Стары і скрыпка

Уладзіславу Буцько са Смургоняў аж 83 гады — немалы для мужчыны век. Але слаўны ён не аднымі гадамі. Дзед Уладзіслаў, апроч таго што мудры, вясёлы і добры чалавек, яшчэ й музыка — скрыпач-самавук.

Скрыпку сваю першую ён зрабіў сам у 12 гадоў. “Жылі мы тады ў невялікай вёсачцы двароў на 20 недалёка ад Барунаў, — распавядае дзед. — Сваіх музыкаў не было. Дык аднаго разу па калядках хадзілі, на Тры каралі, прыхожыя хлопцы. З чужой вёскі, далёкай. Яны гралі, а я за імі йшоў і слухаў скрыпку. Я з-за яе ішоў. З-за той скрыпкі”.

Самаробная скрыпачка

Так запала хлапцу ў душу тая скрыпка, што вырашыў ён сваю зрабіць. Ніхто ў сям’і нават не здагадваўся, чым займаецца дзіця, калі каровы пасьвіць. А ён, нібы той Страдывары ці Гварнэры, самы складаны з усіх музычных інструмэнтаў майстраваў: “Узяў палена во-о такое таўстое. Усе формы нарысаваў па памяці. Потым павыразаў — дзе далатом, дзе ножыкам. Верх атрымаўся не такі, як у сапраўдных скрыпак, — фігурны, а просты. Нацягнуў струны… Але ж ня маю паняцьця, як іграць. Нехта сказаў — ідзі да старога. Ён такога веку быў, як я цяпер. Змоладу на скрыпцы граў”.

Схаваўшы інструмэнт пад “капоту” (так тады называлі паліто), малы паджгаў да спэцыяліста: “Нядзеляй гэта было. Смык узяў з сабой — лучок загнуты, конскі волас прывязаны да аднаго канца і да другога. Той стары глухаваты крыху быў. Ён так глянуў і гучна пытаецца:

— А што, дзетка, скажаш?

— Казалі, Вы на скрыпцы ўмееце…

— Цяпер ня ведаю, ці зайграю. Раней дык граў. Але даўно тое было… Чаму ты пытаешся?

А я баюся і казаць:

— Зрабіў во скрыпку, дык ня ведаю, як настроіць, як іграць.

Ён тады ўзяў у рукі скрыпку. Глядзеў-глядзеў то на яе, то на мяне, то на яе, то на мяне. Тады па струнах патумкаў. Давай круціць-строіць. Чую — гучыць! Як тая, зь якой калядоўшчыкі хадзілі. Тады смык узяў, правёў па струнах. І пачаў песеньку — “Зялёны лісточак”. Як зайграў, дык у мяне проста каленкі падкасіліся. Ледзь ня падаю з радасьці, што мая скрыпка песьню грае.

Тады ён яшчэ зайграў хуткае нешта, кшталту полькі.

— Вось і ўсё. Болей я сам забыў, — кажа.

Я шапку ўзяў, з радасьці пакланіўся, падзякаваў за дапамогу. Прынёс дахаты скрыпку, нідзе каб ня ўдарыць, і ножыкам ля кожнага калка зазначыў, як яна настроеная”.

Канцэрт для таты

Так патроху хлопчык вучыўся. Доўгі час граў толькі тыя дзьве мэлёдыі, што стары музыкант паказаў: “Хаваў скрыпку ў полі. Пад ялаўцом ямка была, і там, у гэнай ямцы, яна ляжала. Займаўся і ўсё пад сакрэтам трымаў, бо таты баяўся — яшчэ каб не набіў. А калі добра навучыўся граць песьню, прынёс скрыпку дахаты. Каровы загнаў у хлеў і гляджу — дзе тата? Убачыў, што ён ідзе да гумна. Гэта далекавата было. Раней хлеў ад хаты далёка ставілі: у выпадку, калі адно загарыцца, каб другое цэлае засталося… Ён ідзе, і я выйшаў з-за гумна. Задам сеў, быццам таты ня бачу. Вока скрывіў, гляджу — ці блізка ён. А як падышоў бліжэй, я пачаў той “Лісточак” граць. Тата спыніўся. Я вокам назад, углядаюся. Стаяў ён, стаяў… А я шчыра так граю! Тады тата падышоў — а я нібы як ня бачу — і цоп мяне за плячо.

— Ну як, музыка! — сам сьмяецца.

Гляджу, што тата вясёлы, дык і ў мяне адлягло. А то ўсё думаў — мо атрымаю па сьпіне”.

Крамны інструмэнт

Праз тыдзень купілі Ўладаку сапраўдную скрыпку: “Нічога ня кажучы, тата паехаў у Гальшаны — там у нядзелі базары адбываліся. Купіў скрыпку крамную, старэнькую, з трэшчынай. Аддаў за яе 60 злотых — грошай на паўкаровы. Дык ён скрыпкі адразу не паказаў. Прынёс у хату, я і ня бачыў калі. Толькі ўклаўся спаць, а ён па струнах пальцамі. Я падумаў, што мая скрыпачка сама забарабаніла.

— Чаго спалохаўся? — пытаецца.

— Скрыпка! Але нейкі голас не такі…

— Ці бачыш? — кажа і скрыпку дастае.

У мяне толькі сэрца: ёк-ёк”.

Вясельлі й вечарыны

А потым знаёмы хлопец набыў гармонік, і яны ўдвух з Уладзіславам гралі на танцах у сваёй вёсцы. За вечар зараблялі пуд жыта: “Добры быў заробак у дзіцячых гадох. У 17—18 ужо сапраўдная радасьць была, што мы музыкі… Гралі на вясельлях, вечарынах, хрэсьбінах. Плацілі няблага: вясельле адыграў — меў на паўкаровы грошай. А як саветы прыйшлі, дык і на провадах у войска граць пачалі. За Польшчай гэткай завядзёнкі не было, бо ў войска выпраўлялі — плакалі… Тады ж мы арганізаваліся ў капэлю. Знайшліся кампаньёны — баяніст, клярнэтыст і барабаншчык. Багаты дзядзька жэніцца — нас усіх завуць, а калі бяднейшы — дык тры альбо два музыкі йдуць. Скрыпку заўсёды бралі, ужо нейкая капейка ёсьць, паварот лепшы…”

Карміцелька

Так і была б на ўсё жыцьцё скрыпачка карміцелькай, але “музыка перарвалася, як мяне зблатавалі ў калхоз — кладаўшчыком, — распавядае дзядзька. — Адтуль ня надта пойдзеш граць. І мой ансамбль разваліўся”. А як выйшаў на пэнсію, дык згадаў дзяцінства — зрабіў сабе яшчэ адну скрыпку, хоць ёсьць і фабрычная: “Для хатніх граю цяпер і для сябе — амаль штовечар. А ноты так і ня вывучыў. Не было калі. Дый у мяне і бяз нотаў ёмка атрымлівалася…”

І атрымліваецца. Каб вы чулі, як грае Ўладзіслаў Буцько сёньня, у свае 83, дык згадзіліся б (бо мае рацыю) зь ягонымі самаўпэўненымі словамі.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0