Навука

 

На аснове растаропшы

Распрацаваны новы сродак ад хваробаў пячонкі

Новы гепатапратэктар — прэпарат для паляпшэньня дзейнасьці пячонкі — быў распрацаваны дзякуючы таму, што ў менскім Батанічным садзе быў выпадкова выяўлены новы сорт растаропшы — расьліны, падобнай да дзядоўніку.

У шырока разрэклямаваных лекаў “Эсэнцыяле фортэ”, якія вырабляюць у Расеі, зьявіўся беларускі канкурэнт. Першы айчынны гепатапратэктар створаны на катэдры біяхіміі Белдзяржунівэрсытэту. Праўда, клінічныя выпрабаваньні прэпарату скончацца толькі праз два гады, а купіць яго ў аптэцы можна будзе ў 2005 г.

Як паведаміў “НН” загадчык катэдры Ўладзімер Курчанка, патрэба ў прэпараце вялізная: аб’яднаньне “Фармацыя” выдаткоўвае штогод на закупку замежных аналягаў 500 тыс. даляраў. Дарагія лекі, але неабходныя хворым на разнастайныя формы гепатыту, цырозу, жоўцекамянёвай хваробы. На сусьветным рынку вядомыя вытворцы такіх прэпаратаў — Вугоршчына, Нямеччына, Расея. У Беларусі дагэтуль такія лекі не вырабляліся: іх куплялі ў Расеі й Вугоршчыне (нямецкія былі занадта дарагія, таму “Фармацыя” ад іх адмовілася).

Распрацоўцы беларускага гепатапратэктару, што доўжылася больш за год, дапамагла выпадковасьць. У Батанічным садзе НАН Беларусі быў выяўлены новы сорт растаропшы (Silybum), якую выкарыстоўваюць як сыравіну для флявалігнану — асноўнага складніку прэпарату. У замежных аналягах гэты сорт не ўжываецца. Між тым, дасьледаваньні беларускіх навукоўцаў паказалі, што дзеяньне лекаў, вырабленых на базе новага сорту растаропшы, будзе больш устойлівым.

Растаропша, як паведаміла “НН” загадчыца лябараторыі лекавых расьлінаў Батанічнага саду Лідзія Кухарава, была завезеная ў Беларусь некалькі гадоў таму. Верагодна, тое, што расьліны паходзілі з розных месцаў, і паспрыяла зьяўленьню новага сорту. Цяпер у Батанічным садзе займаюцца мэтанакіраваным развядзеньнем новага сорту растаропшы.

 

Загадка антыгравітацыі

З часоў адкрыцьця закону сусьветнага прыцягненьня размовы пра эфэкты антыгравітацыі ўспрымаліся як фантазіі. На тое закон і сусьветны, каб яму падпарадкоўвалася ўсё ў Сусьвеце. Ня выключана, што сытуацыя можа зьмяніцца, калі будзе здабытае экспэрымэнтальнае пацьверджаньне вынікаў працы расейскага навукоўца Яўгена Падклетнава, зробленай яшчэ ў 1992 г. у лябараторыі звышправаднікоў Тэхналягічнага ўнівэрсытэту Тампэрэ (Фінляндыя). Праўда, беларускія навукоўцы ў рэалістычнасьці гэтага сумняюцца.

Тады Падклетнаву ўдалося зафіксаваць аднапрацэнтную страту вагі прадметамі, зьмешчанымі над вялікім звышправодным дыскам, раскручаным пераменным электрычным токам да 5000 абаротаў у хвіліну.

Паўтарыць экспэрымэнт Падклетнава пакуль ніхто ня здолеў. Але спробы ёсьць. У стварэньні антыгравітацыйнага прыбора зацікаўленая карпарацыя “Боінг”. NАSА выдаткавала ўнівэрсытэту Агая (ЗША) грант у 600 тыс. даляраў на стварэньне аналягу апарата Падклетнага, выпрабаваньні якога плянуецца пачаць ужо ў верасьні. Працуюць над гэтай праблемай таксама брытанскія, японскія, францускія і канадзкія ўстановы, але свае пляны яны пакуль трымаюць у сакрэце.

Тэорыю зьявы, якую назіраў Падклетнаў, распрацавала яшчэ ў 1989 г. Нінь Лі з унівэрсытэту Алабамы (ЗША). Эфэкт яна зьвязвае са здольнасьцю іёнаў звышправадніка паглынаць вялікія колькасьці энэргіі ў пераменным магнітным полі. Пры ўзгодненым руху гэтых іёнаў лякальная зьмена гравітацыйнага поля можа быць зарэгістраваная. А фізык Рэйманд Чао з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі нядаўна апублікаваў сваё тлумачэньне зьявы. Ён лічыць, што пад узьдзеяньнем электрамагнітных хваляў на звышправаднік можа зьяўляцца гравітацыйнае выпраменьваньне, якое й выклікае лякальныя зьмены гравітацыйнага поля. Цяпер ён плянуе экспэрымэнт, каб спраўдзіць сваю тэорыю.

