Праект захопу неабмежаванай улады. Высновы

Заканчэньне. Пачатак у № 22, 24—28, 30, 31.

Якім чынам абяцаная адмова ад нацыянальнай незалежнасьці і сувэрэнітэту магла спалучацца з умацаваньнем у Беларусі аўтарытарнай сыстэмы кіраваньня? З такога пытаньня пачынаўся гэты аналіз. Каб слушна адказаць на яго ў фінале, варта засумнявацца, ці сапраўды палітыка будаўніцтва расейска-беларускага саюзу вяла да здачы беларускай дзяржаўнасьці. У размовах пра саюз мінула амаль дзесяць гадоў, былі падпісаныя чатыры асноватворныя дамовы, але расейска-беларуская дзяржава існуе пераважна на паперы. Іронія лёсу — працэс палітычнага аб’яднаньня мог бы ісьці куды шпарчэй пры менш амбіцыйным лідэру ў Менску. Справу тармазілі грандыёзны, непрымальны для Расеі канфэдэрацыйны праект, які раскручваў Лукашэнка, і ягоная стаўка на савецкія мэтады кіраваньня эканомікай і палітыкай, што прывялі да разыходжаньня шляхоў посткамуністычнага разьвіцьця дзьвюх дзяржаваў.

Але нельга адмаўляць і відавочнага посьпеху інтэграцыі ў паасобных сфэрах (разам з поўным яе правалам у іншых). Прагрэс быў дасягнуты там, дзе адрозьненьні ў эканамічным, палітычным і грамадзкім ладзе дзьвюх краінаў былі найменшыя, а суладнасьць памкненьняў двух бакоў — найбольшая. Тут крыецца адказ на другое пытаньне, пастаўленае ў гэтым аналізе: якім чынам працэс аб’яднаньня паміж аўтарытарнай Беларусяй і дэмакратызаванай ды рынкавай Расеяй мог спрыяць умацаваньню беларускага рэжыму?

Інтэграцыя як сымптом

Інтэграцыя зь Беларусяй была сапраўдным выпрабаваньнем для расейскіх рэформаў. Яе аналіз дэманструе жывучасьць “бюракратычнага гандлю” і бартэрных пагадненьняў у эканоміцы, брак фінансавай дысцыпліны з боку расейскага фэдэральнага ўраду, завуаляванае сяброўства Расеі з краінамі-ізгоямі, прыхільнасьць вайсковай і палітычнай расейскай эліты да рыторыкі часоў “халоднай вайны”, пагоню расейскіх алігархаў за палітычнай і эканамічнай магутнасьцю, схільнасьць расейскага дзяржаўнага апарату да хабарніцтва і карупцыі. Ажыцьцяўленьне беларуска-расейскай інтэграцыі не было б магчымае бяз грубага ўмяшаньня ў справы бізнэсу многіх расейскіх рэгіянальных лідэраў, чыя схільнасьць да ўсталяваньня міні-аўтакратыяў у сваіх рэгіёнах рабіла іх натуральнымі палітычнымі саюзьнікамі Лукашэнкі.

Дэмакратыя і рынкавая эканоміка ў Расеі яшчэ мала ўмацаваліся, што дазволіла аб’яднаньню прасунуцца настолькі, наколькі палітычныя амбіцыі Лукашэнкі й ягоная ўнутраная палітыка адпавядалі інтарэсам найбуйнейшых палітычных, эканамічных і вайсковых колаў Расеі. Тыя імкнуліся ў абмен на падтрымку беларускага прэзыдэнта атрымаць бясплатны транзыт, доступ да вайсковай інфраструктуры, магчымасьць няблага нажыцца на саюзных праграмах і г.д.

Усюды, дзе адрозьненьні паміж Расеяй і Беларусяй былі выразныя, інтэграцыя спынялася, а яе нарошчваньне пагражала Лукашэнку дэстабілізацыяй створанага ім рэжыму. Так было і са СМІ, і са спробай падзяліць кантроль над уласнасьцю паміж беларускімі ўладамі ды расейскімі алігархамі, і г.д.

Прыход у Крэмль новага лідэра — Уладзімера Пуціна — зрабіў Лукашэнкавы надзеі на большую ролю ў расейскай палітыцы абсалютна нерэалістычнымі. Лукашэнка страціў шанец выйграць выбары прэзыдэнта Саюзнай дзяржавы нават у сваёй краіне. Курс Пуціна на эканамічную лібэралізацыю стаўся сур’ёзным выклікам для “беларускай эканамічнай мадэлі”: ёй давялося прыстасоўвацца да павелічэньня ролі рынкавых мэханізмаў у эканоміцы суседняй дзяржавы (гэта выявілася ў адмове ад бартэру і зьмяншэньні долі “бюракратычнага гандлю”, зьніжэньні падаткаў, больш рэалістычнай грашова-крэдытнай палітыцы і г.д.). Расейскае кіраўніцтва ўжо ня хоча бесьперапынна датаваць Беларусь наўзамен за яе гатоўнасьць быць адзіным палітычным саюзьнікам Масквы. Нарэшце, паварот у расейскай замежнай палітыцы да збліжэньня і супрацоўніцтва з Захадам падарваў значэньне беларускага кіраўніцтва як рупару антызаходняй рыторыкі. Пры захаваньні такіх тэндэнцый зьнікненьне ключавых перадумоваў, што стымулявалі разьвіцьцё расейска-беларускіх адносінаў на працягу 90-х, можа ператварыць “расейскі фактар” з гаранту стабільнасьці ў патэнцыйную крыніцу небясьпекі для асабістай улады Лукашэнкі.

