Сёньня сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька ды Анатоль Ляўковіч сустрэліся з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, акрэдытаванымі ў Менску.

Як паведаміў «Белорусскому партизану» Сяргей Калякін, падчас сустрэчы лідэры апазыцыі расказалі дыпляматам пра сваё бачаньне палітычных і эканамічных працэсаў у Беларусі: пра тое, што адбываецца ў краіне, падрыхтоўку да выбараў у Палату прадстаўнікоў, а таксама пра акцыі аб’яднанай кааліцыі, заплянаваныя на восень : Сацыяльны марш і Эўрапейскі маршы.

«Уласна, праца з эўрапейскімі пасламі мае дваякую функцыю. З аднаго боку, яны дазваляюць нам (так як ЭЗ — гэта адзіны палітычны суб’ект, які мае сур’ёзны ўплыў на Беларусь), давесьці да гэтага палітычнага суб’екта наш пункт гледжаньня наконт сытуацыі ў краіне, прагнозы разьвіцьця сытуацыі і пра тое, што, на нашу думку, можа зрабіць Эўрапейскі зьвяз для паляпшэньня сытуацыі. У прыватнасьці, гэта працяг аказваньня ціску на ўлады з мэтай вызваленьня ўсіх палітвязьняў і дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства ў краіне. На наш погляд, тут ёсць пэўныя пэрспэктывы. Зь іншага боку, ЭЗ можа весьці дыялёг з уладамі, а мы зараз такой магчымасьці ня маем. Таму, выкладаючы нашу пазыцыю, мы вядзем апасродкаваны дыялёг з уладамі».

Што да правядзеньня выбараў, то лідэры партый не выключаюць таго, што абраньне дэпутатаў парлямэнту ў 2008 г. можа праходзіць па мяшанай сыстэме. На гэта, паводле словаў С. Калякіна, указвае актыўнасьць арганізацыі «Белая Русь», якая і можа з часам стаць партыяй улады. Таму пытаньням падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі аб’яднаная апазыцыя зараз удзяляе павышаную ўвагу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?