Горад будоўляў
Колісь Валер Булгакаў пісаў у “Нашай Ніве”, што менчука, куды б ён ні пайшоў, суправаджаюць земляныя работы. Але такога размаху, як у апошнія некалькі гадоў, яны не дасягалі, відаць, з часоў будаўніцтва першае лініі мэтро. “Наша Ніва” прапануе чытачам кароткі агляд менскіх будоўляў.
Плошча Незалежнасьці
Працягваецца (ці зацягваецца?) рэканструкцыя плошчы Незалежнасьці. У верасьні транспарт пусьцяць уздоўж гарвыканкаму й галоўнага корпусу БДУ. Каля Чырвонага касьцёлу машыны езьдзіць ня будуць. Пад пешаходнай часткай плошчы тут збудуюць чатырохузроўневы грамадзка-гандлёвы цэнтар. Два верхнія ўзроўні — падземныя “вуліцы” з крамамі, два ніжнія — паркінгі ды тэхнічныя памяшканьні. “Разынка” цэнтру — трохузроўневая заля зь сьвятлопранікальным купалам для канцэртаў, дыскатэк, выставаў. Пад самой плошчай збудуюць два пераходы — ад вуліцы Ленінградзкай да падземнага гораду і ад галоўнага корпусу БДУ да будынку БДПУ. У гарадзкіх уладаў не стае грошай, каб самастойна скончыць рэканструкцыю плошчы. Камітэт эканомікі Менгарвыканкаму абвясьціў конкурс інвэстыцыйных праектаў на права долевага будаўніцтва 30 крамаў, 2 міні-кавярняў і 2 шапікаў. Кошт пабудовы 1 кв.м — 2000 даляраў. Скончыць рэканструкцыю плошчы Незалежнасьці разьлічваюць налета.
Верхні горад
У 2003 г. пачнецца й другі этап рэканструкцыі Верхняга гораду. Паводле словаў старшыні камітэту архітэктуры Менгарвыканкаму Аляксандра Чадовіча, у квартале, дзе сёньня месьціцца вайсковая камэндатура (гэта ўніз ад царквы Сьв.Язэпа), будзе невялікі гатэль, гандлёвы цэнтар, рэстарацыі, мастацкія галерэі. Верхні горад, на думку галоўнага архітэктара, варта злучыць з будынкам 2-й гарадзкой клінікі ды Траецкім прадмесьцем, апусьціўшы пад зямлю частку вуліцы Максіма Багдановіча (ад мосту церазь Сьвіслач да сувораўскай вучэльні). Работы ў гэтым квартале фінансуе нямецкая фірма “Авэрыда”.
Паркінг
на Нямізе
Мяркуецца таксама збудаваць на вул.Няміга сучасны паркінг. Далёка ня ўсе пагаджаюцца з гэтым. На думку ўдзельнікаў грамадзкае ініцыятывы “Няміга-1507”, гэтая будоўля працягне разбурэньне гістарычнай часткі Менску, якое адбываецца цягам апошніх гадоў.
А на вул.Інтэрнацыянальнай за музэем гісторыі другой сусьветнай вайны, на рагу Кастрычніцкай плошчы, мусіць паўстаць 36-павярховы пяцізоркавы гатэль — самы высокі будынак у Менску. Ёсьць пярэчаньні: маўляў, ён будзе разбураць стылёвы ансамбль гарадзкога цэнтру. Ансамбль насамрэч унікальны: Лангбардаў Дом афіцэраў, псэўдарускі Архірэйскі падворак, і Дом прафсаюзаў — сталінскі ампір. Ды 36-павярховы гмах — гэта якраз тое, чаго тут не ставала!
Шлях на Партызанскі
Рамонты йдуць ня толькі ў цэнтры. Пашыраецца таксама вул.Аранская, што злучае вул. Маякоўскага й Партызанскі праспэкт. Гэта дапаможа пазьбегнуць затораў на разьвязцы ля Чэрвеньскага рынку. Ужо колькі гадоў зачынены й чыгуначны пераезд па вул.Кастрычніцкай: будуюць тунэль і дарогу, па якой можна будзе сьмела шураваць з Партызанскага праспэкту адразу на вул.Леніна, не баючыся пабіць падвеску на калдобінах Кастрычніцкай.
