Прыпыніўся выхад “Свободных новостей”

Незалежная прэса перажывае найцяжэйшы пэрыяд у сваёй гісторыі

Ня выйшаў чарговы нумар незалежнага тыднёвіка “Свободные новости”. Па словах аднаго з заснавальнікаў газэты Аляксандра Тамковіча, у сераду загад не друкаваць “СН” аддаў Дому друку міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны.

Ён гэта зрабіў на просьбу Сяргея Атрошчанкі, кіраўніка прадпрыемства па вытворчасьці моднай бялізны “Сэрж” і аднаго з заснавальнікаў газэты, які вырашыў “зачыніць газэту з прычыны стратнасьці”. С.Атрошчанка заявіў у інтэрвію “Інтэрфаксу”, што газэта не акупляе сябе. 21 жніўня ўвечары з офісу рэдакцыі “СН” вынесьлі частку абсталяваньня, якая належала Атрошчанку. Напярэдадні ён заявіў, што звальняе з пасады галоўнага рэдактара і блякуе рахунак газэты.

У пятніцу тыражом 15 тыс. асобнікаў мусіць выйсьці першы нумар газэты “Обозреватель”, якую будзе выдаваць той самы Атрошчанка. Гэтая газэта, паводле чутак, ствараецца з удзелам расейскага капіталу. “БДГ” паведаміла, што да яе стварэньня мае дачыненьне кіраўнік агенцтва “Інтэрфакс-Захад” Вячаслаў Зяньковіч. Канфлікт Атрошчанкі з калектывам “СН” у яго цягнецца ўжо даўно. Тамковіч кажа, што Атрошчанка ўжо ня мае ніякіх правоў на “СН”, бо перадаў іх галоўнаму рэдактару Аляксандру Ўліцёнку, і мяркуе, што газэта ўсё роўна будзе выходзіць “у тым ці іншым фармаце”.

“СН” выходзяць з 1991 г. У 2002 г. яны атрымалі прэстыжную нямецкую прэмію “Die Zeit”.

Такім чынам, на сёньня з агульнанацыянальных незалежных газэт выходзяць толькі “Наша Ніва”, “Народная воля”, “Белорусская деловая газета” і “Згода”. Неўзабаве адновяць свой выхад “Навінкі”. Лёс іншых выданьняў ахутвае туман няпэўнасьці.

А.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0