяньні, калі сам пойдзеш да “разбуральнікаў” гатэлю. Тут самаўпраўства немагчымае. А беларускія навукоўцы, спэцыялісты музэю, павінны вызначыць, які менавіта фрагмэнт “Масквы” перавозіць у Менск”.

Застаецца дамовіцца з кіраўніцтвам “Масквы”. Як паведамілі “НН” у адміністрацыі гатэлю, каб вывезьці фрагмэнты інтэр’еру, патрэбны ўсяго толькі афіцыйны ліст зь Менску. Час на выбар і роздум ёсьць: рэканструкцыя “Масквы”, з словаў Кацярыны Кулініч, сакратаркі генэральнага дырэктара гатэлю, пачнецца толькі праз год-паўтара.

Што можна перавезьці з “Масквы” ў Менск? Жанна Дапкюнас кажа, што гэта могуць быць дзьверы Купалавага гатэльнага пакойчыка, або дэталь сходаў, або акно: “Літаратурны музэй ужо чвэрць веку не абнаўляў экспазыцыі, а новыя рэчы з Масквы, на якія дыхаў ды па якіх хадзіў сам Купала, — найлепшая абнова для музэю”. Дый прэцэдэнт ёсьць: у музэі цяпер выстаўленае акно й фрагмэнт шпалераў з пакойчыка пецярбурскага дому, дзе жыў Купала ў часе сваіх студыяў.

Такім чынам, асаблівых перашкод для ажыцьцяўленьня гэтага праекту не існуе. Патрэбнае толькі жаданьне.

Газэта будзе сачыць за разьвіцьцём падзеяў.

Віктар Корбут