Сьпіс 100 самых багатых людзей Польшчы

Польскі тыднёвік “Wprost” складае рэйтынг “100 самых заможных людзей Польшчы” штогод. У сёлетнім — значныя зьмены. Сапраўдных мільярдэраў — “даляравых” або “эўра” — цяпер у Польшчы толькі два. Багацьце яшчэ шасьцёх вылічваецца ў мільярдах, але злотых. Як вядома, курс даляра да злотага — 1:3,5. Мільянэраў жа ў Польшчы, як на краіну зь сярэднім заробкам 500—600 даляраў, даволі шмат. Дакладную лічбу назваць нельга, але можна ўявіць, колькі іх, калі першую сотню багатыроў замыкае ўладальнік 72,5 млн. злотых (прыблізна 20 млн. даляраў).

Два “сапраўдныя” мільярдэры ўжо шмат гадоў не зьнікаюць з рэйтынгу. Гэта 54-гадовы Ян Кульчык (1-е месца) і 64-гадовы Аляксандар Гудзаваты.

Кульчык, які мае 12 млрд. злотых (каля 3 млрд. даляраў), — бізнэсовец у трэцім пакаленьні. Род Кульчыкаў перажыў дзьве экспрапрыяцыі польскай народнай улады. Не чакаючы трэцяй, Янаў бацька выехаў у Нямеччыну, дзе заклаў падваліны сынавага багацьця. Сын удала выкарыстаў бацькаў капітал у Польшчы пасьля 1989 г., інвэстуючы ў тэлекамунікацыі, страхавы бізнэс, платныя аўтастрады і г.д. Сёньня ўласнасьць Яна Кульчыка складае 1/50 ВУП краіны. Паводле рэйтынгу часопісу “Eurobusiness”, ён знаходзіцца на 64-м месцы ў сьпісе самых багатых эўрапейцаў. Сярод найбагацейшых людзей сьвету Кульчык займае 138-е месца.

У адрозьненьне ад Кульчыка, Аляксандар Гудзаваты быў моцна зьвязаны з савецкай сыстэмай. Свой капітал ён пачаў зьбіраць яшчэ ў часы ПНР, калі працаваў у розных дзяржструктурах, зьвязаных з замежным гандлем. У 1971—77 г. ён прадстаўляў у Маскве прадпрыемства замежнага гандлю “Textilimpex”. У постсавецкія часы Гудзаваты, выкарыстоўваючы старыя сувязі, заснаваў і ўзначаліў фірму “Bartimpex”, што паклала пачатак ягонай фінансавай імпэрыі. Фірма вырасла на бартэрным абмене з “Газпрамам” — польскія тавары на расейскі газ. Сёньня сям’я Гудзаватых мае пад 5 млрд. злотых (1 млрд. 250 млн. даляраў).

На трэцім месцы — тыповы “прадукт новых часоў і новых магчымасьцяў” Зыгмунт Солаж-Жак-малодшы. Яму 47 гадоў, і грошай у яго трохі менш — 2,8 млрд. злотых (700 млн. даляраў). Крыніцы пачатковага капіталу гэтага мэдыямагната губляюцца ў ружовым тумане постсацыялістычнага хаосу. Першая ягоная фірма дастаўляла пасылкі зь Нямеччыны ў Польшчу, а вялікія грошы, паводле афіцыйнай вэрсіі, Солаж-Жак зарабіў на імпарце танных усходненямецкіх і румынскіх аўтамашынаў. Заробленае інвэставаў у СМІ, а сапраўдная кар’ера мэдыямагната пачалася пасьля таго, як у 1994 г. Нацрада па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні дазволіла яму стварыць першы агульнанацыянальны камэрцыйны тэлеканал “Polsat”.

У сьпісе нямала прадстаўнікоў мэдыя-бізнэсу. Напрыклад, заснавальнік адной зь першых польскіх прыватных сетак радыёстанцыяў RMF-FM Станіслаў Тычынскі, які зарабіў на тым 250 млн. злотых (62,5 млн. даляраў). Ёсьць сярод польскіх багатыроў і ўласьнікі, а часам і журналісты друкаваных выданьняў. Фундатар, акцыянэр і галоўны рэдактар часопісу “Wprost” Марак Круль зарабіў на сваім Выдавецка-рэклямным агенцтве 191 млн. злотых (47,75 млн. даляраў). Некалькі мільянэраў выйшлі зь фірмы “Agora”, якая выпускае “Gazet’у Wyborcz’у. Гэта Пётар Нямчыцкі, віцэ-кіраўнік фірмы, — 125 млн. злотых (31,25 млн. даляраў), Ванда Рапачынская, старшыня праўленьня фірмы, — 88 млн. злотых (22 млн. даляраў), Гелена Лучыва, намесьнік галоўнога рэдактара газэты, — 85 млн. злотых (21,25 млн. даляраў). У гэтым сьпісе няма галоўнага рэдактара Адама Міхніка: калі “Agora” выйшла на сусьветныя фінансавыя рынкі, той адмовіўся ад належнай яму часткі акцыяў (на суму больш чым 30 млн. даляраў).

Сярод “сотні самых заможных” — 18 асобаў, маладзейшых за 41 год. Калі паглядзець, хто на чым забагацеў, дык пабачым усе галіны эканомікі: ад энэргетыкі і прадуктаў харчаваньня да ўкараненьня новых тэхналёгіяў. Няма ў сьпісе артыстаў ды інтэлектуалаў. Калі старэйшае пакаленьне зарабляла, інвэстуючы ў колішнюю дзяржаўную маёмасьць, карыстаючыся пэўнымі сувязямі, моладзь багацела на дзейнасьці, зьвязанай з новымі тэхналёгіямі.

Язапат Змысла


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0