нацыя паэтаў

Віктар ШНІП

 

* * *

Неба над намі, нібыта вада...

Зоркі, нібы залатая арда,

Сонна ўсплываюць з начной цішыні,

Быццам тапельцы з рачной глыбіні,

Сонна ўсплываюць і сьвет захапляюць,

Дзе мы з табою нядоўга жывём,

Быццам бы сьвечкі, што плынь
асьвятляюць

Ночы, зь якой мы ідзём, як цячом,

Быццам між пальцаў у сьмерці цячэ

Неба, якое нібыта вада,

Дзе мы з табою жывыя яшчэ,

Дзе нам бяда — нам яшчэ не бяда,

Бо маладыя мы сёньня з табою,

Быццам крыжы па-над новай царквою,

Што збудавана на тым, што было,

Што засталося, з вадой не сплыло,

А прарасло, як трава прарастае

Там, дзе агонь, як арда залатая,

Там, дзе вада пад нагамі, як неба,

Лёд на вадзе, як застылае срэбра,

Срэбра разьбітае намі арды,

Срэбра, якім напаўнялі раты

Да самага нёба, нібыта да неба...

 

* * *

Баляда Нямігі

Нібыта ў зямлю закапаная Кніга,

У трубах счарнелых пад намі Няміга,

А мы па-над ёю, нібыта трава,

Якая ня помніць амаль анічога

І толькі нядаўна прыпомніла Бога.

На ўзгорку, як помнік Нямізе, —
царква.

І ты мне гаворыш, што суму ня трэба

Па тым, што даўно адляцела на неба

І што зарастае бязбожнай травой,

А сам па Нямізе ідзеш, нібы плачаш,

І іншай дарогі да Храму ня бачыш,

Як людзі Нямігу — пад мёртвай

зямлёй...

 

Баляда абяцаньня

Нікому нічога больш не абяцаць,

Нібыта зь цямнечы да сонца
ўсплываць

І сонца ня бачыць, і клікаць цябе

У Храм, што прысьвечаны нашай
журбе

Па тым, што калісьці
прыдумвалі мы,

Яно ж прападала, як шэрань зімы

Пад сонцам, якое над намі плыло,

Нібыта ў сасудзе чырвоным
цяпло...

Нікому нічога больш не абяцаць,

Нібыта з туману больш
не будаваць

Масты праз раку, за якою
ёсьць ты,

Пакуль я з туману будую масты...

Нікому нічога больш не абяцаць,

Як д’ябла з журботнай душы
выганяць

І Бога ўпускаць, як сьвятло,
у душу,

І ўжо не хавацца ў кустах
ад дажджу,

Што зь неба праліўся, нібыта
сышоў

Сам Бог на зямлю па прыступках
з дажджоў...

Нікому нічога больш не абяцаць —

Мяне прывялі да сьцяны —
расстраляць

За тое, што я абяцаў, не зрабіў,

А нашую Вільню ўначы падпаліў...

 

Арцём АРАШОНАК

* * *

Вечарам за сталом

П’юць віно…

У кожнай чарцы па поўні.

* * *

Дым цыгарэт

Вечарамі нараджае

Абрыс незнаёмкі.

* * *

Па сьнежнай дарозе

Ідуць да царквы…

Крумкач і сьвятар.

 

Вячка ВАСІЛЁНАК

Беларусь!..

Абгрызены кавалак

Старажытнай,

Велічнай Літвы.

 

Наталя КАРГІНА

* * *

Чаму мяне так цягне да цябе

І сэрца захлынаецца ад прагі?

Пакутую ад неспатольнай смагі

І не шкадую словаў у мальбе.

Усе вершы прысьвячаю я табе,

Душа канае ад тваёй няўвагі,

Але адкрыцца не стае адвагі…

Няўжо так і загіну я ў журбе?

Наскрозь відаць усе твае заганы,

Ды ныюць разьвярэджаныя раны,

І сьлёзы сьлед кладуць, яднаюць нас.

Я ведаю, што ты мяне ня варты.

Чаму ж цябе чакаю так упарта?

Кахаю, мабыць, – вось і ўвесь адказ.

 

Таня КІРЫЛЕНКА

* * *

Калі ня я, дык нехта

Падхопіць родны сьцяг.

