Праект захопу неабмежаванай улады

Вайсковае супрацоўніцтва

Працяг. Пачатак у № 22, 24—28, 30.

Беларусь атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюзу нямала ваеннага абсталяваньня, а таксама заводаў па яго вытворчасьці. Ня дзіва — тут знаходзілася трэніровачная, ва ўсіх значэньнях гэтага слова, база савецкай арміі і жылі 250 тыс. вайсковых спэцыялістаў з найлепшай падрыхтоўкай, якую толькі маглі даць у СССР.

Вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй не перапынілася з распадам Савецкага Саюзу. Ужо 20 жніўня 1992 г. Беларусь і Расея падпісалі пакет з 24 пагадненьняў, якія ўключалі 19 дакумэнтаў эканамічнай і 5 вайсковай накіраванасьці. Міністры Павал Грачоў і Павал Казлоўскі ўзгаднілі праграму вываду зь Беларусі расейскіх вайсковых часьцей і вайсковага абсталяваньня, які павінен быў завяршыцца ў 1996 г., плян узаемадзеяньня двух міністэрстваў абароны, пытаньні падрыхтоўкі пэрсаналу і зьнішчэньня ваеннай тэхнікі і г.д.

 

Расея залежала ад нашага ВПК

У сьнежні 1997 г. была заключаная Дамова аб вайсковым супрацоўніцтве паміж Расеяй і Беларусяй. Яна прадугледжвала прыняцьце супольнай вайсковай дактрыны, стварэньне Калегіі міністэрстваў абароны, навучаньне беларускіх вайскоўцаў у Расеі й г.д. Згодна з дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы, на аснове беларускіх Узброеных сілаў і Маскоўскай вайсковай акругі мелася паўстаць расейска-беларуская вайсковая групоўка. Праект супольнай вайсковай дактрыны быў падрыхтаваны ў 2001 г.

Найбольшага прагрэсу аб’яднаньне ўзброеных сілаў дзьвюх дзяржаваў дасягнула ў галіне супрацьпаветранай абароны. Страціўшы савецкія вайсковыя базы ў Прыбалтыцы, Расея адчула патрэбу ў беларускіх радыёлякацыйных станцыях. Ад іх залежала бясьпека найважнейшага рэгіёну Расеі, улучна з Масквой і Санкт-Пецярбургам. Асновай супольных узброеных сілаў сталіся радыёлякацыйныя станцыі ў Заходняй Беларусі, што засталіся ў спадчыну ад СССР і пасьля яго распаду з дапамогай Расеі былі мадэрнізаваныя. Адну зь іх, паблізу Ганцавіч, бясплатна перадалі Расеі на 25 гадоў у абмен на пастаўкі танных энэрганосьбітаў і доступ на расейскі рынак для беларускіх вытворцаў. У 2000 г. беларускія і расейскія структуры СПА афіцыйна былі падпарадкаваныя супольнаму камандаваньню. Гэта павялічыла стратэгічнае значэньне Беларусі як “ваеннага шчыта” Расеі. Вырасла й значэньне Лукашэнкі ў вачах расейскай вайсковай і палітычнай эліты, асабліва ў часе канфрантацыі з Захадам з прычыны пашырэньня NАТO на ўсход і апэрацыі ў Косаве.

Расея залежала ад беларускага ВПК, бо не магла рабіць зброю без удзелу беларускіх прадпрыемстваў. Так, плятформы для ракетных комплексаў “С-300” і “Топаль-М” прадукаваў Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), а беларускія радыёэлектронныя заводы выраблялі навігацыйныя сыстэмы для вайсковай авіяцыі. Утварэньне міждзяржаўных фінансава-прамысловых групаў пачалося ў 1995 г. з арганізацыі ФПГ “Граніт”, што вырабляла прылады, неабходныя для мадэрнізацыі сыстэмаў супрацьпаветранай абароны. У 1997 г. была створаная ФПГ “Дакладнасьць”, якая спэцыялізавалася на супрацьтанкавых і артылерыйскіх саманаводных комплексах.

