Аб усім патроху

навука

Адкрылі невядомы раней
від дыназаўраў

Бразыльскія палеантолягі Аляксандар Келнэр і Дыягенэш дэ Алмэйда Кампаш у часе раскопак знайшлі парэшткі невядомага раней лятаючага дыназаўра. Навукоўцы назвалі новы від Thalassodromeus sethi (у назьве — спалучэньне словаў “які бяжыць па моры” (грэцк.) і імя старажытнаэгіпэцкага бога хаосу, вайны і зла Сэта). Жыў яшчар на амэрыканскім кантынэнце 110 млн. гадоў таму. Даўжынёю ён быў пад 180 см, а размах крылаў меў 4,5 м.

 

З носа — у сьпіну

Аўстралійскія нэўрапатолягі прапануюць новую мэтодыку лячэньня паралічу, які мэдыцыне пакуль не ўдалося перамагчы. Вучоныя прапануюць выкарыстоўваць у якасьці “моста”, які будзе зьвязваць абарваныя канцы нэрвовай тканкі сьпіннога мозгу, клеткі рэцэптараў, што адказваюць за нюх, — адзіны від нэрвовай тканкі, якая рэгенэруецца на працягу ўсяго чалавечага жыцьця. Невялікія порцыі клетак будуць брацца з пацыентавага носа і зьмяшчацца ў прабіркі з пажыўным рэчывам. Калі маса дасягне патрэбнага аб’ёму, хірург зможа перасадзіць клеткі на сьпінны мозг.

Досьлед на пацуках прайшоў удала. Дактары ўжо атрымалі згоду трох паралізаваных добраахвотнікаў, гатовых паспрабаваць на сабе новы мэтад.

 

Палятуць на Плютон

NASA рыхтуецца запусьціць аўтаматычны дасьледчы зонд да Плютону. Адбудзецца гэта ў найбліжэйшыя 10 гадоў. Амэрыканскія навукоўцы лічаць, што вывучэньне Плютону і асабліва поясу Купэра дапаможа адказаць на пытаньне пра паходжаньне жыцьця на Зямлі. Нібыта камэты й астэроіды, зь якіх апошні складаецца, прынесьлі найпрасьцейшыя мікраарганізмы ў Сонечную сыстэму.

Паводле Reuters, “Nature Neuroscience”, Membrana, “Gazeta Wyborcza”


зьвесткі з усіх старон

Помнік беларусам
у Пецярбурзе

Пры канцы 2002 г. на Піскароўскіх могілках Санкт-Пецярбургу будзе ўсталяваная мэмарыяльная пліта ў гонар беларусаў, якія загінулі ў гады другой сусьветнай вайны ў змаганьні за Ленінград. Пліта будзе часткай Алеі памяці, якая ствараецца з ініцыятывы пецярбурскага губэрнатара Ўладзімера Якаўлева да 300-годзьдзя гораду і будзе адкрытая ў траўні 2003 г. Там будуць стаяць пліты ад усіх краінаў, ураджэнцы якіх загінулі ў часе абароны Ленінграду. Зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі на выраб і ўсталяваньне мэмарыяльнае пліты ўжо выдаткавана 97900 расейскіх рублёў (каля 5649 тыс. беларускіх).

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка ня змог адказаць, ці будзе гэная пліта падпісаная па-беларуску. Пытаньне наконт мовы надпісу яшчэ ня вырашанае: яно будзе ўзгадняцца з прадстаўнікамі ўсіх краінаў, прадстаўленых на Алеі памяці, і архітэктарам праекту.

А.Ш.

Чачэнцы рыхтуюць удар

Як стала вядома на мінулым тыдні, на мяжы чэрвеня і ліпеня ў чачэнскім ауле Ведзяно адбылася вялікая нарада палявых камандзіраў з удзелам Шаміля Басаева, на якой былі пацьверджаныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аслана Масхадава. Гэты факт пазбаўляе расейскі бок аргумэнтаў супраць перагавораў з Масхадавым. Раней Масква заяўляла, што ён “нічога не кантралюе і нікога не прадстаўляе”. Чачэнцы мяркуюць працягваць партызанскую барацьбу. Расея страціла на другой чачэнскай вайне ўжо пад 6 тыс. байцоў і “адказных работнікаў”.

Знойдзенае пахаваньне ахвяраў НКВД

Ва ўкраінскім горадзе Жоўква на тэрыторыі ўніяцкага манастыра знойдзеная брацкая магіла з парэшткамі ахвяраў тэрору НКВД. У ёй — целы 130 расстраляных, у тым ліку жанчынаў і дзяцей.

Расейцаў паменее

Насельніцтва Расеі да 2016 г. зьменшыцца на 10,4 млн. чаловек (7,2%) і складзе 134,4 млн. Паводле зьвестак Мінпрацы гэтай краіны, за 14 гадоў насельніцтва Сыбіры і Далёкага Ўсходу скароціцца на 7,6%, паўночных тэрыторыяў — на 12%. У 2016 г. у Расеі працаздольнага насельніцтва будзе 80,4 млн. (59,9% ад агульнае колькасьці), дзяцей — 20,6 млн. (у 2001 г. іх было 27,9 млн.). Колькасьць сталых людзей павялічыцца да 33,4 млн. Летась іх было 29,9 млн.

www.gazeta.ru

У кіраўніцтве Мажэйкаўскага заводу няма літоўцаў

На Мажэйкаўскім нафтаперапрацоўчым заводзе зьмянілася кіраўніцтва. У вышэйшым эшалёне канцэрну не засталося ніводнага літоўца. Кампанія “Ўільямз”, што валодае прадпрыемствам, усіх замяніла на амэрыканцаў.. Тутэйшыя кадры пакуль ня маюць неабходнага досьведу мэнэджмэнту на сучасным узроўні.

Міхась Васілевіч, “Нёман-інфарм”


in memoriam

Пражыў цікавае жыцьцё

З ЗША надышла сумная вестка: ня стала 88-гадовага Міхася Рагулі. Паходзіў ён зь вёскі Ачукевічы на Наваградчыне, быў сынам сэнатара Васіля Рагулі, вывучыўся на інжынэра. У часе нямецкай акупацыі Міхась далучыўся да беларускага нацыянальнага Супраціву. Ён ўваходзіў у кіраўніцтва падпольнай антыфашысцкай і антыбальшавіцкай Беларускай Незалежніцкай Партыі (мянушка “Чорны”), з 1942 г. рэдагаваў нелегальны “Бюлетэнь БНП”. Апынуўшыся на эміграцыі, уваходзіў у Раду БНР, пасьля — у Беларускі Нацыянальны Цэнтар, быў сябром рэдкалегіі газэты “Беларус” у Нью-Ёрку. Мэмуары гэтага чалавека багата маглі б сказаць нашчадкам.

Сьветлая памяць!

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0