навука і тэхніка

Яны думалі, што гэта працяг шоў

Прычынаю могуць быць памылковыя мапы. Арыштаваны камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Ўкраіны, міністар абароны падаў у адстаўку

Львоўскі аэрадром Скныліў 27 ліпеня быў упрыгожаны з нагоды 60-годзьдзя 14-га авіяцыйнага корпусу Ўкраіны. Аздобай сьвята мусіла стаць авіяшоў, на якое львавяне валам валілі: летам ня так багата відовішчаў, пагатоў бясплатных. Сабралося каля 10 тыс. гледачоў, зь якіх каля чвэрці складалі дзеці.

“Разынкай” сьвята стаўся палёт зьнішчальніка Су-27. Фігуры вышэйшага пілятажу зьмянялі адна адну. Раздражняла гледачоў толькі тое, што самалёт раз-пораз пралятаў проста над іхнымі галовамі, абдаючы смуродам.

У 12.52 Су-27, спрабуючы зрабіць “бочку”, раптоўна стаў зьніжацца, зачапіў вершаліны дрэваў і ўехаў у натоўп гледачоў. Пілёты (палкоўнікі Ўладзімер Тапанар і Юры Ягораў) былі аўтаматычна катапультаваныя, калі самалёт, стукнуўшыся аб бэтон, падскочыў у паветра. Некаторы час машына “ехала” на крыле, а потым выбухнула. 13-гадовы Росьцік у шпіталі распавядаў: “Я ляцеў у паветры, і ўсё віравала вакол мяне”. Загарэлася паліва ў самалётных баках, на аэрадроме пачаўся пажар. Гледачы кінуліся ад вогненнага воблака, падмінаючы слабейшых. А тыя, хто стаяў воддаль, працягвалі піць піва. Яны думалі, што гэта працяг шоў!

Загінулі 83 чалавекі, былі паранены 116. Вінаватымі ў трагедыі генпракурор Украіны Сьвятаслаў Піскун назваў лётчыкаў. Паводле ўкраінскіх законаў, ім пагражае ад 5 да 15 гадоў зьняволеньня. Між тым, праз два дні пасьля трагедыі стала вядома, што самалёт разам з экіпажам прыбыў у Львоў толькі ў суботу: ён замяняў іншы зьнішчальнік, зьняты з палётаў. Лётчыкі ня ўдзельнічалі ў генэральнай рэпэтыцыі, нават месцы разьмяшчэньня гледачоў і поле ў іхных плянах былі пазначаныя ня так, як было насамрэч.

Адпраўленыя ў адстаўку і арыштаваныя галоўнакамандуючы ВПС генэрал-палкоўнік Віктар Стрэльнікаў, камандуючы 14-м авіякорпусам генэрал-лейтэнант Сяргей Анішчанка, ягоны намесьнік Трацякоў і памочнік кіраўніка ў зоне пілятажу падпалкоўнік Яцюк. Быў звольнены начальнік генштабу Пятро Шуляк. Іхную віну адмаўляць наўрад ці выпадае: у бальшыні краінаў гледачы знаходзяцца за колькі сотняў мэтраў ад самалётаў падчас авіяшоў. Гэтыя меры прымаюцца пасьля катастрофы 1988 г. на базе Рамштайн у Нямеччыне, калі ад падзеньня трох італьянскіх самалётаў, якія сутыкнуліся ў паветры, загінула каля 70 чалавек.

Украінская апазыцыя цьвердзіць, што адказнасьць на сябе мусіць узяць і Леанід Кучма як галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі краіны. Юлія Цімашэнка заклікала прэзыдэнта пайсьці ў адстаўку. Украінскае насельніцтва адрэагавала больш проста і эмацыйна: у кватэрах лётчыкаў пачалі біць шыбы…

Тым часам у Львове разьвітваліся з забітымі. У Заходняй Украіне зь яе разьвітым пачуцьцём грамадзкае салідарнасьці абыякавых няма. На аэрадроме 29 ліпеня адбылася жалобная паніхіда, адслужаная сьвятарамі Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы. Гарэлі сьвечкі. Само поле было ўкрыта кветкамі. Найбольш кветак было ў баразьне, прааранай Су-27.

