Рэспубліка Радзіма - 2

Дарожныя паказальнікі на гомельскай Беларусі не такія, як на віленскай. Тут зусім няма балцкіх назваў вёсак: Жупранаў з Кушлянамі ды Мірклішак са Скірдзімамі. На Гомельшчыне — Пакалюбічы, Сьвяцілавічы, Сенажаткі… А вось яшчэ вёскі — Барэц і Дварэц. Гэта не русізмы. Гэта чыстая Беларусь, бо назвы ўтвораныя ад словаў “бор” і “двор” такім самым чынам, як “трактарэц”, якім тут называюць невялікі трактар.

Мы называем Гомельшчыну Рэспубліка Радзіма, бо гэта зямля старадаўніх радзімічаў. Дый самі мы зь літаратарам Барысам Пятровічам нарадзіліся ў гэтых мясьцінах.

Навокал — краіна кантрастаў, дзе адселеныя пасьля Чарнобылю вёскі, у якіх зашкальвае дазымэтар, суседзяць зь дзейнымі дамамі адпачынку. Дзе сьмяротна небясьпечна жыць, але дзе буяе й памнажаецца жывая прырода. Дзе Беларусь пакінула самыя лепшыя й плодныя свае палі. Дзе, паводле пашыранага ўяўленьня, высьпяваюць абрыкосы і дыні. Нідзе ў Беларусі няма ў мястэчках і вёсках такой дамінацыі дзяцей і моладзі, як тут, у зоне адсяленьня.

За Сьвяцілавічамі — вёска Вялікія Нямкі, дзе давялося ўпершыню пабачыць “жыўцом” прыкрынічныя крыжы — знак спракаветнай беларускай архаікі. Месца, дзе яны стаяць, лічыцца сьвятым. Нешта накшталт царквы пад адкрытым небам. З году ў год людзі спавіваюць іх ручнікамі, ад чаго крыжы з часам ператвараюцца ў захутаныя постаці…

Вялікія Нямкі — радзіма пісьменьніка Акуліна. Мусіць, так доўга маўчалі гэтыя Нямкі, так ім усяго надумалася, нацешылася і набалела, што не маглі ня выплеснуць усё сваім уласным пісьменьнікам. У гэтых краёх радзімы пісьменьнікаў, як тыя этнаграфічныя крыжы, трапляюцца на кожным кроку. Далей на нашым шляху іх будзе шмат, аж да Бярозаўкі за Мазыром, адкуль пісьменьнік Федарэнка.

Узор краявіду

Вёска Чамярня. Заснавальнік Веткаўскага музэю Фёдар Шкляраў заўсёды згадваў яе як узор краявіду. Чамярня — амаль на мяжы з Расеяй. Гэта спракаветнае гарадзішча на беразе Бесядзі. Сказаць, што мясьціны прыгожыя, будзе банальна. Шкляраў не аднойчы прыяжджаў сюды з эцюднікам, бо быў яшчэ й жывапісцам. А яшчэ часьцей — з гасьцямі. Каб проста вывесьці людзей на стромы бераг і сказаць: “Глядзіце!” І раптам такая музыка пачынае гучаць, такая нахлынае гармонія, што куды там да гэтага японскім школам зь іхным урокам любаваньня прыродай. Гэта хутчэй нейкае філязофскае глядзеньне ў абсалют. Ты ня сьлізгаеш позіркам, а зазіраеш у прадоньне сябе самога…

У Ветцы, дзе сьцяной стаяў дождж, Галіна Нячаева, сёньняшняя дырэктарка музэю, паказала нам абноўленую экспазыцыю, дзе гісторыя і мастацтва стараабрадцаў увесь час падсьвечваюцца спракаветнай беларускай традыцыяй — ручнікамі з геамэтрычнымі ўзорамі, у якіх спадарыня Галіна вялікі сьпец. Ад свайго папярэдніка Шклярава яна пераняла ня толькі пасаду, але й манеру размаўляць з наведнікамі. Гэта і экскурсія, і лекцыя, а найперш — урок этыкі. Напэўна, гэты музэй — самы дасканалы і жывы, а таму і самы багаты з усіх, якія даводзілася бачыць у Беларусі. Столькі сюды ўкладзена ўсяго нематэрыяльнага, што самое месца, здаецца, стала сувымернай духоўнай альтэрнатывай Чарнобыльскай бядзе. Турысты сюды валам ня валяць, бо баяцца радыяцыі.

