Пасьля пажару

Эўропа страчвае свае скарбы пад вадой, Беларусь — у агні. З Радашкавічаў прыйшла сумная вестка: згарэла хатка Веры Ніжанкоўскай зь Сьніткаў, жонкі Браніслава Тарашкевіча. Там жанчына пражыла не адно дзесяцігодзьдзе — ад 1941 году да свайго скону. Сумная радашкаўская вестка чорнаю куляй стрэліла ў сэрца: “А як жа фатаздымкі, старыя альбомы ды розныя іншыя рэліквіі?!” Картачак у Веры Ніжанкоўскай было багата: сямейныя здымкі Сьніткаў, Жыркевічаў, Уласавых… Нават якіхсьці Манюшкаў. Я меў інтуітыўнае спадзяваньне, што хтось з радашкаўцаў выхапіў з агню старыя паперы ды альбомы.

Пра радашкавіцкі пажар кажуць рознае. Па-рознаму і пішуць. Трэба зьезьдзіць і самому паглядзець, што там адбылося. Да Радашкавічаў ад Менску — гадзіны паўтары-дзьве аўтобусам ці электрычкай, а з электрычкі роварам. Гэтага часу якраз дастаткова, каб сёе-тое прыгадаць з нагоды апошняга радашкавіцкага пажару.

Хатка, у якой пражыла свае апошнія гады Вера Ніжанкоўская, колісь належала да маёнтку Андрэя Сьніткі, ейнага бацькі. Па першым часе ў тым будыначку жыла кухарка ды яшчэ хтось з наймітаў. Тарашкевічы займалі суседні з гарэлай хацінкай дамок, пра што сьведчыць і мэмарыяльная дошка на ім. Будынак той быў прывабны і дагледжаны, зь лёгкай вэрандаю наўкол. Але ў 1939 г. бальшавіцкія камісары выселілі адтуль цяжарную Веру Тарашкевіч. Ёй давялося шукаць якісь прыватны кут. Пасялілася паблізу радашкаўскага касьцельнага цьвінтару. Ёй, як ні дзіўна, дазволілі перавезьці некаторыя рэчы, што належалі Тарашкевічу, каштоўныя паперы зь сямейнага архіву. Але ў 1941 г. на Радашкавічы пасьля заняцьця іх немцамі наляцелі савецкія самалёты і пачалі бамбаваць. Згарэла й хатка, у якой пасялілася спадарыня Вера. У тым пажары згінулі пэргамэнтныя ўнівэрсытэцкія дыплёмы расейскага цэнзара Паўла Кукальнікава, зь якім Сьніткі хаўрусавалі, згарэлі й тры канспэкты лекцыяў Карскага, якімі Тарашкевіч вельмі даражыў. Але самыя значныя паперы ўдалося выхапіць з агню. Сярод іх — гісторыя Слуцку, напісаная Андрэем Сьніткам.

Скарб у кухарчынай хатцы

Пасьля пажару Вера з маленькай дачушкай і сынам Славікам перабралася ў кухарчын дамок, дзе й жыла да апошняга часу. Пасьля яе сьмерці архівам апекавалася дачка Ірына. Апрача каштоўных здымкаў ХІХ ст. там было старое піяніна, розныя камоды ды іншыя, драбнейшыя памяткі пра радашкаўскіх дзеячаў, у тым ліку і пра Тарашкевіча.

Спадарыня Вера даражыла ўсім, што нагадвала ёй Броніка. У сьвятліцы над старой канапкай вісеў дыванок. “Гэта памятка пра Броніка!” — заўсёды з гонарам казала ўдава. Паказвала мне неяк дачка Веры Ніжанкоўскай Ірына і Сьніткаву прасьціну з вышыванымі на ёй сястрою Ўласава вэнзэлямі, і арыгінальны капялюх славутага колісь спартовага таварыства “Сокал”. Гэтыя рэчы нямала павандравалі па сьвеце, перш чым трапіць у Радашкавічы. Іх перавезьлі з Чэхіі пасьля сьмерці Андрэя Сьніткі, брата Веры.

Шмат чаго іншага было пад страхою гэтага сьціплага радашкаўскага дамка. Прыкладам, зялёная палярына — напінанка для вазка. Яе Сьніткі купілі, як вазілі свайго Адзю ў Крым. Дый сама хацінка мела гістарычную і этнаграфічную каштоўнасьць. Старэнькая яна была, з бэлькамі навыпуск, але ўмэбляваная на старасьвецкі салённы лад. Цяжка было нават здагадацца, што ў ёй колісь жылі найміты. То што з усім гэтым: і з канапкай, і з дыванком, і з масіўным старасьвецкім сталом?! Няўжо ўсё ляснула?!

Кніжкі — на сонцы

Пакуль гэтак думалася ды разважалася, я зь Міколам Лавіцкім на роварах набліжаўся да месца радашкаўскага пажару. От і знаёмая вулачка. Даўней яна звалася Паштовай. Цяпер — імя Браніслава Тарашкевіча. У гэтым утульным радашкавіцкім куточку прайшлі мо самыя шчасьлівыя хвіліны ягонага жыцьця.