Самы амбітны праект — “Абарончыя сыстэмы” — стартаваў у лютым 2000 г. Гэты вайскова-прамысловы канглямэрат атрымаў значную частку расейскіх абаронных заказаў. У яго ўвайшлі МЗКЦ, Гомельскі радыёзавод і іншыя прадпрыемствы. У кампэтэнцыю ФПГ “АС” уваходзіла пераразьмеркаваньне фінансавых патокаў Мінабароны і гандаль зброяй, у тым ліку сумнеўныя пастаўкі проціракетных комплексаў у Кітай і на Кіпр (“АС” кантралюе холдынг “Інтэррос” Уладзімера Патаніна — былога першага віцэ-прэм’ера Расеі й аднаго зь нямногіх алігархаў, які здолеў захаваць свой фінансавы і палітычны капітал пры Пуціну). Посьпеху праекту “Абарончых сыстэмаў” спрыяла занепакоенасьць Расеі недасканаласьцю колавых плятформаў для комплексаў “С-300”, “Топаль-М” і “Пячора”. МЗКЦ атрымаў буйныя інвэстыцыі на мадэрнізацыю вытворчасьці ад расейскіх камэрцыйных банкаў, што прапанавалі свае паслугі “Абарончым сыстэмам”. Росквіт гэтай і іншых фінансава-прамысловых групаў у межах ВПК забясьпечваўся павелічэньнем вайсковага бюджэту Расеі й закупак вайсковай тэхнікі ўнутры краіны, а таксама аб’яднаньнем пляну гэтых закупак зь беларускім у 2000 г. Апошняе міждзяржаўнае пагадненьне ў гэтай сфэры прадугледжвала ўтварэньне ФПГ “Аэракасьмічнае абсталяваньне” (“АКА”), у якую ўвайшлі й два беларускія прыладабудаўнічыя заводы. “АКА” вырабляе сыстэмы кантролю і сыгналізацыі для расейскіх рэактыўных зьнішчальнікаў “МіГ-29СМТ”, “Су-30МК” і баявых верталётаў “Чорная акула” — самай дасканальнай авіяцыі расейскай арміі. Удзел беларускіх вытворцаў ва ўсіх гэтых праектах быў ключавой умовай мадэрнізацыі расейскай арміі, гэта забясьпечыла ім стабільныя кантракты, загрузку і прыбытак, што паспрыяла ажыўленьню цэлага сэктару, да якога перад распадам СССР належала палова беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. А Лукашэнка меў зручную нагоду выкарыстаць вайскова-прамысловы комплекс у якасьці казырнай карты ў эканамічных і палітычных стасунках з Расеяй.

 

І Пэру, і Эквадору

Захаваньне абароннай прамысловасьці дазволіла Беларусі ў 1997 г. трапіць у дзясятку найбуйнейшых у сьвеце экспарцёраў зброі. Продаж узбраеньняў дзяржавам-ізгоям і ў “гарачыя зоны” плянэты выклікаў падазрэньні, што Беларусь — пасярэднік расейскіх вытворцаў зброі, непасрэдны ўдзел якіх у такіх угодах сапсаваў бы адносіны Расеі з Захадам. Між тым, часам Беларусь прадавала зброю, прамысловая база для вытворчасьці якой у нас адсутнічае. Да гэткіх сумнеўных гешэфтаў адносіцца продаж у Альжыр у 1999 г. рэактыўных зьнішчальнікаў “МіГ”, папярэдне пастаўленых Расеяй для беларускіх ВПС (паводле справаздачы лёнданскага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, іх колькасьць магла сягаць 64), чатырох самалётаў “Су” ў Анголу, амаль трохсот танкаў “Т-80” у Паўночную Карэю і г.д. А зьнішчальнікі “МіГ”, у 1996 г. афіцыйна прададзеныя Беларусяй у Пэру, былі дастаўленыя туды проста з аэрадрому “Сокал”, што ля Ніжняга Ноўгараду. Да таго ж, Расея пасьля падпісала з Пэру кантракт на тэхнічнае абслугоўваньне самалётаў. Гэткія самыя зьнішчальнікі Расея прадала ў Эквадор, зь якім Пэру ў той час мела памежны канфлікт. Фармальна Беларусь займала ў гэтым канфлікце бок Пэру і літаральна “перабіла” Расеі ўгоду дэмпінгавай цаной, але насамрэч гэта быў спосаб замаскаваць наўмыснае супрацоўніцтва. Міжнароднае ж права забараняе адначасова прадаваць зброю абодвум удзельнікам канфлікту.

 

Бойка за беларускія заводы

Паляпшэньне стасункаў з Захадам пазбавіла кіраўніцтва Расеі неабходнасьці карміць грамадзтва ілюзіямі аднаўленьня СССР.

Апошнім ударам па “беларускай эканамічнай мадэлі” мог стаць націск на Лукашэнку з боку расейскіх палітычных і бізнэсовых колаў, якія патрабавалі дазволу на прыватызацыю найсмачнейшых кавалкаў беларускай прамысловасьці.

