Мы прыбіраем кропкі над “і”!

Небывалы ўраджай

Гэтым разам вядомы журналіст Тыкубовіч, літаратар-славянін Касьцям, урач-футуроляг Фядупа, аналітык у цывільным Калядоп, Змагар нябачнага фронту і вядомы апазыцыянэр Лабэцька аналізуюць стан справаў у сельскай гаспадарцы й абмяркоўваюць увядзеньне надзвычайнага становішча.

Тыкубовіч: У адрозьненьне ад аматараў палітычных галюцынацый, Гарант Канстытуцыі выжыльваецца, каб стварыць ідэальныя ўмовы для выратаваньня ўраджаю, а мэханізм уборкі круціцца ў звычайным вальяжным рэжыме. Многія факты сьведчаць пра безадказнае стаўленьне да справы на ўсіх узроўнях, пачынаючы з Навіцкага, які ня здолеў своечасова прадугледзець, што засушлівая вясна зьменіцца яшчэ больш сухім і гарачым летам.

Змагар: Самі прызналі, што ва ўсім вінаваты рэжым — антыканстытуцыйны і антыбеларускі! Гэта дзякуючы яму вынішчана дзевяць дзясятых нашай нацыянальнай інтэлігенцыі й машынна-трактарнага парку! І я з усёй рашучасьцю заклікаю да байкоту ўсіх мерапрыемстваў антынароднае ўлады — у тым ліку надзвычайнага становішча й уборкі ўраджаю. Бо толькі адсутнасьць чаркі ды скваркі ўзімку дапаможа электарату зразумець усю ейную гэту самую антынароднасьць!

Фядупа: Нда-а-а-а, з такімі настроямі мы самі ўраджаю не зьбяром. Зрэшты, даўно пара зразумець: без Расеі нам гамон. А Пуцін даў бы рады нашым праблемам. Доказам гэтаму выступаюць цалкам кіраваная Дзярждума і вывернутая на благі бок Рада фэдэрацыі. Я прапанаваў бы нават прыцягнуць у нашую сельскую гаспадарку расейскія інвэстыцыі — “Газпрам”, думаю, згадзіўся б... Так што Гаранту Канстытуцыі пара кінуць тыя эскапады адносна павароту да Захаду перадам, а да Масквы задам і не пратэставаць супраць умяшаньня Расеі ў тое, што ён лічыў сваімі ўнутранымі справамі.

Касьцям: Толькі разам! Разам з Расеяй!

Калядоп: Тым ня менш, не было б лішнім папрасіць на жніво грошай у Амэрыкі. Вунь прыклад Хаміда Карзая. Давайце й мы скажам: калі цягам найбліжэйшага тыдня ня выдзеліць 800 млн. даляраў на забесьпячэньне мерапрыемстваў, зьвязаных з увядзеньнем надзвычайнага становішча на камбайнах, краіна скоціцца да анархіі й трапіць пад уладу палявых брыгадзіраў.

Лабэцька (уваходзячы): Даруйце за спазьненьне: увесь дзень з Гарантам Канстытуцыі на агітацыйным камбайне па калгасах езьдзіў — угаворваў яго пайсьці ў адстаўку пасьля канікулаў.

Касьцям: Здраднік, прытча ва языцэх сыянізму! Правільна напісана пра такіх у праваслаўнай Бібліі: акі пакі абряшчеце...

Тут на патрульным камбайне пад’ехалі Шэйман і Тозік, і недарэчная ў такую гарачую пару спрэчка рассасалася сама сабою.

Аддзел аналітыкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0