Пераяжджаем Дняпро. На ўвесь прасьцяг па даляглядзе — вёска Гарошкаў. Радзіма пісьменьніка Толіка Сыса. Сам пісьменьнік цяпер недзе тут. Але шукаць яго ня сталі. У Толіка цяпер усе сюжэты пачынаюцца зь мілым палескім акцэнтам: “Я ўупіў” альбо “Мы ўупілі” і… далей ідзе сюжэт. То бок, калі хочаш пабачыць Сыса — мусіш узяць бутэльку і зь ім “ўупіць”. А іначай — навошта шукаў? Лёгіка жалезная. І мы пакідаем гэтае месца зь ня надта добрым паветрам. Тут рэчыцкія адстойнікі — ці то побытавыя, ці для нейкай вытворчай гадасьці — ня важна.

Ленін з фаласам

Лоеў, як і ўсе тутэйшыя мястэчкі і вялікія вёскі, гадоў сто таму быў жыдоўскім. Ад габрэяў засталіся камянічкі, якія й сёньня ўтвараюць аблічча гэтага зусім курортнага гарадка. Ціхі і ўтульны, акуратны Лоеў мае ўсе падставы прыцягваць турыстаў. Вялікую ваду дае зьліцьцё Дняпра з Сажом, пляжы, прыгажэнныя краявіды… І асаблівае радыяцыі тут няма. Праўда, колішні дух і інтэлект малюсенькага мястэчка разьвеяны па ўсім сьвеце. Варта згадаць лоеўскага выхадца бэн Бэцалеля, знакамітага талмудыста, які пры канцы XVI ст. стаў галоўным праскім рабінам. Гэта ён прыдумаў слыннага праскага голема. А з Францішкам Скарынам яны там разьмінуліся прыблізна на чвэрць стагодзьдзя…

Алюзіі колішняга лоеўскага інтэлектуалізму і досьціпу можна пабачыць і сёньня. На цэнтральнай плошчы мястэчка побач з райвыканкамам стаіць Ленін. Вельмі акуратны помнік, вельмі правільны, чорны. Ільліч паказвае пальцам на сутоку Дняпра і Сажа, туды, дзе гарадзкі пляж. А замест указальнага пальца ў Леніна — фалас. Самы што ні ёсьць рэалістычны. Усякіх даводзілася бачыць Ленінаў — і пафарбаваных зялёнай ці блакітнай фарбай і нават такога, як у пасёлку Жаркоўскі на Цьвершчыне, у якога штаны ўехалі ў зад, але гэткага ня бачыў ніколі.

Ці гэта жарт скульптара? Але ж ставіўся помнік у самыя суворыя сталінскія часы — у 1948-м. Магчыма, пажартаваў які пазьнейшы рэстаўратар? А мо гэта водгук палескай архаікі, дзе фаласам, сымбалем плоднасьці, да прыкладу, упрыгожвалі вясельны каравай.

96 мікрарэнтген у гадзіну

У вечаровым сонечным Брагіне на акуратным цэнтральным пляцы парамі шпацыруюць дзяўчаты і хлопцы. Дзеці ядуць хойніцкае марозіва. Маладая жанчына годна нясе свой вялікі жывот — цяжарная. Сьветлавое таблё на будынку палацу культуры паказвае лічбы — 96 мікрарэнтген у гадзіну. За бюстам земляка-пажарніка, які загінуў на АЭС, — сьпісы населеных пунктаў: пахаваных, адселеных і тых, якія знаходзяцца ў стадыі адсяленьня. Брагін — у апошнім сьпісе.

…Назвы паселішчаў на паказальніках уражваюць. Едзеш, як па Ірляндыі. Вось вёска Дублін, а вось нейкі Велін, дый сам Брагін таксама. Мужчынскія словы.

Дарога на Бабчын закрытая шлягбаўмам і ахоўваецца міліцыяй. Але гэтым разам мы не паедзем у 30-кілямэтровую зону. Бабчынскі пэдтэхнікум, у якім у 20-я ўтварылася беларуская нацыяналістычная арганізацыя “Альтруістых”, застаецца пакуль неадведаным. А яшчэ Бабчын — радзіма пісьменьніка Мятліцкага, цяпер прызначанага рэдактарам часопіса “Полымя”, які пісьменьніцкую кар’еру зрабіў на вершах пра Чарнобыль.