Шмат гадоў радашкавіцкія актывісты зьбіраліся стварыць тут музэй. Музэю не дачакаліся. Дачакалі пажару. Пажар гэты нават паказвалі па тэлевізіі. Я ж пра яго даведаўся з “Комсомольской правды”. Дык там гаварылася, што ад будынку засталіся адны галавешкі. А тут, хвала богу, сярод абгарэлых дрэў і пажухлага квету стаіць тая прыветная хатка. Праўда, без страхі. Страха абгарэла і ссунулася на беленыя сьцены. Першае, пра што падумалася, — раз сьцены цэлыя, значыць, ня ўсё загінула. Самае каштоўнае павінна было ацалець. Мы абышлі зь Міколам Лавіцкім падворак. Сьляды пажару былі скрозь. Стары прас з падстаўкай. Абгарэлыя газэты, часопісы. Бачу і “ЛіМ”, “Наша Слова”, “Ніву” беластоцкую. У адным з нумароў “Нівы” на першай старонцы чытаю: “Пажар на плябаніі”. Ну, але дзе ж гаспадыня пагарэлай хаткі?

— Яна ў суседзяў жыве, — падказвае Мікола.

Празь якую хвіліну мы ўбачылі знаёмую постаць. З Ірынай я знаёмы даўно. Яна не адзін раз дапамагала мне, калі я працаваў на тэлевізіі. Меў ад яе немалую практычную дапамогу й музэй Янкі Купалы. Цяпер цяжка прыгадаць усе ўстановы, якія карысталіся Сьніткавым ды Тарашкевічавым архівам. А тэлевізійшчыкі ўвогуле не вылазілі з тае радашкаўскае хацінкі.

Хацінку, безумоўна, можна было б аднавіць ці хоць закансэрваваць, нацягнуць якую страху. Але хто за гэта возьмецца?! Самой Ірыне гэта не пад сілу. Яна адно просіць ва ўлады, каб у доме, дзе колісь жыў Тарашкевіч, выкраілі хоць пару пакойчыкаў для бібліятэкі ды музэю Сьніткаў і Тарашкевічаў.

— Я б хацела дажыць сваё жыцьцё, — кажа Ірына, — сярод дрэваў, між якіх жыла мая мама, мая баба. Хадзіць па тых сьцежках, па якіх хадзілі мае продкі й сваякі — дзед Сьнітка, Аляксандар Уласаў, Браніслаў Тарашкевіч, Ядвігін Ш., Людамір Рагоўскі...

А пакуль сушацца на сонцы, праветрываюцца яе кніжкі, сярод якіх нямала ахвяраваных, з аўтографамі, мэбля Тарашкевічава перавезеная ў радашкавіцкі клюб, частку арыгінальных здымкаў перахоўвае ўнучка Ўласава — Рыма.

Сэрыя таямнічых падпалаў

Былі ў Радашкавічах і даўней пажары. Дык суседзі суцяшалі пагарэльцаў:

— Ну чаго вы плачаце? Гэта Сьнітку трэба плакаць. Гэта ж яму давядзецца вам хату будаваць! Ён жа вас так ня кіне!

Гэта мэцэнацкая Сьніткава місія не забылася і да гэтае пары сярод простага люду. Даўней быў Сьнітка. Ён ніколі і нікога не пакінуў адзін на адзін зь бядою! А як зараз будзе?! Дапальваюцца апошнія памяткі пра гэтага асьветніка. І няма каму ў Радашкавічах бараніць яго.

— Праз два дні пасьля пажару на сядзібе, — распавядае Ірына, — хтось падпаліў і дзедаву глінабітку. Такіх глінабітак цяпер у Беларусі амаль няма. Дзед мой з розумам, па ўсіх правілах будаўніцтва спраектаваў гэтую будыніну. У ёй заўсёды было прасторна і суха. І от нехта спаліў яе… Навошта? Для чаго? Незразумела!

Нязмушана згадаўся і падпал лясной хаткі Зоські Верас… Яна таксама была дарагая беларусам сваім найкаштоўнейшым архівам. Хацелася б думаць, што гэтыя падпалы выпадковыя. Але ў нашай беларускай рэчаіснасьці яны так моцна адчувальныя. Адна ўцеха, што на сьвеце ёсьць такі цуд, як фатаграфія. Нашы фатографы шмат чаго перазьнялі на стужкі, зрабілі копіі найбольш каштоўных здымкаў. Так што зусім бясьсьледна гісторыя ня зьнікне.

Перад радашкавіцкім пажарам у друку прамільгнула паведамленьне, што дзесь на Меншчыне ў адным і тым селішчы часта надараліся пажары. Як пазьней высьветлілася, гэтыя падпалы рабіў практыкант-пажарнік. Сам падпальваў і сам тушыў — практыкаваўся. То мо і ў Радашкавічах завёўся гэткі?! У той самы дзень, калі загарэлася колішняя глінабітка Сьніткаў, на вуліцы Тарашкевіча быў і яшчэ адзін пажар… А ня так даўно згарэла колькі пабудоваў у багдановіцкай Ракуцёўшчыне.

Народная мудрасьць кажа: ліха без дабра не бывае. Якое дабро — спытаецеся? Можа, гэтыя сёлетнія пажары нарэшце актывізуюць мясцовую ўладу, патрыётаў, і ўсё ж музэй радашкавіцкіх асьветнікаў нарэшце будзе заснаваны. Тым больш што адзін зь Сьніткавых будынкаў, у якім жыў Браніслаў Тарашкевіч, ацалеў.

Паспрыяй, Божа, праўдзе спраўдзіцца! Тым больш што радашкавіцкія ўлады ачольвае чалавек з прозьвішчам першага рэдактара “Нашай Нівы” — Уласаў.

Уладзімер Содаль


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0