На тыдні

Памяркоўнасьць падбівае

Новай сацыял-дэмакратычнай партыі можа ня быць

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, партыя жанчын “Надзея” і незарэгістраваная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Аляксея Караля мусілі цалкам аб’яднацца да канца жніўня. Аднак нядаўняе рашэньне Цэнтральнай Рады БСДГ можа паставіць крыж на гэтым праекце. Грамада прапануе Каралю і Палевіковай: “Улівайцеся ў нас!” Зразумела, што апошнія такі варыянт “інтэграцыі” ўспрымуць неадназначна.

Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч на паседжаньні Цэнтральнай рады 26 ліпеня мусіў шукаць кампраміс: у шэрагах партыі ёсьць праціўнікі “інтэграцыі”, якія маглі пакінуць БСДГ у знак пратэсту. А губляць адзінства партыі, нават дзеля такога аб’яднаньня, ня хочацца…

“Усё рабілася для таго, каб гэтага аб’яднаньня не адбылося, — кажа адзін з удзельнікаў нарады. — У нашай партыі галоўнае — нацыянальныя пытаньні, а ў іх — сацыялістычныя і нават марксісцкія. Таму, калі хто зь іх жадае, хай пішуць заявы ў нашу партыю”. Каб на зьезьдзе БСДГ людзі Караля і Палевіковай мелі аднолькавыя магчымасьці балятавацца ў кіроўныя органы, іх мусіць быць там ня меней за тысячу. Але ў пачатку 2002 г. Аляксей Кароль ня здолеў сабраць дастатковую колькасьць сяброў для рэгістрацыі сваёй БСДП у Мінюсьце.

“Я думаю, што гэта пасьпешлівае рашэньне. Шушкевіч і яго актыў яшчэ не прааналізавалі тыя абставіны, у якіх яны знаходзяцца”, — кажа Валянціна Палевікова. Дый навошта, у такім разе, было тое аб’яднаньне распачынаць — бо ініцыятарам была менавіта партыя С.Шушкевіча. В.Палевікова спадзяецца, што кіраўніцтва БСДГ перагледзіць сваё рашэньне. “Бо аб’яднаньне цяпер патрэбнае ўсім дэмакратычным сілам. Адна справа — змагацца аднаму, а зусім іншая — разам”.

Цікава, што партыя жанчынаў “Надзея”, рэйтынгі якой найвышэйшыя, выступае за аб’яднаньне. Тады як Грамада, што аб’ядноўвае пераважна інтэлігенцыю, вагаецца. Напэўна, пазыцыя партый тут залежыць ад унутранай сытуацыі ў партыях. Няўпэўненасьць адчуваюць тыя палітычныя групоўкі, якія ў выпадку перарэгістрацыі ці праверкі не змаглі б сабраць патрэбнай для працягу дзейнасьці колькасьці чальцоў.

Алег Тачоны

Заява польскага Сойму

“Існаваньне ў Беларусі недэмакратычных структураў улады мы ўспрымаем як пагрозу для міру і стабільнасьці ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе”, — гэтак напісала ў сваёй заяве Камісія па міжнародных справах польскага Сойму.

Заява была ініцыяваная прадстаўнікамі польскіх правых партыяў “Закон і справядлівасьць” ды “Грамадзянская плятформа”. Лідэр “Закону і справядлівасьці” былы генпракурор Польшчы Лех Качыньскі (ягоны бацька перад вайной скончыў школу ў Баранавічах) кажа, што падзеі ў Беларусі турбуюць палякаў значна больш, чым тое, што дзеецца, прыкладам, у Паўднёвай Эўропе.

“Польская дыпляматыя павінна падтрымліваць намаганьні міжнароднай супольнасьці, скіраваныя на вяртаньне дэмакратычнага ладу, а таксама пашаны да правоў чалавека ў Беларусі. Мы павінны выступаць супраць рэпрэсіяў у адносінах да апазыцыі, грамадзкіх арганізацыяў і незалежных мэдыяў. Асаблівае значэньне мае высьвятленьне лёсу зьніклых палітыкаў, а таксама фактаў, якія сьведчаць аб тым, што гэты арганізаваны гвалт робіцца з дапамогай альбо са згоды ўладаў. Мы прагнем, каб пасьля выкананьня нашых патрабаваньняў Беларусь вярнулася на міжнародную арэну ў якасьці сябра такіх міжнародных структураў, як Рада Эўропы, АБСЭ і Сусьветная гандлёвая арганізацыя”, — гаворыцца ў заяве.

Разам з тым, Камісія лічыць, што трэба пашыраць гаспадарчае, навуковае і культурнае супрацоўніцтва зь Беларусяй, а таксама кантакты зь мясцовымі органамі самакіраваньня, якія “ў будучым павінны быць фундамэнтам добрых міждзяржаўных стасункаў”.

Заява, якую Сойм прыняў аднагалосна, ёсьць дакумэнтам, які абавязкова мусіць браць пад увагу польскае МЗС, будуючы стасункі зь Беларусяй.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

доктарка тыдня

Міністар Пастаялка

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Людмілу Пастаялку міністрам аховы здароўя. Сама яна зь Берасьця. Cпн. Пастаялка — маці асабістае доктаркі А.Лукашэнкі. З кастрычніка яна займала пасаду першага намесьніка міністра аховы здароўя.

глупства тыдня

Тунэль

Адзін літовец прапанаваў пракапаць тунэль ад Калінінграду да Беларусі, каб унікнуць ізаляцыі расейскага анкляву на Балтыйскім моры пасьля далучэньня Літвы да Шэнгенскай зоны. А расейскія і “тожа-беларускія” камэнтатары ўсур’ёз такі варыянт абмяркоўваюць. Ім і ў галаву не прыходзіць, што праз 20 гадоў тунэль давядзецца падоўжыць кілямэтраў на 400 на ўсход.

нечаканасьць тыдня

Старыкевіч застаўся

Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай не прыняў прапановы Леаніда Козіка звольніць Аляксандра Старыкевіча з пасады галоўнага рэдактара газэты “Беларускі час”. Не баяцца ні Козіка!

Паводле інф. БелаПАН, радыё “Рацыя”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0