Сабачыя гісторыі “Славянскага базару”

Адзін сабака, сказаўшы на працы, што ў яго памерла цешча, паехаў на “Славянскі базар”. Едзе і радуецца. Ужо перад самым Віцебскам у вагон зайшоў Граждан, сеў побач з Сабакам і сказаў: “Я ўважаю Борыка Маісеева. А вы тут езьдзіце і ня знаеце, што яму запрацілі выступаць!”

Адзін сабака прыйшоў на канцэрт “Славянскага базару”. Слухаў і заснуў. Пад раніцу яго разбудзіў нейкі Граждан: “Я вас уважаць хачу, а вы пачаму-та аслаблі і ўсохлі, і песень не пяеце. Няўжо мала плацяць вам?”.

Адзін сабака пераапрануўся ў Кіркорава. Ідзе па Віцебску, раздае аўтографы. І раптам зь цёмнага двара выбягае Граждан і кліча за сабой: “Мая старая памірае. Прасіла перад сьмерцю Кіркорава пацалаваць”.

Адзін сабака не глядзеў па тэлевізары “Славянскі базар”, бо апошнім часам жыў на лецішчы. У суседа Граждана тэлевізара не было, і ён усю ноч барабаніў у сьценку сабакі малатком і крычаў: “Я кроў праліваў на стройках камунізму. А вы мне шкадуеце паслухаць нашых дзевачак Сашу і Наташу! Буду жалавацца ў вашу пярвічную ячэйку і, не пабаюся сказаць, у вышэйшыя органы. У мяне там друг пяць гадоў ні за што сядзеў!”

Адзін сабака слухаў песьні і плакаў. А Граждан, седзячы на дрэве, камандаваў: “Сьпявайце мацней! Больш аптымізму! Весялей! Ножкі пакажыце! Ручкамі памашыце! Давайце! Давайце!”

Адзін сабака вярнуўся са “Славянскага базару”. Прыйшоў да сваёй кватэры, а там каля дзьвярэй сядзіць Граждан: “Мне Шніп усё расказаў. І я ўяўляю, дзе ты правёў апошні тыдзень. Прызнавайся, дзе столькі часу хаваўся ад нашай уласьці? І на Шніпа не спадзявайся. Ён ужо раскалоўся і даў нам падпіску, што састаіць на службе ў дзянікінскім падводным флёце”.

Віктар Шніп