дзяржаўны інтэрас

Каралявец

Назіраеш за разьвіцьцём эўрапейска-расейскага канфлікту вакол Караляўца, і часам робіцца крыўдна, што расейцы аж настолькі ня лічаць нас незалежным суб’ектам міжнароднага права, а эўрапейцы з гэтым моўчкі пагаджаюцца. Прынамсі, зь іх боку так і не прагучала натуральнае пытаньне пра межы Расеі, да якіх яна зьбіралася “цягнуць” свой “транспартны калідор”. Пры тым, што на кожнай мапе відаць: Каралявеччыну ад рэшты Расейскай Фэдэрацыі аддзяляюць дзьве дзяржавы. Але ня будзьма тут роблена зьдзіўляцца — мы ўсе цудоўна ведаем, каму пэрсанальна дзякаваць за гэткую пагарду і што рабіць, каб яе пазбыцца пасьля!

Важней іншае: можна пэўна сказаць, што расейскія патрабаваньні будуць адкінутыя і праз пару гадоў Каралявеччына канчаткова зробіцца для Расеі “адрэзаным кавалкам”. З кожным годам суадносіны тых, хто калісьці зьехаўся ў ачышчаную ад немцаў “Калінінградзкую вобласьць”, і тых, хто на гэтай зямлі нарадзіўся ды ня ведае іншай Радзімы, зьмяняюцца на карысьць апошніх. Пройдзе зусім няшмат часу — і Расеі цяжка будзе штосьці супрацьставіць ідэям аб аўтаноміі й нават дзяржаўнай самастойнасьці гэтага лапіка зямлі, з усіх бакоў аточанага Эўразьвязам. А калі новае дзяржаўнае ўтварэньне ўсё ж узьнікне, потым не спатрэбіцца шмат часу, каб яно сталася часткай аб’яднанай Эўропы: надта ж вялікай будзе ў тым зацікаўленасьць і ягоных жыхароў, і іхных суседзяў.

У выпадку ўваходжаньня Каралявеччыны ў Эўразьвяз 80 тысяч каралявецкіх беларусаў далучацца да 250 тысяч польскіх і 58 тысяч літоўскіх (грамадзяне Эўропы з 2004 г.). Колькасьць “нашых” эўраграмадзянаў пераваліць тады за 400 тысяч (з улікам беларускіх эмігрантаў у Заходняй і Сярэдняй Эўропе ды іхных нашчадкаў). Гэткая паважная дыяспара, калі яе як сьлед зарганізаваць, будзе ў стане годна рэпрэзэнтаваць “беларускі фактар” ва ўсіх сур’ёзных справах Саюзу. Таму пачынаць навязваць кантакты ды імкнуцца ўплываць на палітычныя схільнасьці нашага будучага эўрапейскага авангарду трэба ўжо сёньня.

Ігар Лялькоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0