Навіны культуры
Вольнае вогнішча
17 жніўня ў Бабруйску, на ўзьбярэжжы Бярэзіны, адбыўся традыцыйны, пяты па ліку, фэст бардаўскай песьні і паэзіі “Вольнае вогнішча”. Гэтым разам ён меў форму творчага сяброўскага спатканьня, без вызначэньня пераможцаў. Паэтаў прыехала багата, а музыкаў — толькі трое: Андрэй Мельнікаў і мясцовыя барды Рыгор Спасюк ды Сьвятлана Чарненка. Гэта быў першы выступ Андрэя ў Бабруйску. Творы А.Мельнікава кранулі ўсіх прысутных, а асабліва ўразілі тых, хто слухаў яго і ўпершыню, і жыўцом, і пры водблісках вогнішча. Гэта незабыўна. Ладзіла “Вольнае вогнішча” мясцовая суполка ТБМ пры фінансавай падтрымцы сяброў “Народнай грамады”.
Віктар Маліноўскі, Бабруйск
Народныя чытаньні памяці Купалы
Тры месяцы доўжыліся штотыднёвыя паэтычныя чытаньні ў гонар 120-х угодкаў з дня нараджэньня Янкі Купалы ў сквэры яго імя ля помніка. Ладзілі іх сябры КХП-БНФ. 15 жніўня адбылася заключная імпрэза. Сабралася пяць дзясяткаў шанавальнікаў паэзіі. Як заўсёды, наверсе помніка — плякат зь неўміручымі словамі паэта “Жыве Беларусь!”. Вяла чытаньні мовазнаўца Валянціна Мароз. Як заўсёды, сьпявалі песьню на словы Купалы “Не загаснуць зоркі ў небе”. З 25 жніўня чытаньні пераносяцца да помніка Якубу Коласу. Першыя адбудуцца 25 жніўня а 12-й.
Вольга Канановіч, Менск
Зачыняюць “Зьмену”
У аўторак камісія Менгарвыканкаму вырашыла ліквідаваць тры менскія кінатэатры — “Авангард”, “Радзіму” і “Зьмену” з прычыны іх стратнасьці. Але дырэктарка “Зьмены” Ніна Макрыцкая тлумачыць закрыцьцё накірункам дзейнасьці кінатэатру. Там ладзіліся імпрэзы, прысвьечаныя Быкаву, прэзэнтаваліся кнігі й дыскі незалежных выдаўцоў, дэманстраваліся беларускія відэафільмы. “У той час, калі ў кінатэатры “Цэнтральны” зьбіраюцца адчыняць цэнтар расейскага кіно, адзіны беларускі кінатэатар ліквідуюць”, — кажа спн.Макрыцкая. Яна будзе аспрэчваць рашэньне камісіі.
Сяргей Будкін
“Спадчына” адчынілася
У Горадні аднавіла працу бібліятэка “Спадчына” пры гарадзкім аб’яднаньні вэтэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў. У бібліятэцы багата кніжак на гістарычную тэматыку, ёсьць творы землякоў-гарадзенцаў — Васіля Быкава, Дануты Бічэль-Загнетавай. Бібліятэка працуе кожны аўторак і чацьвер з 15-й па адрасе: вул. Савецкая, 31-12.
Зьміцер Ягораў, Горадня
Угодкі Геніюш
11 жніўня ў Зэльве адбылося сьвяткаваньне 92-х угодак з дня народзінаў Ларысы Геніюш. Арганізаваў мерапрыемства старшыня мясцовае суполкі КХП-БНФ Юрась Качук. А 12-й у царкве, што амаль насупраць дому паэткі, адбылася імша. Прысутнічала каля 50-ці чалавек — з Горадні, Ліды, Ваўкавыску, Сьвіслачы, Слоніму, Мастоў, Менску і інш. Два гады таму ў гэтай самай царкве была асьвечаная памятная шыльда, прысьвечаная добрай прыхаджанцы Ларысе Геніюш. Гэта першая такая шыльда ў беларускіх праваслаўных цэрквах. Затым людзі накіраваліся да магілаў Ларысы Геніюш і ейнага мужа. Быў ускладзены вянок, адбылася грамадзянская паніхіда. Перад прысутнымі выступілі Алесь Белакоз, Станіслаў Суднік, Алесь Чахольскі і інш. Пасьля людзі разам з групай слонімскіх уніятаў прачыталі малітву “Ойча наш”, а пры канцы прасьпявалі “Магутны Божа”.
Завяршыла сьвяткаваньне нефармальная талака на маляўнічым беразе Зэльвенскага вадасховішча. Тут перад прысутнымі выступілі мясцовы бард Валеры Жамойцін і гарадзенскі музыка Алесь Петрашэвіч.
Валеры Руселік, “Нёман-Інфарм”
Ашчадзіў — і Сталіна купіў
У “Цэнтральнай кнігарні” Менску ў продажы зьявіліся выдадзеныя ў Расеі паштоўкі ў стылі савецкіх плякатаў 30—50-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Цяпер кожны, хто настальгуе па савецкіх часох, усяго за 700 рублёў можа набыць паштоўку, якая абвяшчае, што “Товарищ Сталин — наше светлое завтра”, або заклікае“Под водительством товарища Сталина — в светлое будущее” і г.д. Побач зь імі прадаюцца і бяскрыўдныя, напрыклад, з актуальным і сёньня лёзунгам “Накопил и машину купил”, якая прапагандуе савецкія ашчадныя касы.
Бадай, цяпер якому беларускаму выдавецтву трэба выдаць паштоўкамі беларускія плякаты часоў апошняе нямецкае акупацыі і прадаваць у Расеі.
А.Ш.
in memoriam
Лявон Раманоўскі
1 траўня 2002 г. Лявон Раманоўскі толькі распачаў 60-ы год свайго жыцьця. Ён быў поўны творчай энэргіі і задумаў. А 24 ліпеня ягонае жыцьцё раптоўна і трагічна абарвалася. Лявон быў мастак і пэдагог. Нарадзіўся ён у 1943 г. у вёсцы Харошкі на Магілёўшчыне. Скончыў аддзяленьне жывапісу тэатральна-мастацкага інстытуту. Вучыўся ў А.Бараноўскага і І.Стасевіча. Працаваў у газэце “Звязда” й Менскай мастацкай вучэльні. У 1994 г. уступіў у творчую суполку “Пагоня” і Беларускі саюз мастакоў. Быў змагаром за адраджэньне Беларусі, за родную культуру. Працяг ягонай справы будзе ў ягоных дзецях і вучнях.
Творчая суполка “Пагоня”, Беларускі саюз мастакоў