рэформа адукацыі
Дзесяць месяцаў пяцідзёнкі
Ніводнае пакаленьне беларусаў не пазьбегла ў часе школьнага дзяцінства якой-небудзь рэформы сыстэмы сярэдняй адукацыі. Сёлетняя — найбуйнейшая: пераход на 10-бальную сыстэму адзнак, пяцідзёнка, скарачэньне ліку навучальных дысцыплінаў.
Нагрузкі і разгрузкі
Патрэбу ў рэформах абумоўлівае навакольная рэчаіснасьць: сьвет вакол нас ускладняецца і ведаць пра яго трэба ўсё болей і болей. Нашым дзядам было дастаткова пачатковай адукацыі, каб спакойна пражыць усё жыцьцё. Сёньня гэтага катастрафічна мала.
Для засваеньня базавых ведаў пра сьвет школьнікам цяпер трэба 12 гадоў. Такі тэрмін навучаньня — звычайная практыка ў многіх заходніх краінах. У Францыі, Гішпаніі, ЗША, Канадзе дзеці йдуць у школу ў 6, а сканчаюць яе ў 18 гадоў. Ёсьць і некаторыя варыяцыі: у канадзкай правінцыі Антарыё курс сярэдняе школы расьцягнуты на 13 гадоў, а ў Вялікай Брытаніі ў школу ідуць 5-гадовыя дзеці.
Асягнуць розумам мора назьбіранае чалавецтвам інфармацыі немагчыма — трэба браць зь яго толькі патрэбныя зьвесткі. Менавіта таму Міністэрства адукацыі арыентуецца на разьвіцьцё ліцэяў, каледжаў, гімназіяў. З дапамогай гэтых установаў можна будзе дыфэрэнцыяваць працэс навучаньня: некаму бліжэй гуманітарныя навукі, камусьці — дакладныя альбо прыродазнаўчыя.
У той жа час дзеля разгрузкі школьнікаў і павелічэньня магчымасьцяў для самаразьвіцьця скарачаецца колькасьць урокаў у дзень. Так, базавая нагрузка ў пачатковай школе будзе складаць штодзённа 4 акадэмічныя гадзіны, а ў сярэдніх і старшых клясах — 5—6. Апроч таго, у пэрспэктыве колькасьць навучальных дысцыплінаў скароціцца з 21 да 12.
Пакуль у Міністэрстве адукацыі ня могуць сказаць, якія прадметы будуць скасаваныя. Намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Барыс Гапановіч паведаміў “НН”: “Сёлета з абавязковага набору прадметаў будзе выведзенае толькі крэсьленьне. Аднак вучням, якія пажадаюць яго вывучаць, будзе дадзеная такая магчымасьць”.
Яшчэ адзін спосаб “разгрузкі” — пераход на пяцідзёнку. Але гэты прывілей не для ўсіх: не закране ён школаў з паглыбленым вывучэньнем прадметаў, зь якімі-кольвечы ўхіламі, а таксама ліцэяў ды гімназіяў. Ня будзе абавязковай пяцідзёнка і ў старшых клясах звычайных школаў: тут усё вырашыць школьная адміністрацыя. Дый нават тыя вучні, якія будуць вучыцца 5 дзён у тыдзень, усё адно мусяць наведваць у суботу спартовыя мерапрыемствы, заняткі на факультатывах і г.д.
Адначасова з-за пераходу на пяцідзёнку Міністэрства павялічыла навучальны год. Ён цяпер будзе доўжыцца 10 месяцаў і сканчацца ў чэрвені, а ня ў траўні. Такая працягласьць заняткаў таксама запазычаная з практыкі разьвітых краінаў Захаду.
Чацьверачнікі і дзясятачнікі
Новая сыстэма выстаўленьня адзнак прыйшлася даспадобы школьнікам: менш ураўнілаўкі. Каб атрымаць “дзясятку”, вучань павінен ня толькі паказаць выдатныя веды ў прадмеце, але і прадэманстраваць здольнасьць лягічна разважаць і спалучаць веды з розных прадметаў (напрыклад, геаграфіі й гісторыі). Самі настаўнікі прызнаюць, што выстаўленьне “10” — зьява настолькі рэдкая, што яе можна ня ўлічваць. Гэткімі ж рэдкімі будуць, верагодна, адзнакі ад “0” да “3”.