Зіма накрые сьнегам

Наш невясёлы шлях.

Ня будзе прабачэньня,

Са шляху ўцякач.

Свабоды нараджэньне

Вадой з Дняпра адзнач.

І зваць ня змоўкне рэха

Майго жыцьця:

“Калі ня я, дык нехта

Падхопіць родны сьцяг”.

 

Марыя ЛАГОДЗІЧ

* * *

Навучы мяне слухаць неба

і маліцца адзінаму Богу.

І я стану тваёю нявестай,

блаславёнай зямлёй і нябёсамі.

Навучы мяне слухаць неба,

і я буду табе тлумачыць

колер словаў, табой прамаўлёных,

колер гукаў, табой прасьпяваных.

Я малюся адзінаму Богу:

Божа, зьлітуйся, Божа, над намі…

Я тлумачу табе колер гукаў…

Навучы мяне слухаць неба.

 

Pavał MASTAVY

Štandar

Štandar moj kryvicki, štandar moj litoūski,

Źziaje, niby kroū z rastryvožanych ran.

Ciabie nie zahubiać ni vorah maskoūski,

Ni bydłam abrany čužyniec-cyhan!

Kali ja pabaču, jak volna i śmieła

Łunaje pa vietry chutčej i chutčej

Ściah moj staražytny, bieł-čyrvana-bieły,

Spakojna na sercy i dychac lahčej!

Юрась НЕРАТОК

Цікаваньне

З дому выскачу мячом

і прайдуся тузам,

і на лаўку сяду ў сквэры, як барон.

Пацікую за дзяўчом –

майка з голым пузам –

ці то ловіць жаніхоў, ці то
варон.

З цыгарэтай – да мяне,

просіць запальнічку.

Хіба ж я не Прамэтэй – агонь трымаць?

Дзьве зацяжкі – і капец,

лезе ў касмэтычку.

Пэўна, будзе гэта мышка паляваць.

Кінуць пасмачку на лоб,

вусначкі падвесьці,

вейкі выпрастаць, а бровы разагнаць…

І прыкідваць, як каго б

на бабло разьвесьці…

Я сягоньня не пусты – досыць цікаваць!

 

Ільля ПАПЛЁЎКА

* * *

Паміж высокіх і пакатых гор,

Пакрытых лесам і густой травою,

Цячэ рачулка летняю парою

Празь цёмны, страшны і дрымучы бор.

Чысьцюткая, як водбліск ясных зор,

Віецца яна русаю касою,

Блішчыць на сонцы дзіўнаю красою,

Гучыць здаля, як шматгалосы хор.

Рачулку гэту называюць Гайна,

Яна кранае сэрца незвычайна.

Як я хачу, каб чысьціня вады

Ачысьціла людзей у Беларусі!

Каб толькі шчасьце сьнілася заўжды…

А перайначыць яву – я бяруся!

 

Дар’я САБАЛЕЎСКАЯ

Рэквіем

Быў трэці дзень маёй і тваёй адзіноты.

З раніцы выпаў сьнег –

Такі пяшчотны,

Такі белы, –

Але каханьне,

Каханьне ішло горлам

І запэцкала яго.

І па ўсіх маіх сёньняшніх дарогах

Разьліліся бел-чырвона-белыя моры.

Як у нататніку – побач з тваім імем,

Але сымбалем іншага змаганьня.

Гэты рэквіем убачыла толькі я.

Глядзі, як горлам ідзе каханьне,

Як на вачах я раблюся халоднай.

Як раблюся шэраю зданьню.

Але ты ня хочаш

Нават позірк узьняць

На мяне.

Таму гэты Рэквіем бачу толькі я.

Глядзі, як вібрую ў павуціньні

Непамерлай пяшчоты,

Як раздвойваюся і чужэю:

Сама сабе –

Твая я і проста Я.

Як са сьвістам зацягваецца пятлёю

Мой выбар

На горле.

На тым самым горле,

Якім усё яшчэ ідзе каханьне.

Падобнае на вытрыманае

Віно. Але

Нічога ў сьвеце ня знойдзеш мацнейшага.

І нішто так не захмеліць.

А я ўжо ўпілася ім да зьнямогі

І хачу пазбыцца яго.

Але кахаць чамусьці
не перастаю.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0