лісты ў рэдакцыю

Роўныя і раўнейшыя
пры паступленьні ў ВНУ

Надышла чарговая рэформа адукацыйнай сыстэмы. Скарачэньне гадзінаў матэматыкі ды роднай літаратуры й мовы падаецца як клопат пра здароўе школьнікаў. Пра духоўны патэнцыял і будучыню нацыі няма мовы. Адзін клопат пра сёньня. Пра нас заўсёды клапаціліся: раней — партыя, цяпер — гэта прэрагатыва аднаго чалавека. Таму й панастваралі ад яго імя розных камісій па зьдзяйсьненьні клопату пра народ. Прыкладам, камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў у ВНУ. Важная, вядома, рэч — роўныя ўмовы для абітурыентаў. Але што выходзіць на самай справе?

Усё пачалося з тэставаньня па матэматыцы ўвесну. Па-першае, абітурыент, прыкладам, з Глыбокага, які мусіць ехаць начным цягніком у Віцебск на тэставаньне, адразу ж трапляе ў няроўныя ўмовы зь віцебскім шкаляром. Але хай сабе, прыехаў. Заходзіць нявыспаны ў аўдыторыю і атрымлівае тэст на мове, што пануе ў Віцебску. А ён навучаны той матэматыцы па-беларуску зь першай клясы. Добра яшчэ, калі настаўнік даваў пераклады адметных беларускіх тэрмінаў на расейскую. А калі не?.. Вось вам і роўныя магчымасьці. Далей – болей. Умовы тэсту былі надрукаваныя з двух бакоў аркушу: з аднаго – заданьні, складзеныя ў Расеі, з другога – беларускія. Некаторыя вучні ў стане стрэсу й не перагарнулі старонкі.

На ўступных іспытах у ВНУ гісторыя з “роўнымі” ўмовамі знайшла працяг. Іншагароднія ды вясковыя абітурыенты мусілі загадзя засяліцца ў інтэрнат. Мо ўпершыню ў жыцьці яны пазнаёміліся з прусакамі ды прысмакамі “грамадзкага харчаваньня”. За гэткі побыт трэба, дарэчы, плаціць – яшчэ адзін прыклад “роўных” магчымасьцяў. На іспыце заданьні выдаюцца зноў-такі на адной мове – гэта сталася ўжо аксіёмай і абмеркаваньню не падлягае. Канкураваць наш абітурыент мусіць з рознымі льготнікамі. Калі, скажам, інваліды, дык усё зразумела, але чаму маюць ільготы выпускнікі ліцэяў пры той ВНУ?

Падчас іспыту вам можа трапіцца варыянт, цяжэйшы за астатнія. Вось гэта фокус! Ня будзем ужо зважаць на такую праяву “роўнасьці”, калі падчас іспыту асобныя сябры экзаменацыйнай камісіі дазваляюць сабе даваць кансультацыі некаторым абітурыентам. Тут трэба мець фотаапарат, каб зафіксаваць гэткае дзіва. Але ж вучні прыяжджаюць дахаты і ўсё распавядаюць бацькам і сваім настаўнікам. Цікава, дзе ў гэты час знаходзяцца сябры кантрольнай камісіі?

Пасьля іспытаў турботы абітурыента не сканчаюцца. Трэба ж своечасова даведацца пра вынікі, каб, калі што якое, пасьпець завезьці дакумэнты ў іншы ўнівэрсытэт. Але як гэта зрабіць, калі тэлефон прыёмнай камісіі ўвесь час заняты? Зноўку давядзецца ехаць ва ўнівэрсытэт – зноў давай, татка з матуляй, грошы. Тым часам кампутараў там не бракуе, і прынамсі адзін зь іх павінен працаваць на абітурыента ў рэжыме on-line, праз Інтэрнэт хутка выдаваць усю патрэбную інфармацыю. Але не працуюць яшчэ кампутары на “роўныя ўмовы”.

Дык як жа нам рэалізаваць сьветлую ідэю пра сапраўды роўныя ўмовы для абітурыентаў? Варта адкінуць старыя савецкія падыходы і пыху ды пераняць добра распрацаваную тэхналёгію набору ў ВНУ, калі кожны здае іспыт у роднай школе. Здае камісіі, складзенай са спэцыялістаў зь іншых школаў. Альбо іспыты ўвогуле касуюцца добра наладжанай сыстэмай школьнай адукацыі.