Адам Воршыч

Самалёт Су-27 адносіцца да клясы шматмэтавых зьнішчальнікаў. Створаны ў канструктарскім бюро імя Сухога пры канцы 1970-х, у сэрыйную вытворчасьць запушчаны ў 1983 г. Маецца на ўзбраеньні ў Беларусі, Віетнаме, Грузіі, Кітаі, Расеі, Украіне.

Даўжыня самалёта 21,9 м, вышыня 5,9 м, размах крылаў 14,7 м. Вага 19 т, максымальная баявая нагрузка 6 т. Ім могуць кіраваць адзін ці два пілёты. Максымальная хуткасьць на вялікай вышыні 2500 км/г, каля зямлі – 1400 км/г. Можа набраць вышыню да 18500 м. Баявы радыюс дзеяньня 1500 км, максымальная далёкасьць палёту 3900 км.

аварыі Су

1990. Сальгарэда ля Вэнэцыі. Пілёт Рымантас Станкявічус ня справіўся з кіраваньнем СУ-27. Загінулі лётчык і ахоўнік на зямлі.

1997. Братыслава. У часе авіяшоў Су-27 ня здолеў выпусьціць шасі. Лётчык пасадзіў машыну “на пуза”.

1999. Лё Буржэ. Падчас 43-га Парыскага авіясалёну зьнішчальнік Су-30МКІ рабіў “бочку” і ня змог выйсьці са штопару. Лётчыкі пасьпелі катапультавацца.

2001. Востраў, Пскоўшчына. На зьнішчальніку Су-33 разьбіўся генэрал-маёр Цімур Апакідзэ, Герой Расеі, намесьнік камандуючага марской авіяцыяй краіны.

2002. Уладзівасток. Зваліўся Су-27, у якога адмовіла сыстэма кіраваньня. Лётчык, капітан Аляксандар Цьвяткоў, катапультаваўся.


генэтыка

Чалавекападобныя мышы

Звычайныя мышы маюць невялікі мозг з гладкай карою. Але дастаткова зьмяніць адзін ген, каб яна зрабілася такой самай збарозьненай, як у людзей ці чалавекападобных малпаў.

Менавіта такіх мышэй вывелі вучоныя з “Beth Israel Deaconess Medical Center”. Навошта? Каб высьветліць, што ўплывае на больш ці менш складаную будову мазгавой кары. Аньен Чэн і Крыстофэр Уэлш “падазравалі” ў гэтым бэта-катэнін — рэчыва, асабліва высокія канцэнтрацыі якога ўтрымліваюцца ў клетках некаторых пухлінаў. Каб дазнацца, якую ролю яно адыгрывае ў працэсе разьвіцьця кары галаўнога мозгу, дасьледнікі стварылі пароду мышэй, якія выпрацоўвалі шмат бэта-катэніну менавіта ў тых клетках, які служаць асновай нэрвовай тканкі. Мазгі ў такіх мышэй расьлі як мае быць! Найбольш павялічылася кара, у якой у людзей працякаюць самыя складаныя разумовыя працэсы.

Чаму ж бэта-катэнін заахвочвае мышыныя мазгі да такога росту? “Хутчэй за ўсё, гэты бялок прымушае зародкавыя клеткі нэйронаў дзяліцца нашмат даўжэй, чым звычайна, і пакідаць па сабе больш пакаленьняў клетак. Якія потым ператвараюцца ў сьпелыя нэйроны”, — лічыць Крыс Уэлш. Падобна нават на тое, што бэта-катэнін зьяўляецца для нэйронных зародкаў нечым накшталт пераключальніка. Чым яго болей, тым больш нэрвовых клетак працягваюць дзяліцца, замест таго каб дасьпяваць.

Спосаб, якім расьце мозг мышэй-мутантаў, моцна нагадвае працэс разьвіцьця мозгу нармальнага чалавека. Ці азначае гэта, што наш від можа дзякаваць за свой вялікі мозг такога кшталту мутацыі, якая некалі ператварыла маленькі мозг першых гамінідаў у вялікі і гнуткі орган, якім карыстаецца гома, што тут ні кажы, сапіенс?

