Касьцян пайшоў шляхам Бондар

Міраслаў Адамчык не абвергнуў і не пацьвердзіў нашай інфармацыі аб тым, што загад аб яго прызначэньні ўжо падпісаны С.Касьцянам. Знаходзячыся ў Маскве, ён ня ў курсе таго, што адбываецца ў Менску. А ў Менску тым часам у адстаўку сышоў сам С.Касьцян.

Кіраўнік холдынгу “ЛіМ” Сяргей Касьцян на наступны дзень пасьля выхаду артыкула ў “НН” абверг у інтэрвію інтэрнэт-газэце naviny.by зьвесткі аб сыходзе Т.Бондар і прызначэньні М. Адамчыка. Тое самае зрабіў міністар інфармацыі М.Падгайны ў камэнтары для суботняга нумару газэты “Звязда”. Таіса Бондар, паводле ягоных словаў, “па-ранейшаму ўзначальвае часопіс”. Вось толькі сама Т.Бондар яшчэ ў пятніцу ў інтэрвію радыё “Свабода” пацьвердзіла, што яна ўжо месяц як падала ў адстаўку і “здала ўсе ключы”...

Як паведамілі “НН” супрацоўнікі холдынгу, распараджэньне наконт прызначэньня М.Адамчыка было выдадзена С.Касьцянам, аднак загад міністра з гэтай нагоды не зьявіўся. Між тым, кіраўнік холдынгу ня мае права прызначаць рэдактараў: усе рашэньні прымаюцца на ўзроўні міністэрства.

А ў панядзелак зь літаратурнага холдынгу прыйшлі весткі, што з прадпрыемства сышоў... сам Касьцян. У крэсьле дырэктара холдынгу яго замяніў намесьнік — Яўген Новікаў. Ён ахвотна распавёў “НН” пра перамены:

— Так, у Міністэрстве інфармацыі ўжо падпісаны загад пра тое, што спадар Касьцян не ўзначальвае холдынг. Паводле закону, ён мог на працягу трох месяцаў сумяшчаць працу ў холдынгу і выкананьне дэпутацкіх абавязкаў. Калі прыйшоў час выбіраць, ён вырашыў вярнуцца да дэпутацкае працы. Дарэчы, за ўвесь час, пакуль С.Касьцян узначальваў холдынг, ён не атрымаў ні ад міністэрства, ні ад самога холдынгу ні капейкі — працаваў без кантракту, можна сказаць, на грамадзкіх пачатках.

Самі супрацоўнікі холдынгу не выключаюць, што падставай для такога сыходу стаў скандал вакол прызначэньня галоўнага рэдактара “Всемирной литературы”. А вось прычыны яны бачаць у старых супярэчнасьцях групоўкі, якую прадстаўляе С.Касьцян, зь іншай плыньню, да якой далучаныя міністар Падгайны, а таксама галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Якубовіч і генэрал Чаргінец. Між дзьвюма гэтымі групамі ідзе суперніцтва за права ўплываць на ідэалягічную палітыку дзяржавы, а таксама на фінансавыя плыні датацый на СМІ і сыстэму адукацыі. С.Касьцян у холдынгу меў мала сяброў, таму яго і выжылі. Зь іншага боку, як кадры з холдынгу сыходзяць, так заўтра могуць і вярнуцца.

Якіх яшчэ зьменаў можна чакаць ад холдынгу ў найбліжэйшы час? Я.Новікаў не раскрывае таямніцы кадравых перастановак: гэтым, маўляў, займаецца Міністэрства інфармацыі. Па словах М. Падгайнага, ён разглядае 3 кандыдатуры на зьмену С. Касьцяну. На далейшае разьвіцьцё літаратурных выданьняў у холдынгу сп.Новікаў глядзіць аптымістычна: “Мы імкнёмся зрабіць літаратурныя выданьні самаакупнымі. Акрамя таго, у нас ёсьць сьпіс аўтараў — сапраўдных патрыярхаў беларускай літаратуры, творы якіх не выдаваліся па 10—15 гадоў. Вось іх мы ў першую чаргу і будзем друкаваць”. Другім пэрспэктыўным кірункам працы холдынгу Я.Новікаў лічыць супрацоўніцтва зь філялягічным факультэтам Белдзяржунівэрсытэту: “Мы завязваем сувязі, будзем друкаваць маладых паэтаў і празаікаў”.

Холдынг “ЛіМ” ператвараецца ў невычэрпную крыніцу інтрыг і скандалаў.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0