Аднак прафэсар Яўген Таўкачоў, які працуе ў менскім Інстытуце фізыкі НАН, да сэнсацыі ставіцца скептычна. “Над пераадоленьнем сілы гравітацыі біліся многія навукоўцы. У Расеі сваім часам уклалі дзясяткі мільёнаў даляраў у распрацоўку гэтай ідэі. Аднак усё марна. Антыгравітацыя магчымая ў макрасьвеце (для ейнага апісаньня ў фізыцы ёсьць спосабы), але ў мікрасьвеце, на Зямлі, — гэта немагчыма. Калі робяцца заявы, што антыгравітацыя дасягнутая на Зямлі, можна адназначна сказаць, што гэта блеф”.

 

Хуткасьць сьвятла зьмянілася

Хуткасьць сьвятла магла зьменшыцца за мільярды гадоў, што мінулі ад узьнікненьня Сусьвету, паведамляюць аўстралійскія фізыкі. А калі хуткасьць сьвятла непастаянная, дык і Альбэрт Айнштайн памыляўся. І ягоная тэорыя адноснасьці разам са знакамітай роўнасьцю E=mc2 ляціць у сьметніцу.

Фізыкі грунтуюцца на назіраньнях за далёкімі ад Зямлі квазарамі — аб’ектамі, падобнымі да зорак, але ў мільярды разоў ярчэйшымі за іх. У іх спэктры відаць характэрныя палосы, якія пакінулі пэўныя атамы. Аказваецца, што сёньня — напрыклад, у спэктры Сонца — гэтыя самыя атамы пакідаюць трохі іншы сьлед. Могуць быць дзьве прычыны такой анамаліі: альбо ў мінулым хуткасьць сьвятла была большая, альбо зарад электрона быў меншы.

Фізыкі даводзяць, што апошні ня мог зьмяніцца, бо гэта супярэчыла б фундамэнтальным законам існаваньня “чорных дзірак”.

Вэрсія ж пра тое, што ў далёкім мінулым сьвятло мела большую хуткасьць, дазволіла б разьвязаць шэраг касмалягічных загадак. Адна зь іх — дзівоснае падабенства частак космасу, якія пры сёньняшняй хуткасьці сьвятла ня мелі ніякіх магчымасьцяў кантактаваць паміж сабой. А калі паміж імі не было кантактаў, чаму ж яны падобныя, як блізьняты?

Па-другое, калі ўжо мы мусім выцягнуць адну з цаглін з муру тэорыі адноснасьці, дык чаму б не крануць іншых, напрыклад, аксіёмы, што хуткасьць сьвятла нельга перавысіць? Што тады зробіцца? Зьявіцца шанц праляцець праз усю Галяктыку менш чым за 100 тысяч гадоў.

Гаворкі пра зьмену фізычных канстантаў за працяглы час не супярэчаць тэорыі фізыкі. Мы проста ня можам заўважыць гэтыя зьмены, бо яны вельмі павольныя. Калі ўявіць гіганцкі сусьветны гадзіньнік, дык чалавечае жыцьцё будзе вымярацца па сэкунднай стрэлцы, а хуткасьць гэтых зьменаў — па гадзіннай.

 

Дарогаў да Стоўнхенджу ня будзе

Стоўнхендж, капішча бронзавага веку, што месьціцца ў Вялікай Брытаніі, паблізу гораду Солсбэры, належыць да ліку помнікаў гісторыі і культуры сусьветнага значэньня. Аснову яго ўтварае кола стаячых камянёў, якія задаюць напрамкі на пункты небасхілу, зьвязаныя са значнымі астранамічнымі падзеямі, у прыватнасьці, зь летнім сонцаваротам. Мяркуецца, што людзі абжылі гэтыя мясьціны яшчэ 10 тыс. гадоў таму. Сам помнік датуецца 2300 г. да н.э. і, акрамя астранамічнага прызначэньня, выкарыстоўваўся як месца рытуальных пахаваньняў пляменных правадыроў.