Застаецца высьветліць, ці не прывядуць ужо гэтыя зьмены Беларусь празь нейкі час да страты незалежнасьці? Хачу адразу засьцерагчы, што пытаньне незалежнасьцi для невялікай дзяржавы, шчыльна iнтэграванай у сусьветную эканомiку (хай i зь вялiзным перакосам на карысьць усходняй суседкі), — гэта не пытаньне пазбаўленьня ад замежнага эканамiчнага i палiтычнага ўплыву. У гэтым “максымалiсцкім” трактаваньні сёньня незалежнымi ня ёсьць анi малыя дзяржавы (Літва, Данiя), анi вялiкiя (Расея ці нават Нямеччына). Незалежнасьць у эпоху глябалiзацыi — гэта перадусiм захаваньне iнстытутаў дзяржаўнасьцi, легітымнасьцi прэтэнзii на дзяржаўны сувэрэнiтэт, а таксама здольнасьць самастойна вызначаць стратэгiю iснаваньня, разьвiцьця i адаптацыi собскай краіны ва ўзаемазьвязаным сьвеце.

Шанцаў на лятальны зыход няшмат

Дарма што вынікам “інтэграцыі” сталася канцэнтрацыя ў Расеі палітычных, эканамічных і вайсковых рычагоў уплыву на беларускую палітыку, шанцаў на фармальную страту Беларусяй дзяржаўнасьцi вельмi няшмат. Для гэтага сёньня патрэбны рэфэрэндум у Беларусi, якi Расея, пры цяперашнім стане адносiнаў зь мiжнароднай i перадусім эўраатлянтычнай супольнасьцю, наўрад цi захоча праводзіць па Лукашэнкавым сцэнары. Вядома, Расея здольная, у разе адмысловай патрэбы, парушыць мiжнароднае права i супрацьставiць сябе Захаду зноў. Але колькі за гэта давядзецца заплаціць дзяржаве, якая, нягледзячы на арсэнал ядравай зброi, зьяўляецца краiнай трэцяга сьвету з пункту гледжаньня ўзроўню жыцьця i структуры нацыянальнае эканомiкi? Цi згодзiцца расейская палiтычная й эканамiчная элiта несьцi выдаткі й страты гэтых захадаў? Дый няспынны рост падтрымкі беларускай незалежнасьці і сувэрэнітэту як беларускім грамадзтвам, так і яго палітычнымі ды эканамічнымі элітамі на працягу 90-х робiць малаверагодным адмоўны вынiк такога галасаваньня. Беларускія палітычныя элiты, асабліва тая іх частка, якая гуртуецца вакол Лукашэнкі, заўсёды маюць магчымасьць заблякаваць рэфэрэндум аб iнкарпарацыi. Пытаньне ж аб саюзе дзьвюх дзяржаваў выносiць на рэфэрэндум не выпадае, бо гэты варыянт iнтэграцыi не задавальняе ўжо Расію.

Цяпер адміністрацыя Пуціна на першае месца ў адносінах зь Беларусяй ставіць эканамічныя, а не палітычныя ці геастратэгічныя чыньнікі, тым самым аддаючы перавагу менш відавочнаму, але дзейснаму спосабу абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў. Расея апошнім часам намагаецца кампэнсаваць страту геапалiтычнага ўплыву ў Цэнтральнай Азii пашырэньнем сваёй вагі ў эўрапейскай частцы СНД, прычым ня толькi ў Беларусi, але i ва Ўкраiне. Таму iнкарпарацыя Беларусi ў любой форме будзе азначаць крах шырэйшай расейскай палiтыкi на захадзе СНД. Праглынуўшы Беларусь, расейцы могуць страцiць свае ранейшыя здабыткі i прысьпешыць iнтэграцыю Ўкраіны і Малдовы ў эўраатлянтычную супольнасьць.

Кліентура кліентуры

Беларуска-расейская iнтэграцыя ў эканоміцы зайшла настолькі далёка, што дазваляе Лукашэнкавай Беларусi iснаваць як дзяржаве-клiенту Расеi. Але і апошняя магла дазволiць сабе ўтрымлiваць Беларусь у такiм стане толькi таму, што была дзяржавай-клiентам Захаду! I вось, калi адна клiентура фактычна сканала пасьля 17 жнiўня 1998 г. (цяпер Расея мусiла жыць па сродках, што няблага адбiлася на ейным эканамiчным становiшчы), дык i другая клiентура мусiла зьнiкнуць.