Хойнікі — чыста польскае слова. Толькі націск трэба ставіць правільна — Хойнíкі. Гэта як Мінск або Гродна — таксама польскія варыянты беларускіх назваў, што прыйшлі назад у мову беларускую з расейскай. Празаік Барыс Сачанка, які пра тутэйшую сваю родную вёску Вялікі Бор напісаў тоўсты раман “Вялікі Лес”, тлумачыў, што спрадвечная беларуская назва Хойнікаў — Хвойнікі.

Глінішча — радзіма пісьменьніка Мележа. Дом-музэй, як той казаў, вылізаны, акуратненькі. Перад ім — бюст Мележа, падобнага тут да Быкава. Праяжджаючы вёскай, пачынаеш углядацца ў абліччы людзей — хто тут знакаміты Васіль, а хто — Ганна Чарнушка? Людзі на балоце, якога даўно ўжо няма…

Селішча беларускага Адама

Кажуць, што ў Юравічах самыя прыгожыя дзеўкі. Архітэктурная прыкметнасьць мястэчка — руіна кляштару і стары калегіюм, у якім сёньня праваслаўны манастыр. Усё гэта абнесена высокім плотам. Уваход — напісана — толькі з блаславеньня, і побач табліца з папярэджаньнем пра злога сабаку.

Яшчэ ў Юравічах — самая старая ў нас чалавечая стаянка. Каля 30 тысячаў гадоў таму. Што гэта быў за чалавек і чаму ён менавіта тут вырашыў пасяліцца? Адказ можна атрымаць на месцы.

Уявіце, што вы праехалі кілямэтраў сто па абсалютнай роўнядзі сярод палёў, лясоў і вёсак. Такая роўная плоскасьць на месцы асушаных балотаў. І раптам яна абломваецца, і вы гледзіце з трыццацімэтровай гары, а пад вамі — унізе на ўвесь прасьцяг, на ўсю шырыню далягляду — іншая плоскасьць з тымі самымі палямі, лясамі і вёскамі. Гэта ж мы стаім на беразе легендарнага мора Герадота, якое славуты грэцкі гісторык намаляваў некалі на месцы сучаснага Палесься… І першабытны чалавек вырашыў пасяліцца на беразе мора.

Хто быў той чалавек, таксама робіцца зразумела на стаянцы. Праўда, ад яго захаваўся толькі пастамэнт з надпісам “В.И.Ленин”. Сюды ж падведзеная электрычнасьць. Падсьветка. Пастамэнт сталінскага часу з такімі самымі ляпнінамі, як на менскім Сталінскім праспэкце. Але Леніна няма. Пераставілі яго ці на плошчу, ці на які школьны двор.

Сёньняшні стары Мазыр — акуратны і прылізаны на мінулыя Дажынкі, але цалкам спустошаны, выхалашчаны. Акуратны горад, у якім ніхто не жыве, а толькі прагульваюцца. Зь дзяцінства памятаю стары драўляны рынак, які заўсёды быў проста затоплены народам. Цяпер на ягоным месцы новы — бэтонная гаргара. Але няма каму сюды хадзіць, бо ўся забудова прылеглых вуліц зьнесеная. Мне згадваецца, як у 80-я, калі старыя камяніцы тут руйнавалі цэлымі вуліцамі, мясцовы загадчык аховы помнікаў зьдзіўлена пытаўся: навошта пакідаць гэтыя “жыдоўскія клапоўнікі”? На сьцяне ў ягоным кабінэце вісеў партрэт Сталіна. Гэтак можна было б і ад старой Вільні зь яе “жыдоўскімі клапоўнікамі” не пакінуць каменя на камені. Але пакінулі. І цяпер “клапоўнікі” ўнесеныя ў сьпіс сусьветнае спадчыны.

Апошняе ўражаньне — нібы ў працяг тэмы — я вынес з гастраному ў Калінкавічах. У прадавачкі-жыдовачкі на бэджы напісанае імя і прозьвішча: Надзея Фундамэнт. Побач яе каляжанка, наліваючы мне смачнага мазырскага квасу, распавядала яшчэ адной, трэцяй прадавачцы: “Я ў Фундамэнт летам зьбірацца не люблю, вып’еш 50, а ап’янееш на 150, панэльны дом, сонечны бок — чыстая саўна…” І ўсе сьмяяліся, разам з гэтай самай ва ўсіх сэнсах сымбалічнай Надзеяй Фундамэнт.

Сяргей Дубавец
Паводле радыё “Свабода”