Калі нават наш вялікі мозг абавязаны сваім існаваньнем бэта-катэніну, дык напэўна мы “нажылі” яго не за адзін прыём. Бо з антрапалягічных дасьледаваньняў вынікае, што і аб’ём, і складанасьць структуры мозгу продкаў чалавека зьмяняліся ў ходзе эвалюцыі паступова.

“Існуе багата спосабаў атрымаць разьвіты мозг, — адзначаюць аўтары працы. — Замест таго каб павялічваць колькасьць нэйронаў, падаўжаючы пэрыяд іх размнажэньня, можна зьменшыць долю тых, якія гінуць у працэсе апаптозу. Або павялічыць мозг разам з усім целам, трохі зьмяніўшы будову аднаго зь бялкоў, што рэгулююць цыкл дзяленьня клетак”.

Амэрыканскае адкрыцьцё набліжае нас да адкрыцьця таямніцы непрапарцыйна вялікага мозгу прыматаў. Але ці можна па велічыні мозгу меркаваць пра інтэлект? У слана мозг гіганцкі, але ня слон распрацаваў тэорыю адноснасьці. А вось у Айнштайна, аўтара гэтай тэорыі, мозг быў меншы за сярэдні (1230 г, тады як сярэдні паказьнік — 1400)…

Дык ці разумнейшыя тыя мышы з большым мозгам? Ці выяўляліся ў іх лепшыя здольнасьці да навучаньня? З дасьледаваньняў вынікае, што велізарны па колькасьці міжклеткавых спалучэньняў мозг паддосьледных грызуноў… адстае ад мозгу нармальных мышэй, што ня зьведалі мутацыі. Доктар Уэлш лічыць, што прычынаю гэтаму — недастаткова добрая арганізацыя завялікай мазгавой кары.

Навукоўцы пачнуць дэталёва вывучаць разумовыя здольнасьці незвычайных мышэй, ледзьве атрымаюць новы прыплод.

Паводле “Gazety Wyborczej”


Зь Менску ў Нью-Ёрк за гадзіну

Навукоўцы з квінслэндзкага Цэнтру звышгукавых палётаў вынайшлі рухавік, які можа дазволіць самалётам лётаць з хуткасьцю 8 тысячаў кілямэтраў у гадзіну.

Нядаўнія выпрабаваньні прайшлі надзвычай пасьпяхова: запушчаная над аўстралійскай пустыняй ракета з рухавіком “HyShot” вярнулася ў ідэальным стане на месца старту. Папярэдняя спроба, у кастрычніку, скончылася няўдала: ракета зьнікла недзе над бяскрайнімі пяскамі.

Новы рухавік хутчэй нагадвае ракетны, чым турбарэактыўны, але, у адрозьненьне ад першага, бярэ кісларод з атмасфэры. Таму адпадае патрэба ў цяжкіх баках са звадкаваным кіслародам.

Сесьці на супэршпаркі самалёт мы зможам яшчэ ня хутка. Трэба ж прыдумаць, як разагнаць лятальны апарат да хуткасьці, у пяць разоў большай за хуткасьць гуку, — мінімальнай для “HyShot”.


Канца сьвету пакуль ня будзе

З падлікаў NАSА вынікае, што сутыкненьне з астэроідамі Зямлі пакуль не пагражае.

Згодна з падлікамі некаторых астраномаў, двухкілямэтровае ў дыямэтры нябеснае цела ў 2019 г. можа сутыкнуцца зь Зямлёй. Гэта, у найлепшым выпадку, зьнішчыла б цэлы кантынэнт, выклікала б глябальную зьмену клімату і сьмерць мільёнаў людзей. Лябараторыя рэактыўнага руху NАSА, аднак, не пацьвердзіла гэтай інфармацыі. У 2019 г. пагрозы няма. Затое гэты самы астэроід можа пагражаць нам яшчэ 1 лютага 2060 г., калі ён зноў наблізіцца да Зямлі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0