Дарэчы, задачка для вучня пачатковай школы. Колькі балаў (адзнак) у прамежку ад 0 (мінімальная адзнака) да 10 (максымальная), калі ўлічваць абедзьве скрайнія лічбы? Нескладана падлічыць нават на пальцах: атрымліваецца адзінаццаць. Чаму ж у такім разе сыстэма названая 10-бальнай?
Закрытыя школы
Сёлета вучняў у школах краіны паменее на 52 тысячы. Таму да канца году закрыюць 100 малакамплектных школаў — 57 пачатковых, 42 базавыя, 1 сярэднюю. 52 школы (29 сярэдніх, 19 базавых і 4 пачатковыя) рэарганізуюць. Дзяцей з закрытых школаў будуць вазіць да новага месца вучобы: Міністэрства выдзяляе сродкі, каб набыць 126 аўтобусаў.
Як паведамілі “НН” у галоўным упраўленьні агульнай сярэдняй адукацыі, бальшыня закрытых малакамплектных школаў — беларускамоўныя, бо вясковыя. Але дзеці з закрытых школаў, цьвердзяць чыноўнікі, працягнуць навучаньне на той самай мове, на якой распачыналі.
Многім настаўнікам з закрытых школаў давядзецца перакваліфікавацца. Калі яны ня знойдуць працы па спэцыяльнасьці, дык, паводле словаў міністра П.Брыгадзіна, змогуць працаваць сацыяльнымі пэдагогамі альбо псыхолягамі — пасьля адпаведнай падрыхтоўкі. Плянуецца таксама стварыць у садках і школах групы “падоўжанага дня”, для якіх будзе выдзяляцца адмысловы пэдагог-выхавальнік. Такія групы могуць складацца нават з 2—3 дзяцей. Фінансаваньне зь бюджэту на гэта міністар абяцае.
Між тым, скарочаныя настаўнікі ўжо ўладкоўваюцца на новыя месцы працы, і пры гэтым не абыходзіцца без праблемаў. Так, радыё “Свабода” паведаміла, што ў Кастрыцкім дзіцячым садку Барысаўскага раёну пачалі працаваць выхавацелямі расейскамоўныя настаўнікі, звольненыя з барысаўскіх школаў. Беларускай мовы яны ня ведаюць. Загадчыца садка Тацяна Слайкоўская гэтым незадаволеная: у Жыцькаўскай сярэдняй школе, куды дзеці з Кастрыцы пойдуць пасьля садка, выкладаньне вядзецца па-беларуску.
Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка, камэнтуючы для “НН” гэтыя падзеі, таксама паставіўся да заяваў чыноўнікаў зь Мінадукацыі насьцярожана: “Пакуль інфармацыі пра мову навучаньня дзяцей з закрытых школаў няма. Але досьвед мінулых гадоў паказвае, што беларускіх школаў становіцца ўсё менш, і нават у вёсках ужо некаторыя школы таксама пераводзяць на расейскую мову навучаньня”.
За 3 апошнія гады ў Беларусі была пераведзеная на расейскую мову навучаньня 101 беларуская школа. У выніку летась па-беларуску навучаліся толькі 28% ад агульнай колькасьці школьнікаў.
Надзеі на пералом сытуацыі нясе прынятая ў ліпені дзяржаўная Праграма пашырэньня сфэры выкарыстаньня беларускай мовы, распрацаваная Міністэрствам адукацыі. Паводле яе, у кожным раёне гарадзкой і сельскай мясцовасьці мусяць быць ня менш як адзін цалкам беларускамоўны садок і адна школа. Аднак і такая сьціплая мэта пакуль не дасягнутая.
Аркадзь Шанскі