За восем гадоў існавання спецыяльны атрад хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі не страціў ніводнага ваеннаслужачага; цяжкапараненыя — былі.

Пра гэта БелаПАН паведаміў першы камандзір САХРа, а цяпер камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка.

Спецыяльны атрад хуткага рэагавання быў створаны загадам міністра ўнутраных спраў 29 чэрвеня 1999 года. «Тады ў краіне назіраўся пэўны ўсплёск злачыннасці, і неабходна было мець больш шырокую сетку падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў структуры МУС. І акрамя АМАПа, атрада «Алмаз» быў створаны спецыяльны атрад САХР», — сказаў Д.Паўлічэнка. Задачамі гэтага падраздзялення, паводле яго слоў, сталі «захоп і ліквідацыя ўзброеных злачынцаў, вызваленне заложнікаў, выкананне іншых задач з аператыўнымі структурамі МУС» — крымінальным вышукам, па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, незаконным абаротам наркотыкаў.

З 1998 года САХР «правёў больш за 1.200 рознага кшталту аперацый, захоплена значная колькасць злачынцаў», зазначыў Д.Паўлічэнка.

Паводле яго слоў, пра складанасць і сур’ёзнасць задач, якія выконвае САХР, гаворыць той факт, што пяцёра ваеннаслужачых атрада ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць», 12 — медалямі «За адвагу». Пры гэтым Д.Паўлічэнка зазначыў, што за 12 гадоў такіх ордэнаў, як «За асабістую мужнасць», прэзідэнт уручыў толькі 32.

У якасці прыкладу дзейнасці САХРа Д.Паўлічэнка прывёў такі факт. У 2001 годзе пры захопе асабліва небяспечных злачынцаў аператыўнымі службамі быў няправільна зроблены разлік — у кватэры былі не два, а тры злачынцы. «Пасля завяршэння штурму адзін з байцоў заўважыў на кухні варушэнне — пад умывальнікам схаваўся бандыт. Калі баец паспрабаваў яго затрымаць, той ва ўпор стрэліў з абрэза. Наш ваеннаслужачы, уладальнік крапавага берэта, які меў адпаведную падрыхтоўку, цяжка паранены, здолеў яго абясшкодзіць, не дапусціць другога стрэла, надзеў на яго наручнікі і толькі пасля гэтага страціў прытомнасць», — зазначыў Д.Паўлічэнка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Фота Беларусь-ФОТО

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0