У 2000 г. кампанія “Ітэра” выказала намер атрымаць кантроль над Беларускім мэталюргічным заводам (БМЗ), нафтахімічнымі прадпрыемствамі, тэлевізійнымі заводамі і г.д. Ёй удалося займець 45% акцыяў “Белпаку” — манапаліста па вытворчасьці палімэраў у СНД. Прэзыдэнт “Ітэры” зьбіраўся інвэставаць у Беларусь звыш 200 млн. даляраў. Кампанія распрацавала плян прыватызацыі “Беларуськалію”. Пры гэтым два прадпрыемствы, якія найбольш зацікавілі “Ітэру”, — “Беларуськалій” і БМЗ — даюць каля 60% валютных даходаў прамысловага сэктару Беларусі.

Раман Абрамовіч, вядучы расейскі алігарх, зьбіраўся купіць кампанію “Слаўнафта”. У Крамлі гэтую ўгоду ўхвалілі пасьля таго, як алігарх перадаў у рукі дзяржавы кантроль над тэлекампаніяй ОРТ. Расейскі “Аэрафлёт” ня тоіць інтарэсу да “Белавія”. РАТ “АЭС Расеі” падпісала шматмільярдны кантракт на пастаўку электрычнасьці ў Польшчу і Нямеччыну, улучыўшы ў гэты праект і Бярозаўскую ДРЭС, а таксама пачало перамовы наконт інвэставаньня беларускіх электрастанцыяў і здабыцьця кантролю над імі.

У 2001 г. павялічылася прысутнасьць у Беларусі расейскага капіталу. Алег Дзерыпаска, уладальнік “Сібалу”, стварыў аўтамабільную холдынгавую кампанію “Распрамаўта”, да якой захацеў далучыць і МАЗ. Для гэтага ў кастрычніку 2001 г. расейцы спрабавалі давесьці МАЗ да банкруцтва, калі Яраслаўскі маторны завод, частка Дзерыпаскавай аўтамабільнай імпэрыі й манапольны пастаўнік рухавікоў для МАЗу, рэзка павялічыў цэны на сваю прадукцыю. Дзерыпаска выказаў ахвоту купіць і шэраг беларускіх прадпрыемстваў — пастаўнікоў камплектуючых для МАЗу.

Міністэрства сувязі аддало ліцэнзію другога апэратара сеткі GSM у Беларусі расейскай тэлекамунікацыйнай кампаніі “МТС”, якой апякуецца мэр Масквы Юры Лужкоў. МТС абавязалася за пяць гадоў інвэставаць у нашую эканоміку 190 млн. даляраў. Яшчэ Лужкоў нібыта ініцыяваў перамовы па аб’яднаньні “Інтэгралу” з высокатэхналягічнымі кампаніямі ў Зеленаградзе ля Масквы.

Шынны холдынг, кантраляваны банкам “Авангард”, зацікаўлены ў набыцьці кантролю над бабруйскай “Белшынай” — за яе змагаюцца некалькі расейскіх кампаніяў, у тым ліку “Лукойл”.

 

Або выканаць, або зрабіць выгляд

“Слаўнафта” прапанавала свой плян прыватызацыі нафтавага і хімічнага комплексу, уключыўшы ў яго заводы “Азот” у Горадні і “Палімір” у Наваполацку. З “Слаўнафтай” супернічае “Лукойл”, кіраўніцтва якога паабяцала ўкласьці мільярд даляраў у нафтаперапрацоўчы комплекс “Нафтан”, заводы “Азот”, “Палімір”, а таксама ў магілёўскае “Хімвалакно” — зразумела, у абмен на кантроль над гэтымі прадпрыемствамі.

Расейскія інвэстыцыі пачалі паступаць і ў харчовую прамысловасьць. Кампанія “Балтыка” імкнецца ўсталяваць кантроль над менскім броварам “Крыніца”, маючы намер укласьці ў яго 50 млн. даляраў. Падобныя праекты распрацоўваюць Ачакаўскі піўзавод і Асацыяцыя півавараў Івана Таранава.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. “беларускае пытаньне”, відаць, было вырашана ў Расеі шляхам угоды зацікаўленых асобаў. Лукашэнку там падтрымліваюць фінансава-прамысловыя групы — эканамічная база “канструктыўнай” апазыцыі на чале зь Зюганавым, Селязьнёвым і Лужковым. Калі таемнае пагадненьне сапраўды было, значыць, Лукашэнка заплаціў за сваю перамогу шэрагам абяцаньняў і забавязаньняў, і цяпер яму застаецца сумленна выканаць іх альбо зрабіць выгляд, што нічога ён не дэкляраваў.

Віталь Сіліцкі

Заканчэньне будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0