Прывакзальная плошча
Даводзяць да ладу і гонар нашае чыгункі — новы будынак вакзалу, крыху пасьпешліва адчынены да леташніх выбараў. Паднаўляюць “менскія вароты” — вежы на Прывакзальнай плошчы. Узьведзеныя пасьля вайны, яны — найбольшае ў Менску збудаваньне такіх памераў з драўлянымі перакрыцьцямі між паверхамі. Нанава пафарбаваныя й падгрыміраваныя, вежы губляюць сваю сталінска-ампірскую веліч і робяцца падобнымі да крэмавага торту.
Пераход ля “Турысту”
Пад вул.Даўгабродзкай каля гатэлю “Турыст” капаюць падземны пераход. Хутка ня трэ будзе ляцець цераз дарогу перад машынамі, каб сесьці на трамвай — да рэек будуць адмысловыя крытыя выхады. Пераход злучаны з тунэлем мэтро. З-за гэтае будоўлі ў Серабранку пэўны час не хадзілі трамваі. Іх замянялі аўтобусамі нумар 166, на некаторых зь якіх заставаліся рамантычныя шыльды “Менск—Магілёў”. Ізноў трамваі пусьцілі 27 ліпеня — на Дзень Незалежнасьці.
Кальцавая
Завяршаецца й рэканструкцыя Менскай кальцавой аўтадарогі, слава пра якую, дзякуючы Курапатам, пайшла далёка за межы краіны.
Аркадзь Шанскі
Замнога вытворчасьці
Васіль Харэўскі – спэцыяліст у галіне горадабудаўніцтва, кандыдат эканамічных навук. 40 гадоў працуе ў праектных і навукова-дасьледчых інстытутах, зьвязаных з горадабудаўніцтвам, мае больш за 120 навуковых працаў і публікацыяў па гэтай тэматыцы. Браў удзел у распрацоўцы праектаў, што вызначалі лёс беларускіх гарадоў і тэрыторыяў: “Схема разьвіцьця і разьмяшчэньня вытворчых сілаў Беларусі”, “Схема разьвіцьця і разьмяшчэньня населеных месцаў”, “Нацыянальны плян разьвіцьця гарадоў і тэрыторыяў” ды інш.
Васіль Харэўскі лічыць, што Менск разьвіваецца па індустрыйнай мадэлі, а ня так, як уласьціва бальшыні сталіцаў: “Толькі за 1969–73 г. колькасьць насельніцтва ў Менску павялічылася на 325 тыс. чалавек. Такімі тэмпамі ў той час ня рос ніводзін горад у свеце. Тут месьціліся высокатэхналягічныя прадпрыемствы: трактарны, аўтамабільны, гадзіньнікавы заводы, “Гарызонт” і інш. Тут канцэнтраваліся самыя складаныя вытворчасьці, НДІ й канструктарскія бюро. У 80-я ў Менску працавала 73% дактароў навук, 66% кандыдатаў навук, 70% архітэктараў Беларусі й г.д.
Але ў 90-я ліквідавалі адміністрацыйна-плянавую сыстэму, ня стала і ваенных замоваў, на якія працавала вялікая колькасьць спэцыялістаў. Кіраўніцтва краіны, замест асваеньня новых відаў прадукцыі, якія б мелі попыт на сусьветным рынку, “кансэрвуе” савецкія прадпрыемствы. А яны разбураюцца. Знос актыўнай часткі асноўных вытворчых фондаў дасягнуў 86%. Паводле тэорыі, калі знос асноўных сродкаў на прадпрыемстве перавышае 60%, вытворчасьць робіцца нерэнтабэльнай: рамонт састарэлага абсталяваньня абыходзіцца даражэй, чым пакупка новага. Тым больш калі прамысловасьць такога абсталяваньня ўжо не выпускае. Ламаецца адзін станок тэхналягічнай лініі – і ўся лінія – мэталалом”.
Менск, на думку Васіля Харэўскага, мусіў бы разьвівацца як навукова-тэхнічны і бізнэсовы цэнтар эўрапейскага ўзору. У местах такога кшталту ў невытворчай сфэры занята да 80% працаздольнага насельніцтва. Нават у такіх буйных індустрыйных цэнтрах, як Чыкага ці Манчэстэр, гэтая лічба складае 75–80% людзей.
А.Ш.