зь Беласточчыны

Начлег на дарозе

Уяжджаю ў Бельск-Падляскі, паварочваю ў напрамку Кляшчэляў і адразу бачу чаргу трактароў з прычэпамі, загружанымі збожжам. Каля аднаго прычэпу мужчыны мяняюць кола.

— Каля двух кілямэтраў выстраілася чарга, разам недзе каля 160 трактароў. Можа, да суботы прадам (гутарым у чацьвер — А.М.), — кажа ананімны жыхар Гайнаўкі, які гаспадарыць у Локніцы.

— У суботу дык мы ў выемцы будзем, а можа ў панядзелак нашая чарга дойдзе, — папраўляе Ян Тамчук з Махнатага, які прыехаў з дачкою.

— “Я — мужык беларус”, — пісаў Якуб Колас, а цяпер мы ні мужыкі, ні беларусы. Калісь мужык мог прыйсьці зь бічом ва ўстанову і разагнаць чыноўнікаў, а цяпер не зважаюць на гаспадара. І нельга прызнавацца, што беларус, бо могуць выгнаць, — кажа мужчына родам з Локніцы. — Я, праўда, сваёй мовы не выракаюся, і дзеці мае гавораць на ёй, але цяпер па-рознаму бывае.

— Завозяць збожжа з Эўразьвязу, а сваё мала купляюць. Калісь прадавалі мы па 40—50 сьвіней, бульбу, збожжа, і ўсё куплялі, а цяпер хто на гаспадара глядзіць? — пытаецца Ян Тамчук.

Далей сустракаю жыхароў Чыжоўскай гміны, якія прыехалі пасьля паўночы.

— Так паволі пад’яжджаем, што ня ведаю, ці ў суботу прадам. То каля вагаў нікога няма, то каля кампутара паволі працуюць, — кажа старэйшы мужчына.

— Учора было тэлебачаньне, дык пачалі працаваць з паскарэньнем, — дадае Ян Анішчук з Курашава. — Ніхто з гарадзкога магістрату і з павятовых уладаў не прыедзе, каб пабачыць, як тут стаяць трактары з прычэпамі. Два дні трэба стаяць, дык павінны нейкія мабільныя туалеты паставіць, а ці ж нам толькі за кусьцікі хадзіць? Паліцыянты павінны кіраваць рухам, каб не было праблемаў з праездамі на вузкай дарозе.

Калі размаўляем, чуецца віск шынаў. Затрымалася вялікая машына. Збоку ляжыць дзядуля з вэлясыпэдам. Калі ўстае, заўважаем акрываўлены твар. Кіроўца выходзіць з машыны і пытае, ці выклікаць хуткую дапамогу, але дзядуля адмаўляецца і ад’яжджае. Неўзабаве прыяжджае паліцэйская машына.

— Стаяў адзін чалавек два дні і паехаў дадому са збожжам, бо не падыходзіла да продажу. А ня хочуць збожжа правяраць раней — ці яно ім падыходзіць, — кажа Ян Яканюк зь Лянева. — Цяпер малы прыбытак з вытворчасьці збожжа. Калі палічыць, што з гектара, засеянага жытам, можна ўзяць каля 1200 злотых, то трэба аддаць на яго вытворчасьць каля 900 злотых. Пры гэтым вясковыя людзі ня лічаць кошту сваёй працы.

За тону пшаніцы плацяць 440 злотых у Бельску і яшчэ 110 злотых — даплата зь дзяржаўнага бюджэту, а за тону жыта можна атрымаць 325 злотых і 75 злотых даплаты. Але заплацяць толькі тады, калі вільготнасьць збожжа не перавышае 14,5% і ў ім знаходзіцца адпаведная нормам колькасьць бялку.

На пад’язной дарозе да элеватараў многа людзей. Чакаюць у чарзе ўжо два дні. На няголеных тварах відаць стомленасьць, вочы ў некаторых апухлі. Сяляне самі пачынаюць расказваць пра сваё гора. Спачатку крытыкуюць былога прэзыдэнта Леха Валенсу, што спрычыніўся да развалу сацыялістычнай краіны, у якой гаспадарам добра жылося. Пасьля наракаюць на палітыкаў СЛД, якія многа абяцалі і не трымаюць слова. Наракаюць, што сёлета пшаніца амаль на сто злотых таньнейшая, чым летась, а сельскагаспадарчыя машыны, мінэральныя ўгнаеньні й сродкі аховы расьлінаў падаражэлі. Крытычна ацэньваюць уваход Польшчы ў Эўразьвяз.

Раптоўна эмоцыі пачынае выклікаць парадак чаргі. Людзі спрачаюцца, хто за кім павінен заяжджаць. Тыя, хто прыехаў з-пад Кляшчэляў, пераконваюць, што зь іх боку зараз павінна заехаць сем трактароў, а людзі, што стаяць у чарзе ад цэнтру гораду, згодныя прапусьціць толькі два. Узьнікае сварка, якая ледзь не канчаецца бойкай. Аднак усё вырашаецца без кулакоў, і людзі разыходзяцца да сваіх трактароў.

На будынку збожжавага прадпрыемства вісіць вялікая шыльда з надпісам “Элевар”. Суполка з абмежаванай адказнасьцю з Варшавы. Аддзяленьне ў Бельску-Падляскім”. За адміністрацыйным будынкам знаходзіцца невялікае памяшканьне, а паабапал яго — двое вагаў. На адных важаць прычэпы са збожжам, а другія — пустыя. Спэцыяльныя машыны, працай якіх кіруюць кампутары, бяруць збожжа з прычэпу і самі перасыпаюць яго ў ёмістасьць для аналізу. У будынак, дзе стаяць кампутары, уваходзяць людзі з дакумэнтамі. Там сустракаю дырэктара прадпрыемства Рыгора Суліму. Ён кажа, што часам праца ідзе павольна, бо ня ўсе людзі маюць дакумэнты з нумарамі падатковай ідэнтыфікацыі, а ў некаторых асобаў няма пасьведчаньняў аб колькасьці зямлі. Прадпрыемства падпісала дамову з Агенцтвам рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі ў справе куплі збожжа па 8 гадзін у суткі. “Элевар” купіў ужо каля 1,5 тысячы тонаў збожжа, а плянуе купіць сёлета каля 15 тысяч тонаў.

— Мы купляем збожжа ад восьмай раніцы да восьмай вечара. Нельга купляць даўжэй з арганізацыйных прычынаў. Збожжа трэба чысьціць і дасушваць, — заяўляе дырэктар.

Мужчына, які ўваходзіць, робіць заўвагу: маўляў, каб не было кампутараў, дык працаўнікі хутчэй выпісвалі б квітанцыі.

Дырэктар Суліма тлумачыць, што кампутары неабходныя пры карыстаньні новымі дакумэнтамі. На папрокі гаспадароў наконт складаных дарожных і санітарных умоваў, дырэктар усхвалявана ўдакладняе:

— У нас гаспадар пачынае лічыцца кліентам, калі ўедзе на вагі.

Ён паясьняе, што інфармаваў паліцыю аб складаных умовах на дарозе. Кажа, што павятовыя і гарадзкія ўлады не цікавіліся, у якіх умовах чакаюць гаспадары, і інфармуе, што перад другім прадпрыемствам, якое ў Бельску купляе пшаніцу, чакае толькі некалькі чалавек. Але суседняе прадпрыемства не бярэ вільготнага збожжа.

Калі другі раз еду ўздоўж чаргі, бачу, што людзей ня менее. Тых, што стаяць пры канцы, чакаюць некалькі недаспаных начэй.

Аляксей Мароз, паводле “Нівы”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0