З усёй краіны

 

Hvałtaūnik papaūsia

U vioscy Aharevičy Hancavickaha rajonu zatrymany mańjak. Nočču jon napaū na dziaūčynu kala jaje chaty, kali taja viartałasia dadomu. Schapiū za šyju, ale jana zdoleła zakryčać. Brat dziaūčyny pačuū lamant i vyskačyū na dapamohu. Hvałtaūnik udaryū dziaūčynu nažom u hrudzi j kinuūsia naūcioki.

Brat zdoleū dahnać mańjaka, źbić z noh i zatrymać. Paśla była vyklikanaja milicyja j chutkaja dapamoha. Zatrymany, jak vyśvietliłasia, — žychar Bieraścia. Dziaūčyna ciapier u špitali.

Rusłan Raviaka, Baranavičy

П’яныя калецтвы

У калгасе імя Кірава трактарыст даваў задні ход свайму МТЗ і патрушчыў рэбры памочніку, які дапамагаў чапляць прычэп. Праз тыдзень у аграфірме “Беларусь” трактарам К-700, падчас выкананьня такога ж манэўру, ізноў быў цяжка траўмаваны чалавек. У абодвух выпадках мэханізатары былі выпіўшы. “Бітва за ўраджай” не працьвярэзіла яе ўдзельнікаў. Быў нават выпадак, калі міліцыянэру давялося самому везьці збожжа на ток, замест нецьвярозага шафёра, адхіленага ад працы. Агулам падчас жніва ў краіне загінулі 5 чалавек, яшчэ 17 пакалечыліся. Прычыны сьмерцяў — няспраўнасьць тэхнікі і п’янства.

Прадаецца комін

Даманаўскі вытворча-гандлёвы камбінат, што на Івацэвіччыне, завінаваціўся раённаму бюджэту 108 млн. рублёў. Камісія па рабоце з маёмасьцю, створаная ў райвыканкаме, цяпер прадае нерухомасьць прадпрыемства: цэх шырспажыву, лесазавод, гараж, тарны цэх, мэхмайстэрню, склад гатовай прадукцыі, заправачную, цэх дрэваапрацоўкі, будынак санбытавых памяшканьняў, кацельню. Магчыма, на гэтыя аб’екты пакупнікі знойдуцца. А вось ці знойдуцца якія дзівакі, каб выкласьці грошы за комін, артэзіянскую сьвідравіну, воданапорную вежу, прахадную, пажарную сажалку і агароджу з жалезабэтонных плітаў, таксама выстаўленых на продаж, сказаць цяжка.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

“Ведамасьцяў”
не зарэгістравалі

Гарадзенская рада ТБМ вырашыла абскардзіць у пракуратуры рашэньне гарвыканкаму, што ня даў згоды на разьмяшчэньне ў Горадні газэты “Ведамасьці”. Плянавалася, што гэты грамадзка-палітычны тыднёвік, заснаваны ТБМ, будзе распаўсюджвацца ва ўсёй краіне. Гэта ўжо трэцяя адмова, якую атрымаў гарадзенскі ТБМ. Папярэднія дзьве тычыліся газэтаў “Каложа” і “Раніца”.

Андрэй Мялешка, Горадня

Міні-рынак замест КБА

На другім паверсе Ашмянскага камбінату бытавога абслугоўваньня пачаў працаваць першы ў раёне крыты міні-рынак. 15 прадпрымальнікаў на 5 гадоў арандавалі гэтае памяшканьне, зрабілі рамонт і паставілі там сучасныя гандлёвыя пункты. Згодна з дамовай, яны яшчэ мусяць адрамантаваць фасад будынку. Усе прадпрымальнікі раней працавалі на рынку райспажыўтаварыства, але вырашылі перайсьці пад дах — узімку ня так халодна.

Міхась Васілевіч, “Нёман-інфарм”

Летнік для дзяўчынак
на Браславах

Беларускі летнік для дзяўчынак распачаў сваю працу на Браслаўскіх азёрах. З прыватнае ініцыятывы прадпрымальніка Васіля Грыня дочкі бізнэсоўцаў вывучаюць традыцыйныя беларускія рамёствы, сялянскі побыт і фальклёр. Васіль Грынь верыць у посьпех сваёй справы: “Знакава тое, што беларуская буржуазія зьвяртае ўвагу на такія рэчы. Гэта падабаецца, а калі падабаецца, гэта шануецца. Дзяўчаткі будуць кароўкі даіць, кераміку рабіць, вышываць”. Выхавацелькі ў лягеры спрактыкаваныя, а настаўнікі — вопытныя. Напрыклад, сакрэты керамікі раскрывае вядомы ў Беларусі ганчар Валеры Зянкевіч.