Штогод помнік наведваюць 800 тыс. турыстаў з усяго сьвету. Прыхільнікі нэапаганскага руху New Age зьяжджаюцца туды сьвяткаваць летні сонцаварот. Гэта ня можа не адбівацца на стане навакольля Стоўнхенджу. Каб палепшыць сытуацыю і стварыць для наведнікаў больш рамантычныя ўмовы, брытанскі ўрад, як паведаміла агенцтва “Reuters”, распрацаваў плян вяртаньня Стоўнхенджу да жыцьця. Плян прадугледжвае закрыцьцё блізкіх да помніка дарог, а таксама перанос на большую адлегласьць аўтастаянак. Разлогі палёў навокал паспрыяюць узнаўленьню аўры манумэнтальнага спакою гэтага ўнікальнага месца. Гэткія зьмены будуць каштаваць ураду 89 млн. даляраў.

У Беларусі падобных па складанасьці помнікаў пакуль ня выяўлена. Аднак археоляг Эдвард Зайкоўскі дасьледаваў на паўднёвым беразе Янавага возера на Полаччыне збудаваньне зь вялізных абчасаных камянёў, якое, на жаль, да нашага часу захавалася не найлепшым чынам.

 

Балота зьела гарады

Індзейцы мая самі выклікалі сытуацыю, якая прымусіла іх пакінуць вялікія гарады і шукаць новай жыцьцёвай прасторы, — залішні ўплыў на навакольнае асяродзьдзе пазбавіў іх вады. Да такой высновы прыйшла група вучоных пад кіраўніцтвам Нікаласа Данінга і Вэрнана Скарбара з унівэрсытэту гораду Цынцынаці.

Археалягічныя раскопкі праводзіліся ў нізінах сёньняшняе Гватэмалы і Бэлізу. Навукоўцы аналізавалі адклады ў натуральных вапняковых мульдах, так званых “баяс”. Цяпер гэта твань, але яшчэ 2000 гадоў таму на яе месцы былі глыбокія азёры. Паблізу іх аж чатыры тысячы гадоў таму пачалі зьяўляцца гарады мая. А каля 950 г. н.э. жыхары раптоўна пакінулі многія зь іх. Пахаваныя ў джунглях, гарады мая былі наноў адкрытыя толькі ў сярэдзіне XIX ст. Аднак археолягі дагэтуль не знайшлі ніякіх сьлядоў войнаў, эпідэмій ці стыхійных бедзтваў, якія маглі б абгрунтаваць пасьпешлівую міграцыю з гарадоў, дзе сотні гадоў віравала жыцьцё.

На думку амэрыканскіх вучоных, сцэнар быў просты: насельніцтва расло, ворыва пашыралася за кошт лясоў. Гэта паскарала эрозію глебы, дажджы вымывалі зямлю ў азёры, разьмешчаныя ў мульдах. Працэс гэты пачаўся прыблізна ў 400 г. н.э. І за наступныя 600 гадоў баяс з жыцьцядайных азёраў ператварыліся ў балоты.

У гарадах, якія ня зьніклі ў той пэрыяд, археолягі выявілі складаныя сыстэмы зьбіраньня і назапашваньня вады. Пасьля гэтага не зьдзіўляе, што ў той час штучныя вадаёмы зрабіліся неад’емнай часткай ляндшафту многіх новых гарадоў.

“Нашы адкрыцьці — гэта выразная перасьцярога сучасным людзям. Яны паказваюць, наколькі згубныя вынікі зьмяншэньня плошчы трапічных лясоў”, — пішуць навукоўцы, падкрэсьліваючы, што на свае вочы бачылі, як зьмяніўся ляндшафт. На пачатку 90-х, калі вучоныя ўпершыню наведалі паўднёвыя раёны Гватэмалы, лясы займалі тут 80—90% тэрыторыі. Сёньня гэтыя абшары амаль бязьлесныя.

Антрапагенныя крызысы — даволі частая зьява ў гісторыі, мяркуе археоляг Мікола Крывальцэвіч. Яны вядомыя па археалягічных дасьледаваньнях і Амэрыкі, і Эўропы, і Акіяніі. “У Беларусі гэтая зьява не вывучалася: тут патрабуецца шчыльнае супрацоўніцтва археолягаў і эколягаў. А ў Польшчы і Ўкраіне такія дасьледаваньні вяліся. Так, у Польшчы на мяжы IV—ІІІ тысячагодзьдзяў да н.э. былі вынішчаныя лясы на значнай тэрыторыі, і насельніцтва мусіла зьмяніць гаспадарчую стратэгію: заняцца гадаваньнем жывёлы заміж ранейшага земляробства. Туды, дзе людзі не змаглі прыстасавацца да экалягічных зьменаў, прыйшло іншае насельніцтва. Тое самае здарылася і на тэрыторыі Ўкраіны, дзе ў ІІІ тысячагодзьдзі да н.э. зьнікла вядомая трыпольская культура. Я ўпэўнены, што і на тэрыторыі Беларусі падобнае бывала”, — кажа навуковец.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0