Янка Шкаляр, Глыбокае

 

Ня стаўце крыж на Федарэнку й Шніпу

Яшчэ ў пачатку гэтага году дзяржава фінансавала літаратурныя часопісы, не зважаючы на іхны зьмест. Дакацілася да таго, што апошні непадцэнзурны нумар “Крыніцы” зьмясьціў “парнаграфію” Адама Глёбуса. Далей справы так працягвацца не маглі, трэ было ратаваць становішча. Галоўным выратавальнікам часопісаў і чытачоў паставілі Сяргея Касьцяна, вядомага славяніна-патрыёта, стварыўшы з выданьняў холдынг “ЛіМ”.

Хто думаў тады, што Віктар Шніп, аўтар “Сабачых гісторыяў”, застанецца працаваць у холдынгу? У інтэрвію радыё “Свабода” Шніп спрабаваў неяк апраўдаць свой учынак, гаворачы, што ні аб якай цэнзуры ў холдынгу гаворкі быць ня можа. Але ў той самы дзень Эдуард Скобелеў “ахрысьціў” Быкава, Барадуліна й Законьнікава “политически отсталыми” літаратарамі, а Ніна Чайка адмовілася друкаваць вышэйзгаданых пісьменьнікаў на старонках “Нёману”. Пасьля ўсіх гэтых заяваў рэйтынг Шніпа ў вачох многіх ягоных чытачоў, што дагэтуль з радасьцю чакалі “Сабачых гісторыяў” і новых вершаў, упаў на супэрнізкі ўзровень, зь якога вельмі цяжка будзе падняцца ў будучыні.

І вось з таго часу мінула ўжо тры месяцы. Шніп па-ранейшаму займае пасаду намесьніка галоўнага рэдактара “ЛіМу”. Тым часам холдынг выпусьціў першую порцыю сваіх часопісаў. Беларускія СМІ аналізавалі тыя выданьні. Зьявіўся артыкул і на старонках “НН” пад аўтарствам М.Бугая.

Аўтар, пералічваючы рэдакцыйны савет “Полымя”, спыняецца на прозьвішчы Федарэнкі, а пасьля піша: “Здаецца, што літаратары-аўтсайдэры селі ў машыну часу…” Пагаджуся з праватою гэтага выказваньня ў бок Праўдзіна, Саламахі, Коўтун, Бадака, але хіба Андрэй Федарэнка – літаратар-аўтсайдэр?! Ягоную аповесьць “Гісторыя хваробы” Сяргей Дубавец параўнаў з найлепшым творам Джэрома Сэлінджэра “Лаўцы ў жыце”. А Федарэнкаў “Шчарбаты талер” для дзяцей хіба таксама нічога ня варты? Асабіста я цешу сябе надзеяй, што ў хуткім часе дзеці будуць выхоўвацца менавіта на ім, а не на “пазнайках” і “баранкіных”.

А ёсьць жа яшчэ ў Федарэнкі аповесьць, напісаная зусім нядаўна, але ўжо славутая. Маю на ўвазе “Нічыіх”. Да яе няма адназначнага стаўленьня. З аднаго боку – найвыдатны твор пра слуцкія падзеі 1920 г., а з другога – напісанае ў аповесьці зусім не адпавядае нашым уяўленьням пра гэтую падзею, што склаліся пад узьдзеяньнем гісторыкаў-нацыяналістаў.

Адам Глёбус у сваіх кантамінацыях зазначае, што пра добры твор гавораць мала людзей, але доўга. А хіба ў нашай айчыннай літаратуры апошніх гадоў ёсьць іншы правакацыйны твор (калі не лічыць “Турэмнага дзёньніка” Славаміра Адамовіча), які б выклікаў столькі палемікі, дыскусіяў і размоваў, як “Нічые”?

Людзі, якім дарагая беларуская літаратура, разумеюць, што Федарэнка ніякі не “літаратар-аўтсайдэр”, а адзін з найлепшых нашых пісьменьнікаў. І, пэўна, недалёкая ўжо тая пара, калі ў школьнай праграме па беларускай літаратуры Броўку заменяць на Сыса, Панчанку – на Славаміра Адамовіча, Навуменку – на Мудрова, а Шамякіна – на Федарэнку. І тады ўжо мала хто згадае, што Федарэнка працаваў у холдынгу Касьцяна.

Бо пісаў жа оды Сталіну Максім Танк, а ягоныя вершы па-ранейшаму чытаюць нацыяналісты, не прыніжаючы іх літаратурных вартасьцяў. Спадзяюся, што ў Федарэнкі справа так далёка ня зойдзе: одаў ня будзе. Дык ня стаўце на ім крыж.

Тое самае датычыць і Віктара Шніпа.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0