Паводле радыё “Свабода”

Cталёвыя барэты

25 жніўня незарэгістраваная патрыятычная арганізацыя “Белы легіён” наладзіла для сваіх сяброў экзамены на атрыманьне “Сталёвага барэту”. Свае сілы спрабавалі 14 хлопцаў. Да апошняга выпрабаваньня — спарынгаў — дайшлі толькі 11. Яны прайшлі 30-кілямэтровы марш-кідок, 3-кілямэтровы крос, “стомэтроўку”, здалі шэраг фізычных практыкаваньняў (напрыклад, 50 адцісканьняў трэба было зрабіць за хвіліну), прайшлі паласу перашкодаў. Менавіта на паласе і атрымаў траўму адзін з хлопцаў. Ён заскочыў у задымлены будынак, адкуль трэба было “вылецець” праз акно. Але ў дыме хлапец не зарыентаваўся і замест акна трапіў галавой у сьцяну. Крыўдна: гэтак рыхтаваўся, а за барэт давядзецца змагацца яшчэ і налета.

6 легіянэраў заслужылі права насіць “Сталёвы барэт” — адзнаку гвардыі. Па набраных балах перамог хлопец ня зь Менску, а з правінцыі. Пры канцы мерапрыемства “Белы легіён” наладзіў канцэрт старажытнай беларускай музыкі. На яго сабраліся колькі дзясяткаў мясцовых жыхароў — яны ўсё знаходзіліся пад уражаньнем ад відовішча, якое ім падаравалі хлопцы ў камуфляжы.

Алег Тачоны

У Горадні ўтварыўся свой Рух

25 жніўня ў Горадні ўтварыўся “Рух дэмакратычных сілаў гораду”. Старшынём новае перадвыбарчае ініцыятывы абраны Зьміцер Іваноўскі — мастак, намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі БНФ. Сустаршынямі — Аляксандар Пагуляеў з АГП і Валянцін Бранцэвіч з Клюбу прадпрымальнікаў. Рух названы “Гарадзенскім выбарам”. Зацьверджаная эмблема — алень сьвятога Губэрта (герб горада) з адпаведным надпісам.

Зьяўленьне Руху выкліканае патрэбай стварыць кааліцыю з “актыўных грамадзянаў”. На гэта, здавалася б, ёсьць Каардынацыйны камітэт “Гарадзенская ініцыятыва” (той самы, які нядаўна ачольваў Домаш), але ён застаецца клюбам старшыняў партыйных і грамадзкіх суполак. Стварыць на ягонай аснове штосьці шырэйшае не атрымалася. Маўляў, кіраўнікі партыйных суполак не жадаюць, каб існаваў новы шырокі рух накшталт нядаўняга грамадзкага руху БНФ, у які ўваходзілі ў поўным складзе некаторыя партыйныя ды грамадзкія арганізацыі. А партыі, як вядома, адпалохваюць шмат каго. Рух — гэта больш нэўтральная, больш дэмакратычная форма.

У Горадні аб’яднаньне ў Рух адбылося пазьней, чым ва ўсходніх гарадах краіны. Але ня выключана, што Горадня верне сабе рэпутацыю гораду з актыўнай грамадзкасьцю. Палітычна актыўнай — сказаць не выпадае. Бо заснавальнікі падкрэсьлівалі сацыяльны характар новага Руху. Маўляў, трэба зьяднаць намаганьні дэмакратычна настроенай публікі, каб вырашаць мясцовыя сацыяльна-эканамічныя праблемы. Калі гэта ўдасца, можна будзе разьлічваць і на посьпех на хуткіх выбарах у гарадзкі Савет.

Ва ўстаноўчым сходзе ўдзельнічаў 21 сябар Руху. Яны прадстаўляюць АГП, БНФ, АСДП, “Моладзь АГП”, “Маладую грамаду”, прадпрымальнікаў, сяброў Незалежнага прафсаюзу. Абраная Рада з 10 асобаў. Удзельнікаў Руху віншавалі дэпутаты палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў і Ганна Бурава. Яны абяцалі сваю дапамогу.

Сяргей Максімовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0