Наступствы павелiчэньня ўплыву расейскага капiталу на Беларусь, з прыватызацыяй беларускай прамысловасьці ўключна, спрагназаваць пакуль цяжка, таксама як і патэнцыйны аб’ём пранікненьня расейскага капіталу ў Беларусь. Верагоднасьць таго, што частка беларускай эканомiкi, якой ён завалодае, будзе проста “выключаная зь яе кантэксту” i пераведзеная ў стан самадастатковага сэктару, якому, дзеля атрыманьня супэрпрыбытку, створаць цяплічныя ўмовы, мізэрная. Каб такое было магчыма (i гэта паказвае досьвед краiнаў трэцяга сьвету, дзе замежныя карпарацыi калiсьцi iснавалi ў такiх “цяпліцах”), патрэбны вялiкi i замкнёны ўнутраны рынак збыту: анi першага, анi другога ў Беларусi няма. Досьвед уваходжаньня кампанii “Балтыка” на беларускi рынак “пад гарантыi прэзыдэнта” ўжо засьведчыў цану гэтых гарантыяў i прадэманстраваў патэнцыйную рызыку iнвэставаньня ў Беларусь. Нават пры палiтычнай падтрымцы Крамля без стварэньня элемэнтарных базавых рынкавых перадумоваў каналы расейскага капiталу застаюцца вельмі вузкімі. А гэта значыць, што зноў будзе ўзьнятае пытаньне аб рэфармаваньнi беларускай эканомiкi. Калi Лукашэнка ня здолее цi не захоча правесьцi рэформы, зь цягам часу перад Беларусяй устане пытаньне не мадэрнiзацыi, а замены яе тэхнiчна-iндустрыйнай базы, якая цяпер мэтадычна “праядаецца” для забесьпячэньня кароткатэрмiновай палiтычнай стабiльнасьцi (у 2000 г. пры ўзроўнi вытворчасьцi ў памеры 100,8% да 1990 г. узровень iнвэстыцыяў ледзь дасягнуў 44% ад узроўню 1990 г.). А такая “замена”, як паказвае досьвед пераходных эканомiк, узмацняе ролю транснацыянальных карпарацыяў, а не тутэйшых алiгархаў.

Трэцяга шляху ня будзе

Калі гіпатэтычна ўявіць, што правiлы гульнi такi зьменяцца i расейскiя iнвэстыцыi прыйдуць пры Лукашэнку, то, хутчэй за ўсё, само рэфармаваньне эканомiкi выкліча працэс эканамічнай дэзінтэграцыі. Лёгіка тут простая: як я стараўся паказаць, інтэграцыя найлепш ішла паміж гэтак званымі нярынкавымі сэктарамі ў расейскай і беларускай эканоміцы. Выглядае, што запачаткаваньне эканамічных рэформаў у Беларусі непазьбежна прывядзе да стану на пачатак-сярэдзіну 1990-х, калі гандлёвыя сувязі з Расеяй былі ўжо амаль збалянсаваныя сувязямі з Захадам. Ужо цяпер Беларусi патрабуюцца заходнiя iнвэстыцыi, каб быць канкурэнтаздольнай нават на расейскiм рынку, таксама як расейцам патрабуецца заходнi капiтал, каб утрымацца на сваiм уласным. Дарэчы, ня варта забывацца, што некаторыя з расейскiх кампанiяў, якiя спрабуюць цi спрабавалi iнвэставаць у Беларусь, насамрэч кантралююцца заходнiмi iнвэстарамi. Гэтая праблема набудзе яшчэ большую актуальнасьць пасьля ўступленьня Расеi ў Сусьветную гандлёвую арганiзацыю, што паставiць шэраг яе прамысловых сэктараў ва ўмовы мiжнароднай канкурэнцыi.

Падсумоўваючы, можна канстатаваць, што прыход расейскага капiталу ў Беларусь ня дасьць анi палiтычнага, анi эканамiчнага адказу на выклiкi глябалiзацыi. Таму гэты прыход я б разглядаў акурат як выклiк, а не як пагрозу. Для малой краiны i адкрытай эканомiкi адзіны адказ на аднабаковую залежнасьць — гэта “дывэрсыфiкацыя залежнасьцi”. Гэта значыць, што ў будучым адзiнае, што можа рэальна зьменшыць патэнцыял трансфармацыi эканамiчнага ўплыву ў шчыльнейшую палiтычную залежнасьць, — гэта паступовае наладжваньне гандлёвых, iнвэстыцыйных i да т.п. сувязяў з разьвiтымi заходнiмi эканомiкамi. “Трэцяга шляху” для Беларусі няма і ня будзе.

Віталь Сіліцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0